Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заробкі вырасьлі, актыўных звальняюць, рабочых правяраюць на паліграфе. Што зараз адбываецца на прадпрыемстве «Гродна Азот»


Рабочыя і прадпрыемства «Гродна Азот», каляж
Рабочыя і прадпрыемства «Гродна Азот», каляж

Дзейны супрацоўнік «Гродна Азот» расказаў Свабодзе, якія настроі цяпер на найбуйнейшым горадзенскім прадпрыемстве і як на заводзе «прэсуюць» людзей.

«Ёсьць розьніца паміж тымі, хто засьвяціўся ў 2020-м, і тымі, хто не»

Фёдар (імя зьмянілі дзеля бясьпекі суразмоўцы) у размове са Свабодай расказаў, што пасьля 2020 году з прадпрыемства, паводле ягоных ацэнак, звольнілася каля тысячы чалавек. Агулам там у жніўні 2020-га працавала каля сямі тысяч чалавек. Афіцыйна лічбу звольненых і тых, хто звольніўся сам, не агучвалі.

Пасьля жніўня 2020-га многія работнікі добраахвотна звальняліся з заводу, бо не хацелі працаваць на рэжым Лукашэнкі, кажа суразмоўца. Пік прымусовых звальненьняў прыпаў на канец 2020-га, калі людзі пісалі заявы на страйк, абвешчаны дэмакратычнымі сіламі. Потым іх пад рознымі нагодамі звольнілі: кагосьці нібыта за прагул, пакуль сядзелі на «сутках», камусьці не працягнулі кантракт. Хтосьці пайшоў добраахвотна, бо больш ня мог працаваць у такой атмасфэры.

«Раней узяліся звальняць пачкамі, а цяпер зразумелі, што пачкамі ня трэба», — суразмоўца тлумачыць, што цяпер звальненьні ідуць па адным-два, але досыць рэгулярна.

Работнікі «Гродна Азот» у жніўні 2020 году
Работнікі «Гродна Азот» у жніўні 2020 году

Фёдар кажа, што для кіраўніцтва прадпрыемства ёсьць розьніца паміж людзьмі, якія нідзе не «засьвяціліся» ў 2020 годзе, і тымі, хто «засьвяціўся». Апошніх унесьлі ў адмысловыя сьпісы. Падзялілі на групы: хто браў удзел у мітынгах, хто выкладаў «пратэставыя» фота, хто пісаў «няправільныя» камэнтары.

«Тых, хто „засьвяціўся“, можна хоць сёньня ўсіх прыбраць. Бо павінны застацца ляяльныя людзі, якія будуць выконваць любое даручэньне, любы загад», — кажа азотавец пра стаўленьне кіраўніцтва.

Адначасна добрых спэцыялістаў стараюцца ўтрымаць на працы «любым спосабам», працягвае Фёдар. Прыкладам, калі кваліфікаваны работнік зь вялікім стажам хацеў звольніцца па ўласнай волі з заводу, яму нават прапаноўвалі месца ў іншым аддзяленьні, каб толькі ён застаўся. Такіх могуць не адпускаць прынамсі да канца кантракту.

«Яны (кіраўніцтва „Азоту“. — РС), вядома, кажуць: „У нас за плотам тысяча ахвотных стаіць. Звальняйцеся хоць усе!“, але, каб падрыхтаваць добрага кваліфікаванага апаратчыка, трэба час, мінімум пяць гадоў. Самыя каштоўныя кадры тыя, хто адпрацавалі 10-12 гадоў. Зь імі ніводзін начальнік зьмены не баіцца працаваць, бо яны ведаюць сваю справу», — тлумачыць работнік.

Сілавікі прыехалі на акцыю салідарнасьці са страйкоўцамі «Гродна Азот» у цэнтры Горадні, кастрычнік 2020
Сілавікі прыехалі на акцыю салідарнасьці са страйкоўцамі «Гродна Азот» у цэнтры Горадні, кастрычнік 2020

Многія мужчыны сярэдняга ўзросту, якія звальняюцца, ідуць працаваць дальнабойнікамі за мяжу. Некаторыя едуць жыць у Польшчу або ЗША, расказвае Фёдар. Новых работнікаў набіраюць у тым ліку з маладых спэцыялістаў, якія толькі скончылі тэхнікум або ўнівэрсытэт.

Правяраюць перапіскі і фота, прымушаюць праходзіць паліграф

Аднак. нягледзячы на спробу кіраўніцтва затрымаць спэцыялістаў, многія зь іх усё адно звальняюцца па ўласным жаданьні, кажа суразмоўца. Як мяркуе Фёдар, адна з прычынаў — складаная атмасфэра, у якой даводзіцца працаваць.

«Людзі хочуць па сваёй волі звольніцца, памяняць працу — надакучылі гэтыя рэпрэсіі, прэсінг. Людзі маральна не вытрымліваюць, хочуць паехаць за мяжу зарабіць. Бо калі прыходзіш на працу, ідзе такі ціск, псыхалягічная загрузка», — кажа ён.

Паводле суразмоўцы, на прадпрыемстве працягвае працаваць аддзел бясьпекі, які зьявіўся пасьля 2020 году. Там працуюць «людзі ў цывільным». Азотаўцы называюць іх паміж сабой «гэбісты» або «чэкісты».

Кабінэт на «Гродна Азот» у 2020 годзе
Кабінэт на «Гродна Азот» у 2020 годзе

Туды работнікаў пэрыядычна выклікаюць на «прафіляктычныя размовы», гэта стала звычайнай практыкай. Падчас размовы просяць паказаць тэлефон, глядзяць галерэю фота, google-фота, перапіскі. Пытаюцца пра стаўленьне да вайны, да палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Калі азотавец адкрыта падтрымлівае Ўкраіну ў вайне, у яго могуць узьнікнуць праблемы на працы. Калі ён адмаўляецца праходзіць паліграф, яго могуць звольніць.

«Гайкі закруцілі ці не максымальна. Работнікаў проста „кашмараць“. Людзі, якія там бывалі, кажуць, што лепей туды не трапляць», — падсумоўвае Фёдар.

Наколькі ён ведае, з аднымі спрабуюць размаўляць мякка, каб знайсьці кантакт. Прыкладам, з тымі, хто насіў белую стужку на руцэ (сымбаль беларусаў, якія выступалі за справядлівыя выбары. — РС). З тымі, хто быў больш актыўны падчас пратэстаў, размаўляюць жорстка. Запужваюць тым, што могуць забраць зь сям’і дзяцей у прытулак.

«Ім далі адмашку, карт-блянш: рабіце што хочаце. Сёньня нікуды ня пойдзеш і не паскардзісься, ні ў адзін орган, ні ў пракуратуру. Што, ты прыйдзеш і скажаш: „Мяне кадэбісты трасуць?“ Яны скажуць: „І добра, што трасуць“», — разважае суразмоўца.

Паводле ягоных назіраньняў, такія мэтады працуюць, людзей досыць хутка запужалі. Многія хацелі бы звольніцца з «Азоту» ад такога напружаньня, але, прыкладам, маюць крэдыты на кватэру, з вузкай тэхналягічнай спэцыяльнасьцю ім цяжка будзе знайсьці іншую працу ў горадзе, або ня маюць магчымасьці паехаць на заробкі за мяжу.

«Гродна Азот» — буйнейшае прадпрыемства Горадні
«Гродна Азот» — буйнейшае прадпрыемства Горадні

Наступны крок, якім даўно пагражалі і які могуць зрабіць неўзабаве, гэта забараніць карыстацца сваімі смартфонамі на працы. Фёдар расказаў, што на прадпрыемстве ўжо ўсталявалі ячэйкі, куды можна здаваць перад працай тэлефоны. Замест іх плянуюць выдаваць кнопачныя апараты. Гэта хочуць зрабіць, паводле Фёдара, каб інфармацыя не выцякала з заводу, каб ніхто ня мог нічога сфатаграфаваць на працы або запісаць відэа ці гук на дыктафон.

Азотаўцаў працягваюць затрымліваць за пратэсты, за камэнтары ці падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы, пра гэта рэгулярна паведамляюць праваабаронцы.

Заробкі павысілі, бо шмат людзей звольнілі

Заробкі ў апошнія гады на «Азоце» вырасьлі. Фёдар кажа, што шараговы работнік, апаратчык, можа зарабляць 2200-2300 рублёў, начальнік зьмены — 2500-2600 рублёў, начальнік аддзяленьня — 5 тысяч. Малады спэцыяліст, які прыйшоў адпрацоўваць на завод пасьля вучэльні, праз паўгода стажу можа зарабляць 1200-1300 рублёў. Заробкі ў работнікаў падрадных арганізацый, якія абслугоўваюць завод, займаюцца рамонтам, ніжэйшыя, чым на вытворчасьці.

Перад судом, падчас якога звольненыя страйкоўцы «Гродна Азот» паспрабавалі аднавіцца на працы
Перад судом, падчас якога звольненыя страйкоўцы «Гродна Азот» паспрабавалі аднавіцца на працы

На думку Фёдара, заробкі вырасьлі за кошт таго, што завод пакінулі шмат чалавек. Аднак, паводле яго, многія работнікі так і не зразумелі, што іхныя заробкі вырасьлі ў тым ліку таму, што звольнілі страйкоўцаў. Аднак праз рост цэнаў павышэньне заробкаў засталося незаўважаным.

«Агульны прадуктовы кошык амаль не зьмяніўся. Як эканомілі на ўсім, так і эканомяць», — рэзюмуе ён.

«У нас зьявіўся дырэктар, якому проста напляваць на людзей»

Пасьля пратэстаў 2020 году Лукашэнка памяняў гендырэктара на «Азоце». Ужо больш за два гады завод узначальвае Ігар Ляшэнка, былы віцэ-прэм’ер і былы старшыня «Белнафтахіму». Лукашэнка загадаў яму «навесьці парадак на заводзе».

Ігар Ляшэнка
Ігар Ляшэнка

«Адзін з самых адыёзных дырэктараў прадпрыемства, якога недалюбліваюць абсалютна ўсе. Ад сьлесараў да набліжанага да яго начальства. Па сутнасьці, гэта наглядчык, якога прыслаў Лукашэнка», — апісвае стаўленьне да гендырэктара суразмоўца.

На думку Фёдара, новаму кіраўніку напляваць на людзей і на тэхналёгію на заводзе.

«Пункты, якія ён для сябе выконвае: жорсткая дысцыпліна, пазбавіцца ад усіх актывістаў, і парадак: на тэрыторыі мае быць усё пафарбавана, трава пафарбаваная, каб выглядала, што ўсё ў парадку», — камэнтуе Фёдар.

Ён прыводзіць нядаўні прыклад, калі ў адным з цэхаў быў рамонт, але ўжо празь некалькі дзён абсталяваньне пачало прапускаць пару, хаця не павінна.

Нядаўна стала вядома, што «Гродна Азот» атрымае з Расеі $40 млн крэдыту на мадэрнізацыю цэху «Аміяк-4». Цікава, што днямі газэта прадпрыемства паведамляла, што цэх «Аміяк-4» запускаюць пасьля рамонту. Да таго ж плянуюць мадэрнізаваць цэх «Аміяк-3» і разглядаюць магчымасьць пабудаваць новы цэх карбаміду магутнасьцю да 1,5 тысячы тон.

Дагэтуль рэгулярна зьяўляецца інфармацыя пра тое, што на заводзе спыніўся той ці іншы цэх або нешта зламалася. У 2020-2021 годзе гэта часта было праявай сабатажу работнікаў супраць рэжыму на заводзе і ў краіне, яны наўмысна нешта «ламалі» або націскалі на «ня тыя кнопкі», мяркуюць крыніцы Свабоды.

Але пасьля 2021 году прычыну такіх паломак, пэўна, трэба шукаць у тым, што амаль усе цэхі старыя, са старым абсталяваньнем, а рамонт калі ў іх робяць, то не заўжды якасна, кажа суразмоўца. Фёдар дадае, што такія экспэрымэнты з тэхнікай на хімічным прадпрыемстве небясьпечныя. Цяпер наўрад ці хтосьці на іх пойдзе.

Ён называе стыль кіраваньня Ляшэнкі «калгасным» у тым сэнсе, што людзям загадваюць рабіць працу, якую яны не павінныя паводле сваіх абавязкаў, напрыклад нешта пафарбаваць або прыбраць. У выпадку нязгоды пагражаюць звальненьнем.

Агулам, са словаў Фёдара, кіраўніка амаль не відаць. Апошнія ягоныя размовы з калектывам датычыліся вострай нястачы кваліфікаваных кадраў.

Статыстыка траўмаў на заводзе схаваная
Статыстыка траўмаў на заводзе схаваная

Статыстыка траўмаў на «Азоце» закрытая. Кіраўніцтва спрабуе схаваць калі ня сам выпадак, то хаця б прычыны трагедый, асабліва тых, якія скончыліся сьмерцю работніка. Фёдар зазначае, што звычайна кіраўніцтва стараецца зрабіць самога загінулага работніка вінаватым у інцыдэнце, у тым ліку каб плаціць меншую суму дапамогі родным.

У верасьні 2022 году СК і газэта прадпрыемства расказалі пра тое, што ў іх падчас рамонту загінуў рабочы. Мужчына меў 18-гадовую практыку, аднак падчас работ сарваўся з вышыні 19 мэтраў і разьбіўся. Са словаў Фёдара, само кіраўніцтва часам прымушае работнікаў парушаць правілы бясьпекі і рамантаваць абсталяваньне ноччу («А калі ня хочаш, мы цябе звольнім»).

«Санкцыі не працуюць»

Цяпер у прадукцыі з «Азоту» няма непасрэднага шляху ў Эўразьвяз з прычыны санкцый. Санкцыі на заводзе спрабуюць абыходзіць праз фірмы-пасярэднікі, перакананы суразмоўца.

«Працуюць старыя схемы. Ствараюць новае прадпрыемства, фасуюць у мяшкі з новай назвай, і ўсё — санкцыі не працуюць», — кажа Фёдар.

Расьсьледаваньне пра тое, як «Азот» абыходзіць санкцыі, паказала, што ёсьць некалькі беларускіх фірмаў-пасярэднікаў, якія перапрадаюць беларускія ўгнаеньні пад выглядам сваіх. Прадукцыя ад іх ідзе ў Сэрбію і ў Дубай праз Клайпеду. Аднак існуе імавернасьць таго, што яна не даходзіць да канцавога пункту, а асядае ў Эўропе. Літоўскі бізнэсовец сёлета прызнаўся, што дапамагаў «Азоту» абыходзіць санкцыі праз сваю кампанію ў Казахстане. Прымусіць санкцыі працаваць дапамагла б забарона на ўвесь кластэр, а ня толькі на прадукцыю «Гродна Азот».

Паводле Фёдара, асноўны экспарт прадукцыі цяпер ідзе ў Расею. Да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне большая частка ўгнаеньняў ішла ва Ўкраіну.

На сайце прадпрыемства дагэтуль нічога не зьмянілася пасьля 2020 году. Паводле яго, «Гродна Азот» супрацоўнічае з больш як 60 краінамі ў Эўропе і на ўсіх кантынэнтах.

Пратэставаць сёньня гатовыя 10% работнікаў

У цяперашніх умовах пратэставаць пагодзяцца каля 10% работнікаў прадпрыемства, мяркуе Фёдар. Большасьць зь іх ніяк не праяўляюць сваіх поглядаў на тое, што адбываецца. Палітычныя тэмы абмяркоўваюць у курылках і далей, але ўжо цішэй і толькі з тымі, каму давяраюць. Хаця ў жніўні пратэст падтрымала большасьць: як маладыя, так і старэйшыя.

Суразмоўца мяркуе, што рэвалюцыя не атрымалася, бо яе трэба было рабіць у першыя дні. Потым людзей запужалі, яны зьнеахвоціліся, у іх зьявіліся іншыя справы, як лецішча і збор ураджаю.

Незалежны прафсаюз «Азоту» зьліквідавалі, у офісе нікога няма, старшыню Андрэя Ханевіча пасадзілі на 5 гадоў. Што з дакумэнтамі і архівам, суразмоўца ня ведае. Некаторыя сябры незалежнага прафсаюзу вярнуліся ў праўладны, іншых не прынялі, хаця яны хацелі. Былога старшыню праўладнага прафсаюзу «Азоту» Андрэя Ражынскага, які настойваў, каб звольнілі страйкоўцаў, звольнілі з пасады і перавялі на «Хімвалакно», якое ўваходзіць у склад «Гродна Азот», але па факце працуе як асобнае прадпрыемства.

Андрэй Ханевіч, былы старшыня незалежнага прафсаюзу «Гродна Азот», асуджаны на 5 гадоў калёніі
Андрэй Ханевіч, былы старшыня незалежнага прафсаюзу «Гродна Азот», асуджаны на 5 гадоў калёніі

Паводле назіраньняў суразмоўцы, большасьць работнікаў лічаць прысуды палітзьняволеным азотаўцам незаконнымі. Хтосьці піша лісты; ёсьць тыя, хто падтрымлівае сем’і вязьняў. Многія абураныя справай «Рабочага руху», калі ў закрыты чат актывістаў дапусьцілі кадэбіста, бо не праверылі яго.

«Рэжым узяў у палон групу людзей, каб запалохаць іншых», — падсумоўвае Фёдар.

Цяпер, калі кагосьці на заводзе звальняюць, салідарнасьць выказваюць толькі на словах. У 2020-м калегі скідваліся грашыма тым, каго звальнялі. Са словаў Фёдара, самыя ляяльныя рэжыму цяпер — людзі перадпэнсійнага ўзросту, яны стараюцца дапасавацца да патрабаваньняў кіраўніцтва і дапрацаваць да пэнсіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG