Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 4 чэрвеня падпісаў указ аб аднаўленьні забароны на ўезд у ЗША грамадзянам 12 краін, у тым ліку Афганістану і Ірану, уведзенай падчас яго першага тэрміну. Ён загадаў ўвесьці ўказ у дзеяньне з наступнага тыдня.
Трамп заявіў, што забарона на паездкі неабходная для абароны амэрыканцаў ад тэрарыстычных нападаў, такіх як напад 1 чэрвеня ў Калярада, калі, з словаў уладаў, групу людзей, што дэманстравалі падтрымку ізраільскім закладнікам, якіх трымае ХАМАС, атакаваў грамадзянін Эгіпту.
«Нядаўні тэракт у Боўлдэры, штат Калярада, падкрэсьліў надзвычайную небясьпеку, якую нясе нашай краіне ўезд замежных грамадзян без належнай праверкі, а таксама тых, што прыяжджаюць сюды як часовыя наведнікі і пратэрміноўваюць час дзеяньня сваіх візаў. Мы ня хочам іх бачыць», — сказаў Трамп у відэазвароце.
Паводле паліцыі, падазраваны ў нападзе ў Калярада Мухамэд Сабры Суліман кідаў запальныя бомбы і распыляў запалены бэнзін у групу людзей. Пятнаццаць чалавек атрымалі раненьні. Чыноўнікі Службы ўнутранай бясьпекі ЗША заявілі, што Саліман знаходзіўся ў краіне нелегальна пасьля пратэрмінаваньня часу знаходжаньня адпаведна турыстычнай візе.
Трамп параўнаў новую забарону на паездкі з «магутнымі абмежаваньнямі на паездкі», якія ён увёў для шэрагу пераважна мусульманскіх краін у 2017 годзе. Ён ахарактарызаваў гэтыя дзеяньні як адну з самых пасьпяховых палітычных мераў свайго першага тэрміну і падкрэсьліў іх ключавую ролю ў перадухіленьні буйных замежных тэрарыстычных нападаў на тэрыторыі ЗША, спасылаючыся пры гэтым на тэракты, якія адбыліся ў Эўропе ў апошнія гады.
Акрамя Афганістану і Ірану, новая забарона на ўезд распаўсюджваецца на М’янму, Чад, Рэспубліку Конга, Экватарыяльную Гвінэю, Эрытрэю, Гаіці, Лібію, Самалі, Судан і Емэн.
Забарона ўступае ў сілу а 00:01 вашынгтонскага часу 9 чэрвеня.
Нягледзячы на тое, што абмежаваньне не стасуецца падарожнікаў з Эгіпту, Трамп заявіў, што ў «сьвятле нядаўніх падзеяў» ён загадаў дзяржаўнаму сакратару паінфармаваць яго аб аглядзе практыкі і працэдураў Эгіпту, «каб пацьвердзіць адэкватнасьць яго бягучых магчымасьцяў адбору і праверкі».
У дадатак будуць узмоцненыя абмежаваньні для наведнікаў з Бурундзі, Кубы, Лаосу, Сьера-Леонэ, Тога, Туркмэністану і Вэнэсуэлы, гаворыцца ў заяве.