17 траўня ў Парыжы адбылася прэзэнтацыя сумеснай беларуска-расейскай намінацыі ў сьпіс сусьветнай спадчыны UNESCO. Назвалі намінацыю «Мэмарыялы героям Вялікай Айчыннай вайны: Берасьцейская крэпасьць і Мамаеў курган». Паводле аўтараў ідэі, абодва комплексы заслугоўваюць таго, каб папоўніць сьпіс. На прэзэнтацыі зачыталі ліст міністра культуры Беларусі Руслана Чарнецкага, у якім ён падкрэсьліў неабходнасьць вынесьці ўшанаваньне памяці пра Вялікую Айчынную вайну на новы ўзровень.
Спроба дамагчыся уключэньня Берасьцейскай крэпасьці ў сьпіс сусьветнай спадчыны UNESCO ня першая. Берасьцейская крэпасьць ужо была ў так званым папярэднім сьпісе, аб'екты зь якога потым маюць зацьвярджаць у афіцыйным сьпісе. Але з папярэдняга сьпісу яе выключылі ў 2004 годзе (у 2024 унесьлі наноў з ініцыятывы Расеі).
Новыя беларуска-расейскія намаганьні носяць хутчэй ідэалягічны характар, чым культурны, мяркуе сьпікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан, які з 2012 па 2017 гады працаваў у музэі Берасьцейскай крэпасьці, а з 2017 па 2020 быў супрацоўнікам Берасьцейскага аблвыканкаму, дзе ў ягоныя абавязкі ўваходзіла праца з аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны. Арцём Брухан кажа, што, працуючы ў Берасьцейскім аблвыканкаме, быў адным з тых, хто пісаў дакладную аб неабходнасьці выключыць Берасьцейскую крэпасьць з папярэдняга сьпісу спадчыны UNESCO.
Прапаганда вайны
«Шанцаў унесьці крэпасьць у асноўны сьпіс няма, — кажа Брухан. — Узровень захаваньня памяці пра вайну забясьпечвае рэжым унутры краіны. Выносіць гэта як сусьветную спадчыну — няма ў гэтым вялікага сэнсу. Калі я працаваў, то прапаноўваў іначай, магчыма, зрабіць. Берасьцейская крэпасьць — вельмі цікавы аб’ект фартыфікацыі. Гэта аб’ект, зьвязаны з інжынэрным майстэрствам. Мая ідэя была уключыць яе ў сьпіс як трансьмежавы інжынэрны аб’ект. Бо фарты крэпасьці разьмяшчаюцца таксама на сучаснай тэрыторыі Польшчы».
Як дадае Арцём Брухан, у выніку такую канцэпцыю не прынялі, а пасьля 2020 году усё вярнулася да старой спробы, ад пачатку пройгрышнай.
«Я вельмі добра разумею, як працэс уключэньня ў папярэдні сьпіс сусьветнай спадчыны працуе і чаму практычна няма пэрспэктывы ўнясеньня мэмарыяльнага комплексу „Брэсцкая крэпасьць-герой“ як аб’екту, зьвязанага з захаваньнем памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, у асноўны сьпіс UNESCO, — кажа Брухан. — Бо UNESCO ня ўносіць туды аб’екты, зьвязаныя з вайной. Вельмі малы шанец таго, што такі аб’ект можа быць уключаны ў такі сьпіс. Гэта часта разглядаецца як прапаганда вайны або як нешта, зьвязанае з гвалтам. У гэты сьпіс уносяць рэчы больш гуманістычнага характару».
З словаў суразмоўцы, і прэзэнтацыя ў Парыжы, і розгалас у дзяржаўных беларускіх і расейскіх СМІ маюць зусім іншую мэту.
«Яны зараз спрабуюць зрабіць такую палітычную інтэрвэнцыю ў UNESCO, — мяркуе Арцём Брухан. — Чыноўнікі вельмі добра разумеюць, што Берасьцейская крэпасьць і Мамаеў курган — гэта аб’екты, зьвязаныя з баявымі дзеяньнямі. І што UNESCO ня ўключыць іх у сьпіс помнікаў сусьветнай спадчыны. І будзе вымушана адмовіць. Тады можна будзе сказаць — вось глядзіце, яны фашысты. Яны ня хочуць у Эўропе ўшаноўваць памяць нашых герояў».
Драўляныя цэрквы і самы перспектыўны аб’ект
З словаў Арцёма Брухана, Берасьцейскую крэпасьць наведваюць у асноўным турысты з Расеі, аднак сустракаюцца групы і зь іншых краін. Да падзеяў 2022 году прыяжджалі ўкраінцы, былі групы польскія і нават з Аўстраліі.
«Унясеньне ў сьпіс сусьветнай спадчыны — гэта больш іміджавая рэч, — гаворыць Арцём Брухан. — Бо калі нешта ўнясуць у сьпіс UNESCO, гэта моцна ўскладняе любую працу на аб’екце. Там слуп нейкі паставіць — трэба будзе сто тысяч узгадненьняў. Але гэта, вядома, прэстыжна. Гэта падвышае статус дзяржавы, турысты зь іншых краін будуць ехаць. Грошы з UNESCO могуць вылучацца на захаваньне аб’екту».
Цяпер у папярэднім сьпісе помнікаў сусьветнай спадчыны, адкуль аб’екты могуць у выніку трапіць у асноўны сьпіс, — шэсьць беларускіх пазыцыяў. Акрамя Берасьцейскай крэпасьці, гэта Аўгустоўскі канал, Спаса-Праабражэнская царква і Сафійскі сабор у Полацку, Калоская царква ў Горадні, культавыя збудаваньні абарончага тыпу (цэрквы ў Мураванцы / Малым Мажэйкаве і Сынковічах, касьцёл ў Камаях), а таксама драўляныя цэрквы Палесься.
«Шансаў пралабіяваць гэтыя цэрквы сапраўды нашмат больш, — гаворыць Арцём Брухан. — Бо яны не зьвязаныя з вайной, гэта драўлянае дойлідзтва. Пэрспэктыва была, але было вельмі цяжка працаваць. Бо гэтыя цэрквы належаць да праваслаўнай царквы і імі фактычна кіруюць мясцовыя сьвятары. І яны не хацелі, каб цэрквы ўносілі ў сьпіс. Яны казалі: „Навошта нам гэтыя ўскладненьні? Будуць тут усе езьдзіць, правяраць. Навошта нам гэта? Шыбу ў вакне не паставіш“. Мясцовыя ўлады нешта спрабавалі рабіць, дакумэнтацыю рыхтаваць, але ўсё заглухла».
Зараз у сьпісе сусьветных помнікаў UNESCO чатыры аб’екты, якія цалкам або часткова знаходзяцца на тэрыторыі краіны. Гэта Нясьвіскі і Мірскі замкі, Белавеская пушча і аб’екты геадэзічнай «Дугі Струвэ». З словаў Арцёма Брухана, у краіне існуе яшчэ як мінімум адзін аб’ект, які беларускія чыноўнікі маглі б прапаноўваць у сьпіс UNESCO замест Берасьцейскай крэпасьці і які мае значна большыя шанцы туды трапіць. Пакуль жа яго няма нават у папярэднім сьпісе.
«Мне ў гэтым сэнсе вельмі падабаецца музэй „Берасьце“, — кажа Арцём Брухан. — Вось гэта сапраўды цікавая рэч. Тут ёсьць маштаб. Выкапалі з-пад зямлі драўляны стары горад, які захаваўся. Гэта ўнікальная рэч. Я такіх музэяў у такім стане захаванасьці, як „Берасьце“, не сустракаў. Ёсць падобны музэй у Татарстане, але там зусім іншая захаванасьць, нашмат слабейшая. Зь „Берасьцем“ можна падумаць, яно магло б быць нашам новым аб’ектам у сьпісе сусьветнай спадчыны».
Форум