Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Пэкіне абмяркоўвае мадэрнізацыю беларускай эканомікі на аснове кітайскіх тэхналёгіяў


Аляксандр Лукашэнка ў аэрапорце Пэкіну, 2 чэрвеня 2025 году
Аляксандр Лукашэнка ў аэрапорце Пэкіну, 2 чэрвеня 2025 году

Аляксандр Лукашэнка 3 чэрвеня падчас візыту ў Кітай сустрэўся з прадстаўнікамі кітайскіх дзелавых колаў, перадае БЕЛТА.

Дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА перадае заяву Аляксандра Лукашэнкі на гэтай сустрэчы:

«Заўтра мы сустракаемся з Старшынём КНР Сі Цзіньпінам, і адно з асноўных пытаньняў — гэта машынабудаўнічая галіна і тэхналягічная мадэрнізацыя асобных кірункаў прамысловасьці ў Беларусі. Я гэта сказаў таму, каб вы разумелі, — гэта ня мне належыць цудоўная ідэя, якая вельмі патрэбна нашай эканоміцы сёньня. Гэта ідэя Старшыні КНР, які, і ў Кітаі і ў сьвеце гэта ведаюць, накіраваны на навукова-тэхнічную, скажам нават, рэвалюцыю ў машынабудаваньні».

Лукашэнка падзякаваў кіраўніку КНР, якога ён назваў «сваім даўнім сябрам і калегам», за тое, што той падключыў Беларусь да прамысловай мадэрнізацыі.

2 чэрвеня амбасадар Беларусі ў Кітаі Аляксандар Чарвякоў расказаў БЕЛТА, пра што ідзе мова падчас візыту Лукашэнкі ў Пэкін:

«Выразна абазначаны ключавы вэктар — гэта мадэрнізацыя нашай эканомікі на аснове кітайскіх тэхналёгіяў. Гэты імпульс у далейшым атрымаў разьвіцьцё ў падпісаных ключавых дакумэнтах паміж нашымі прамысловымі міністэрствамі, дзе была вызначана стратэгія разьвіцьця прамысловага комплексу на бліжэйшую пяцігодку. Таксама абазначаны важнейшыя праекты разьвіцьця двухбаковага супрацоўніцтва ў машынабудаваньні, дрэваапрацоўцы, хімічнай прамысловасьці», — расказаў амбасадар.

У цэлым ідзецца аб сумеснай працы дзеля фармаваньня эканомікі інавацыяў і ведаў, сказаў Чарвякоў:

«Сёньня Кітай выбраў стратэгію разьвіцьця прадукцыйных сілаў новай якасьці. Яны заснаваныя на інавацыях, лічбавых плятформах. Такім чынам, грунтуючыся на кітайскіх тэхналёгіях, мы тым самым пераносім гэтыя інавацыйныя падыходы і ў сваю эканоміку. Кітайскі бок усяляк падтрымлівае нашыя ініцыятывы, і мы бачым іх адкрытасьць у доступу і пошуку новых кірункаў. Мы працуем ня толькі ў галіне прамысловасьці, але і ў адукацыі, мэдыцыне, лягістыцы і гэтак далей».

23 траўня адзін з кіраўнікоў ураду Кітаю, віцэ-прэм’ер Лю Гочжун пабываў зь візытам у Беларусі і сустракаўся з Лукашэнкам.

Лукашэнка тады заявіў, што Беларусь — надзейны сябра Кітаю і кітайскага народу:

«Ня толькі таму, што гэта складаны час і ён ня просты для нашай эканомікі найперш. А таму, што мы з вамі ўжо ня першае дзесяцігодзьдзе выстройваем адкрытыя сяброўскія стасункі».

Лю Гочжун старшыняваў на шостым пасяджэньні Кітайска-беларускага міжурадавага камітэту супрацы, якое парйшло ў 22 траўня.

Беларуска-кітайскі міжурадавы камітэт супрацы створаны ў 2014 годзе, яго паседжаньні праводзяць раз на два гады. Пазамінулае паседжаньне прайшло ў Пэкіне, там ад Беларусі быў першы намесьнік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў.

Лукашэнка праводзіць візыт у КНР 2–4 чэрвеня, паведаміла яго адміністрацыя. 4 чэрвеня ён сустрэнецца з кіраўніком КНР Сі Цзіньпінам.

Лукашэнка апошні раз наведваў Кітай у сьнежні 2023 году.

Беларусь мае дэфіцыт у гандлі з КНР

Паводле кітайскай мытні, прафіцыт гандлю КНР зь Беларусьсю ў 2024 годзе вырас да 4,77 мільярда даляраў, або на 47,6% у параўнаньні з папярэднім годам, прычым экспарт аўтамабіляў, лічбавых тэлевізараў і пральных машын з КНР значна перавысіў кітайскія закупкі беларускіх тавараў, у тым ліку сельскагаспадарчых угнаеньняў, піша Reuters.

  • Беларусь апошнім часам актыўна разьвівае палітычныя і эканамічныя адносіны з камуністычным Кітаем, удзельнічае ў сумесных праектах, пад Менскам дзейнічае кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень».
  • Кітай падтрымлівае ўлады Беларусі ў структурах ААН, у тым ліку ў Радзе правоў чалавека, дзе галасуе супраць рэзалюцыяў у падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.
  • Паводле МЗС Беларусі, актыўна разьвіваецца партнэрства з КНР у сфэры бясьпекі, вайсковага і вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва. У вайсковай сфэры адбываюцца рэгулярныя візыты, сумесныя манэўры.
  • У 2021 годзе ўлады Беларусі прынялі дырэктыву «Аб разьвіцьці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG