Дывэрсія ў гарадзкім пасёлку Мачулішчы пад Менскам адбылася 26 лютага 2023 году. На вайсковым аэрадроме прагучалі два выбухі. З дапамогай дронаў падарвалі і вывелі са строю расейскі самалёт далёкай выведкі ДРЛВ-50. Мяркуецца, што яго выкарыстоўвалі для навядзеньня расейскіх ракет на цэлі ва Ўкраіне.
КДБ арганізаваў апэрацыю, каб выкрыць «дывэрсантаў». Пад «зачыстку» трапілі сама меней 614 чалавек, паводле праваабаронцаў «Вясны». У іх рабілі ператрусы, затрымлівалі, дапытвалі. Частку пазьней адпусьцілі. Пад перасьлед трапілі тыя, хто праходзіў у адміністрацыйных палітычных артыкулах пасьля 2020 году. Па словах супрацоўнікаў «Вясны», затрымлівалі людзей як з блізкіх да Мачулішчаў раёнаў, так і па ўсёй Беларусі. Масавыя затрыманьні прайшлі сярод псыхатэрапэўтаў, рэканструктараў, стралкоў, страйкбалістаў. Пэўна, некаторыя падазраваныя з такімі заняткамі знаходзяцца цяпер за мяжой.
Трэцяга сакавіка КДБ паведаміў, што ў справе праходзяць каля 30 чалавек, затрымалі больш за 20. Супраць іх завялі завялі крымінальныя справы за «акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай» (ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэксу). Фігурантам можа пагражаць расстрэл.
Вядомыя імёны васьмі затрыманых і яшчэ некалькіх падазраваных, якія знаходзяцца за мяжой. А таксама прысуд аднаму зь фігурантаў — 10 гадоў калёніі. Пасьля дывэрсіі ў Беларусі чарговы раз абмежавалі выкарыстаньне дронаў.
«Паліграф доўжыўся больш за гадзіну»
Адзін з падазраваных у справе Мачулішчаў Павал* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) расказаў Свабодзе, як яго затрымлівалі і пра што пыталіся. Падзеі адбываліся на пачатку сакавіка.
«Уся гэтая жудасьць, АМАП, бусік. Нічога не патлумачылі, у якой справе, якія да мяне прэтэнзіі. Гэта было брутальна. Адразу забралі тэлефон. У грубай форме паведамілі, як мне сябе трэба паводзіць. Абшукалі, ці ў мяне няма калючых-сякучых. Фізычнага гвалту не было. Адвезьлі на паліграф. Да таго моманту я ўвогуле не разумеў, што адбываецца і якія да мяне могуць быць пытаньні», — успамінае ён.
Калі Паўла прывезьлі на праходжаньне паліграфа, яму паказалі два фатаздымкі з выявамі мужчыны і жанчыны.
«Тады я здагадаўся, пра што тут размова. У мэдыя былі публікацыі, каго падазравалі ў гэтым тэракце, нейкія арыентыроўкі ўжо распаўсюджвалі. У мяне штосьці ўсплывала ў памяці, што я ўжо бачыў гэтыя фатаздымкі», — расказвае Павал.
Паліграф працягваўся, са словаў суразмоўцы, вельмі доўга, больш за гадзіну або нават дзьве. Пытаньні былі аднатыпныя, у асноўным яны тычыліся знаёмства з гэтымі людзьмі.
«Ці знаёмы я зь імі? Гэтыя пытаньні задавалі з розных бакоў. Дзе мы пазнаёміліся? Дзе мы апошні раз бачыліся? Як іх завуць? Гэтую жанчыну завуць Вольга? Якія ў нас стасункі? Я троху баяўся, што я гэтыя фатаздымкі бачыў у мэдыя, дзе былі падпісаныя іхныя імёны, і што гэта магло адкласьціся ў мяне ў памяці і выкліча падазрэньне», — расказвае суразмоўца.
Імёны людзей на фота самі супрацоўнікі не называлі. Імёны іншых людзей, якія маглі быць датычныя да тэракту, таксама не агучвалі. Чые партрэты яму паказвалі, Павал ня ведае. Потым ён спрабаваў знайсьці ў сеціве падобныя фота, але, кажа, што гэтыя выявы сьцерліся з памяці.
«У мяне ўсё ў такім тумане адбывалася. Падсьвядома ў мяне ўсё заблякавалася ў галаве. Я ня памятаю, што гэта за людзі, што гэта за фатаздымкі. Было вельмі непрыемна і да гэтай тэмы ня хочацца вяртацца», — кажа ён.
Падчас паліграфа Павал здагадаўся, што размова ідзе пра Мачулішчы, хаця супрацоўнікі не казалі словаў «Мачулішчы», «тэракт», «падрыў самалёта». Пра тое, што ён сапраўды праходзіць у справе, «заведзенай па факце зьдзяйсьненьня акту тэрарызму», ён даведаўся толькі з пратаколу ператрусу, які праводзілі ўжо пасьля паліграфа. Вынікі паліграфа Паўлу не паведамілі.
«Я адказваў праўду: я ня ведаю, як іх завуць, я зь імі не знаёмы. Калі ўсё скончылася, чалавек, які праводзіў паліграф, запытаўся ўжо па-за гэтымі пытаньнямі: „Вы што, праўда іх ня ведаеце?“ Я зразумеў, што паліграф паказаў, што я іх ня ведаю», — кажа ён.
Павал адзначае, што ён ніяк ня быў датычным да справы ў Мачулішчаў і не чакаў, што праз гэта па яго прыйдуць. Знаёмыя, калі даведваліся, за што менавіта яго затрымалі, моцна зьдзіўляліся, кажа ён.
«Думаю, бралі ўсіх, хто ўжо быў на алоўку ў іншых справах. Іхная задача была максымальную колькасьць людзей прагнаць праз паліграф, допыты, ператрусы. Проста выкарысталі сытуацыю ў Мачулішчах як нагоду, каб правесьці масавыя зачысткі, знайсьці больш „злачынцаў“, больш людзей запужаць», — мяркуе суразмоўца.
У той пэрыяд, успамінае Павал, у Беларусі захоўвалася атмасфэра турмы.
«Адчуваеш, што за табой сочаць, адчуваньне небясьпекі з усіх бакоў... Гэта тое, што ня хочацца ўспамінаць, аналізаваць. Пласт успамінаў, які закансэрваваны і ляжыць. Калісьці да яго трэба будзе вярнуцца. Гэта вельмі непрыемна, страшна, брудна», — кажа ён пра затрыманьне, якое адбылося больш за паўгода таму.
Сама меней сем чалавек знаходзяцца пад вартай
Вядомыя імёны сямі затрыманых, якія праходзяць у «справе Мачулішчаў». Пра многіх вядома толькі са зьвестак, што распаўсюдзілі прапагандысты. Зь іх вынікае, што затрыманыя былі зьвязаныя з асноўным падазраваным толькі ўскосна, праз побытавыя справы.
1. Мікалай Швец. 30 гадоў, жыў ва Ўкраіне, меў праўкраінскія погляды, не бываў у Беларусі, суседзі ня бачылі яго ў пасёлку, дзе яго затрымалі, пісала раней «Люстэрка». Прапагандысты дзяржаўнай тэлевізіі называюць Швяца асноўным выканаўцам «тэракту», нібыта ён і падарваў самалёт. Яму закідаюць супрацоўніцтва са Службай бясьпекі Ўкраіны. У Беларусь мужчына нібыта прыехаў з Расеі. Яго затрымалі 3 сакавіка, на наступны дзень пасьля таго, як затрымалі гаспадароў дома, дзе ён нібыта жыў.
2. Алег Сычоў. 47 гадоў, друкар. Нарадзіўся ў Краснаярску, але жыў у Беларусі, меў беларускае грамадзянства. Швец нібыта жыў у доме Сычова ў садовым таварыстве «Бярозавы Гай» у вёсцы Чарцяж Бараўлянскага сельсавету. Сычоў знаходзіцца ў СІЗА КДБ разам з жонкай. Іхных дваіх непаўналетніх дзяцей цяпер выхоўвае бабуля. Ён ёсьць у сьпісе палітвязьняў Dissidentby.
3. Анастасія Пілько. 41 год, кіравала друкарняй. Жонка Алега Сычова. У іх дома нібыта жыў і быў затрыманы Швец. Знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Яна ёсьць у сьпісе палітвязьняў Dissidentby.
4. Андрэй Сьцяпурка. 33 гады, інжынэр-праграміст. Захапляўся практычнай стральбой, займаўся лазэртагам і іншымі стралковымі гульнямі. Нібыта дапамагаў знайсьці жытло Швяцу. Затрымалі таксама бацькоў і брата Сьцяпуркі. Сьцяпурку трымаюць у СІЗА КДБ. Ён ёсьць у сьпісе палітвязьняў Dissidentby.
5. Максім Лапацін. 44 гады. Нібыта меўся падвезьці Швяца са Століна на Лагойскую трасу. Пры затрыманьні Максіма моцна пабілі, імаверна, зламалі сківіцу. Яго ўтрымліваюць у СІЗА КДБ. Ён ёсьць у сьпісе палітвязьняў Dissidentby.
Пазьней затрымалі жонку Максіма Людмілу Лапаціну. Ёй далі «хатнюю хімію» за ўдзел у пратэстах. У Лапаціных двое непаўналетніх дзяцей.
6. Дзьмітры Маставы. 45 гадоў, праграміст, двое дзяцей. Ён нібыта рабіў трансьляцыю з аэрадрома ў Мачулішчах цягам двух дзён і прапанаваў «Беларускаму Гаюну» зьліваць ім інфармацыю. Маставога асудзілі за «здраду дзяржаве» і «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» на 10 гадоў калёніі. Гэта адзіны прысуд, які вядомы ў справе Мачулішчаў. Дзьмітрыя трымаюць у СІЗА Берасьця. Ён ёсьць у сьпісе палітвязьняў Dissidentby.
Свабодзе вядомыя імёны яшчэ двух затрыманых у гэтай справе, адзін зь іх знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе. Блізкія просяць не пашыраць інфармацыю пра іхняя затрыманьне.
Шэраг падазраваных у справе Мачулішчаў, падобна, знаходзяцца за мяжой, або іхны далейшы лёс невядомы. Гэта айцішнік і стралок Віталь Якуцік, які нібыта дапамог Швяцу зь легалізацыяй у Беларусі, а таксама пераслаў яму дроны для падрыву самалёта. Міхаіл Дзёмін, які быццам бы перадаў Швяцу рэтрансьлятар сыгналу патрэбнай для падрыву магутнасьці. Ала Яцута і Ларыса Кучынская, якія дапамагалі з кватэрай. Псыхатэрапэўтка Яўгенія Тачыцкая, якая быццам бы прасіла Максіма Лапаціна падвезьці Швяца са Століна. Кіраўнік праектнай кампаніі Дзяніс Сакалоў, які нібыта ўзяў Швяца на працу архітэктарам-тэхнікам дзеля ягонай легалізацыі пасьля прыезду з Расеі. Як сьцьвярджала арганізацыя ByPol, чалавек з такім імем і прозьвішчам быў зьвязаны зь лекаркай Лукашэнкі Ірынай Абельскай. Дзе ён знаходзіцца, невядома.
«Невінаватыя да нас дачыненьня ніякага ня маюць»
Кіраўнік ByPol Аляксандар Азараў пракамэнтаваў Свабодзе, што людзі, якія сядзяць у справе Мачулішчаў, ня маюць дачыненьня да дывэрсіі. У тым ліку і Дзьмітры Маставы, пра вырак якому стала вядома нядаўна. Непасрэдна пасьля дывэрсіі ён заяўляў, што яе зьдзейсьнілі ўдзельнікі пляну «Перамога» і што ўсе выканаўцы пасьпелі выехаць зь Беларусі. Цяпер кіраўнік ByPol зазначыў, што прывесьці доказы невінаватасьці затрыманых людзей немагчыма.
«Дапамагчы мы ніяк ня можам. Рэжыму ніякіх доказаў не патрэбна. Калі яны хочуць каго-небудзь абвінаваціць, пакараць і паказаць гэта, яны гэта зробяць, што б ты ні рабіў, якіх бы доказаў ім не паказваў. Гэта злачынны рэжым. Фактычна сталінскія часы. Рэпрэсіі працягваюцца. Мы ніяк на гэта паўплываць ня можам», — адзначыў Азараў.
Ён дадаў, што ініцыятыва былых сілавікоў сочыць за тым, што мэдыя публікуюць пра затрыманых у справе ў Мачулішчах, але сваёй інсайдэрскай інфармацыі пра іх ня маюць.
«Мы спэцыяльна імі не займаемся. Невінаватыя да нас дачыненьня ніякага ня маюць», — дадаў Азараў.