«Вось і ўсё. Няма ў мяне больш брата. Саша адышоў у лепшы сьвет ва ўзросьце 46 гадоў», — напісала ў фэйсбуку былая палітзьняволеная Вольга Класкоўская.
Вольга дадала, што, хутчэй за ўсё, прычынай стаў сардэчны прыступ, цела каля дому знайшлі суседзі, цяпер праводзяць экспэртызу.
«Усіх падрабязнасьцяў ня ведаем. Хацелася б дужа пахаваць яго ў Беларусі, але ня ведаю, ці гэта рэалістычна», — напісала Вольга Класкоўская.
Аляксандр Класкоўскі (малодшы) нарадзіўся 26 верасьня 1978 году ў сям’і вядомых беларускіх журналістаў Аляксандра і Людмілы Класкоўскіх.
У 1999 годзе паступіў на службу ў ДАІ Ленінскага раёну Менску, быў інспэктарам ДПС. У 2005 годзе вымушана пакінуў МУС у званьні лейтэнанта міліцыі.
Апрануўшыся ў міліцэйскую форму, браў удзел у акцыі пратэсту ў Менску супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году. Затрымалі яго ў ноч на 21 сьнежня, абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх.
26 траўня 2011 году судзьдзя Ленінскага раёну Менску Людміла Грачова асудзіла яго на 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў шклоўскай калёніі № 17. Вызвалены праз памілаваньне.
Форум