Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія зафіксавала рэкордную за апошні месяц колькасьць спробаў незаконнага пранікненьня зь Беларусі


Латвійскі памежнік на мяжы зь Беларусьсю
Латвійскі памежнік на мяжы зь Беларусьсю

123 мігранта 3 чэрвеня спрабавалі незаконна трапіць у Латвію, паведаміла Дзяржаўная памежная ахова краіны.

Пра гэта сьведчыць праведзены «Позіркам» параўнальны аналіз яе апэратыўных зьвестак.

Больш да гэтага было 3 траўня — 130. Затым іх колькасьць вагалася ад 32 да 106.

З пачатку чэрвеня Латвія спыніла 256 спробаў нелегальнага пераходу мяжы зь беларускай тэрыторыі.

Агулам з пачатку году латвійскія службы папярэдзілі каля 4,5 тысячы спробаў. Гэта ўдвая больш, чым за аналягічны леташні пэрыяд.

  • Літва спыніла 37 спробаў з пачатку чэрвеня і 837 — з пачатку студзеня, (гэта недзе ў чатыры разы болей, чым годам раней).
  • Польшча — 476 і 10 707 (гэта крыху менш, чым летась).

Сумарна суседнія краіны за першыя тры дні чэрвеня 2025 году зафіксавалі 769 спробаў незаконнага пранікненьня на сваю тэрыторыю зь Беларусі. З пачатку году — 16 038.

Мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.

Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Эўрасаюз празь Беларусь, бо іх туды «паклікалі».

Паводле Памежнага камітэту Беларусі, з 2021 году на мяжы з Эўразьвязам загінулі 74 ўцекачы. Паводле дакладу гуманітарных арганізацыі, паводле стану на сакавік 2024 году было вядома 116 пацьверджаных выпадкаў сьмерці мігрантаў, якія ішлі зь Беларусі, і з таго часу гэтая лічба вырасла. Толькі за травень беларускія памежнікі паведамілі пра 6 памерлых мігрантаў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG