Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка дагэтуль не правёў Усебеларускі народны сход і ня выступіў перад дэпутатамі? Адказвае Валер Карбалевіч


Лукашэнка выступае на леташнім Усебеларускім народным сходзе. Менск, 25 красавіка 2024 году
Лукашэнка выступае на леташнім Усебеларускім народным сходзе. Менск, 25 красавіка 2024 году

На паседжаньні прэзыдыюму Ўсебеларускага народнага сходу (УНС) 12 лютага было аб’яўлена, што ён мае прайсьці ў красавіку. Ужо надышоў чэрвень, а сходу няма. Імаверная прычына — вялікая няпэўнасьць Аляксандра Лукашэнкі ў многіх пытаньнях, якія патрабуюць адказу.

Сьцісла:

  • У сыстэме, дзе ўсё залежыць ад волі аднаго чалавека, ніякія ранейшыя рашэньні ня маюць значэньня.
  • Традыцыйна Лукашэнка выступаў у Палаце прадстаўнікоў з пасланьнем у красавіку–траўні. Аднак з 2020 году звыклая традыцыя зламалася — краіна ўступіла ў пэрыяд нестабільнасьці.
  • Дэфіцыт працоўных рэсурсаў, праблемы расейскай эканомікі становяцца рэальным абмежавальнікамі эканамічнага росту Беларусі.
  • На парадку дня моцнае перафарматаваньне сыстэмы рэгіянальнай бясьпекі, у якой месца Беларусі невядомае.


Рашэньне прэзыдыюму УНС ня выканана

Паводле новай Канстытуцыі, паседжаньні Ўсебеларускага народнага сходу (УНС) павінны праходзіць раз на год. Летась гэты форум прайшоў у красавіку.

Чакалася, што сёлета УНС пройдзе напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Бо адна з функцыяў, закладзеная ў саму задуму інстытуцыі, — гэта дапамога Аляксандру Лукашэнку выйграць электаральную кампанію. Некалькі разоў Усебеларускія народныя сходы праводзілі акурат напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, яны былі складовай часткай перадвыбарнай кампаніі Лукашэнкі. УНС выконвалі ролю галоўнай перадвыбарнай піяр-акцыі, былі кульмінацыяй і вянком агітацыйнай кампаніі Лукашэнкі, разглядаліся як усенароднае дабраславеньне яго на цараваньне.

Здавалася б, сёлета нішто не перашкаджала Лукашэнку зрабіць УНС фіналам перадвыбарчай кампаніі, правесьці яго ў студзені замест канцэрту «Маратон адзінства». Аднак Лукашэнка вырашыў, што падпорка ў выглядзе гэтага сходу яму цяпер мала што дасьць.

12 лютага адбылося паседжаньне прэзыдыюму Усебеларускага народнага сходу. Абмяркоўвалі тэрмін правядзеньня і парадак дня сёлетняга УНС. Лукашэнка аб’явіў, што сход мае прайсьці ў красавіку. На ім быў прадугледжаны выступ Лукашэнкі з пасланьнем. Таксама прэм’ер-міністар меў зрабіць справаздачу аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны, а таксама акрэсьліць контуры стратэгіі такой праграмы на наступную пяцігодку. У дадатак меркавалася зацьвердзіць чальцоў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў. Адпаведныя рашэньні прыняў прэзыдыюм УНС.

Прайшоў красавік, травень, пачаўся чэрвень, а паседжаньня УНС няма. І ніхто нічога не тлумачыць. Хоць папраўдзе ніхто і не задае адпаведных пытаньняў. У сыстэме, дзе ўсё залежыць ад волі аднаго чалавека — кіраўніка дзяржавы, ніякія ранейшыя рашэньні, тым больш заявы і абяцаньні, ня маюць значэньня.

29 траўня падчас нарады з кіраўніцтвам Савету Міністраў Лукашэнка заявіў: «Налета беларусам прадставяць праект праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця. Ён будзе разгледжаны на Ўсебеларускім народным сходзе». Маецца на ўвазе праграма на пяцігодку (2026–2030 гг.). Ці вынікае з гэтага, што УНС пройдзе толькі ў наступным годзе, незразумела.

Выступы з пасланьнем. Збой праграмы

Традыцыйна Лукашэнка выступаў у Палаце прадстаўнікоў з пасланьнем у красавіку–траўні. Так было цягам чвэрці стагодзьдзя ягонага кіраваньня. І гэта было важнай вонкавай прыкметай стабільнасьці. У 2020 г. альгарытм зьбіўся. У тым годзе ён выступіў з пасланьнем 4 жніўня, перад прэзыдэнцкімі выбарамі. У наступным, 2021-м, пасланьня ўвогуле не было. У 2022-м пасланьне агучана 28 студзеня. Сам факт таго, што звыклая традыцыя выступу Лукашэнкі перад дэпутатамі сапсавалася, сьведчыў пра ўступленьне краіны ў пэрыяд нестабільнасьці.

У 2023 годзе Лукашэнка выступіў з пасланьнем 31 сакавіка, у 2024-м — на паседжаньні УНС 24 красавіка. Здавалася б, рэжым вяртаецца да стабільнасьці, хоць бачная новая традыцыя: выступ з пасланьнем адбываецца не ў Палаце прадстаўнікоў, а на УНС.

І вось зноў збой праграмы. З чым ён зьвязаны?

Магчыма, ёсьць працэдурна-тэхнічныя моманты. Зацьверджаны ў лютым парадак дня УНС прадугледжваў выступ прэмʼер-міністра з справаздачай аб праведзенай рабоце і выкананьні праграмаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця. Але кіраўнік ураду Аляксандр Турчын быў прызначаны на сваю пасаду 10 сакавіка. Калі б УНС прайшоў, паводле прынятага рашэньня, у красавіку, то атрымоўвалася, што прэм’еру давялося б справаздачыцца ўсяго за месяц працы. Да таго ж, падобна, контуры праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны на наступную пяцігодку яшчэ не распрацаваныя.

Няпэўнасьць, выклікі без адказу

Але, як можна меркаваць, галоўная прычына зьнікненьня паседжаньня УНС і пасланьня Лукашэнкі з палітычнага парадку дня зьвязаная не з працэдурнымі момантамі.

Рызыкну зрабіць выснову, што Лукашэнка зазнае вялікую няпэўнасьць, нявызначанасьць у многіх пытаньнях, якія патрабуюць адказу. Ёсьць шмат выклікаў, на якія ён ня ведае, як рэагаваць.

Найперш гэта эканамічныя праблемы. Невыпадкова Лукашэнка паўтарае, што будзе «няпросты год».

Дэфіцыт працоўных рэсурсаў робіцца рэальным абмежавальнікам росту эканомікі. Дзеля ўтрыманьня ўлады рэжыму давялося выштурхнуць за мяжу сотні тысяч людзей. Спробы замяніць іх «дармаедамі» ці іншаземцамі пакуль не даюць плёну. Хутчэй наадварот: заява пра прывоз сюды 150 тысяч пакістанцаў выклікала ў беларусаў неразуменьне.

Праблемы ў расейскай эканоміцы нэгатыўна адбіваюцца на Беларусі. Нафтаперапрацоўка працуе з стратамі. Барацьба з цэнамі вылілася ў дэфіцыт бульбы і іншых харчовых прадуктаў. Не ад добрага жыцьця чыняць чарговы «наезд» на бізнэс, бо ўладам патрэбныя грошы.

Моцна б’юць па эканоміцы заходнія санкцыі. Пляны росту экспарту ў краіны „глябальнага Поўдня“ не рэалізуюцца.

У замежнай палітыцы шмат невядомага. Тупік у адносінах з Захадам. Спробы заключыць «угоду» з новай адміністрацыяй ЗША на чале з Дональдам Трампам пакуль ні да чога не прывялі.

Нічога не зразумела наконт вайны ва Ўкраіне. Перамовы адбываюцца падчас рэзкага абвастрэньня баявых дзеяньняў. На парадку дня моцнае перафарматаваньне сыстэмы рэгіянальнай бясьпекі, у якой месца Беларусі невядомае. Прычым Менск не дапускаюць да абмеркаваньня пытаньняў пасьляваеннага сьвету, хоць Лукашэнка ўвесь час імкнецца ўплішчыцца ў перамоўны працэс з сваімі міратворчымі заявамі.

Таксама, магчыма, Лукашэнка хацеў бы нейкай пэўнасьці ў адносінах з Кітаем. І ў гэтым кірунку назапасіліся праблемы. Анансаваны яшчэ напачатку году візыт у Пэкін усё адкладваўся. Толькі цяпер, у чэрвені, Лукашэнка змог дабрацца да кітайскай сталіцы.

Можна дапусьціць, што Лукашэнка палічыў: калі няма пэўнасьці ў шмат якіх пытаньнях, то лепш пачакаць з рытуальным сходам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG