Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі рэглямэнтавалі працэдуру выкарыстаньня паліграфу. Абяцаюць выконваць правы чалавека


Генэральная пракуратура Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Генэральная пракуратура Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

У парадку вызначылі шэсьць мэтаў, зь якімі можа праводзіцца «апытаньне з выкарыстаньнем паліграфу», але пяць зь іх засакрэцілі.

Генэральная пракуратура Беларусі сваім загадам зацьвердзіла інструкцыю аб парадку правядзеньня «апытаньня з выкарыстаньнем тэхнічных сродкаў (паліграфу) у пракуратуры».

Адпаведны загад, зацьверджаны яшчэ 20 сьнежня 2023 году, 17 траўня апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі.

У інструкцыі вызначаны прынцыпы, на якіх будзе базавацца выкарыстаньне паліграфу. Сярод іх — выкананьне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, законнасьць, гуманнасьць, навуковасьць, канфідэнцыйнасьць, адсутнасьць небясьпекі для здароўя, недапушчальнасьць прыніжэньня годнасьці і выкарыстаньня пагроз і гвалту.

У парадку вызначана шэсьць мэтаў, зь якімі можа праводзіцца «апытаньне з выкарыстаньнем паліграфу», у тым ліку для «выяўленьня наяўнасьці (адсутнасьці) абставінаў і фактаў, якія перашкаджаюць прыёму на службу ў пракуратуру. Іншыя пяць мэтаў засакрэцілі: у дакумэнце іх пазначылі заўвагай «для службовага карыстаньня».

Дакумэнт прадугледжвае магчымасьць адмовы чалавека ад праходжаньня паліграфу. Адзначаецца, што адмова «не зьяўляецца падставай для прыняцьця захадаў, якія ўшчамляюць правы, законныя інтарэсы, прадугледжаныя заканадаўствам, і не зьяўляецца сьведчаньнем утойваньня інфармацыі».

Згодна з парадкам, апытаньне пры дапамозе паліграфу ня можа праводзіцца больш за 2 гадзіны безь перапынку і больш за 6 гадзін цягам содняў, а ў начны час (з 22:00 да 6:00) можа праводзіцца толькі ў выключных выпадках. Але гэтых «выключных выпадкаў» не канкрэтызавалі.

Дакумэнт вызначае, што паліграф не выкарыстоўваецца пры допыце непаўналетніх асобаў, цяжарных жанчын, хворых на псыхічныя разлады, у час абвастрэньняў захворваньняў сардэчна-сасудзістай або дыхальнай сыстэмы, алькагольнага ці наркатычнага ап’яненьня, пры наяўнасьці вострых адчуваньняў болю і пры крайняй ступені стомленасьці ці рэзка выяўленага зьнясіленьня.

Паліграфоляг можа самастойна ўхваліць рашэньне аб магчымасьці апытаньня з паліграфам грамадзян, якія ўжываюць лекі, або асобаў старэйшых за 65 гадоў.

Сёлета ў Беларусі распаўсюдзілі абавязковасьць праходжаньня паліграфу на абітурыентаў, якіх мэтава накіроўваюць на атрыманьне вышэйшай адукацыі для далейшай службы ў Сьледчым камітэце, а таксама пры прыёме на дыпляматычную службу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG