Крызіс перамоўнага працэсу з ЗША
Даўно вядома, што скандальны палітычны стыль Аляксандра Лукашэнкі — частка ягонага палітычнага вобразу. Эпатаж на мяжы, а часам па-за межамі прыстойнасьці стаў адметнай візытоўкай уладара Беларусі. Аднак нават з такім бэкграўндам канцэнтрацыя скандальных заяваў, якія прагучалі 31 красавіка, выглядае пераборам. Седзячы на лавачцы ў вёсцы Домжарыцы Лепельскага раёну, Лукашэнка прачытаў лекцыю пра міжнароднае становішча, у якой нецэнзурна паслаў ЗША, аб’явіў Рамана Пратасевіча супрацоўнікам беларускай выведкі, выказаў жаданьне прадаваць Эўропе паветра, апавядаў, як літоўцы прыехалі ў Беларусь, каб запускаць адтуль паветраныя зонды з кантрабандай. І ўсё гэта на поўным сур’ёзе. Кажучы мовай літаратурнай клясыкі, «Астапа панесла».
Звычайна скандальнымі заявамі Лукашэнка маскуе нэрвовы зрыў. Здаецца, нешта падобнае адбылося і цяпер. Чаму сарваўся?
Магу выказаць думку, што гэта стала рэакцыяй на крызіс перамоўнага працэсу з ЗША. Прычым здарыўся ён нібы на роўным месцы, праз зонды. Мары пра «вялікую ўгоду» разбураюцца, як лічыць беларускае кіраўніцтва праз «дробязі». Перамоўны працэс спатыкнуўся, калі карыстацца сёньняшнім расейскім палітычным слэнгам, аб «рэаліі на зямлі».
За апошнія паўтара месяца Лукашэнка чатыры разы ўзгадаў «вялікую ўгоду». Прычым гаворка пра «ўгоду» Беларусі ня толькі з ЗША, але і з ЭЗ. Як меркавалася, у яе рамках павінен адбыцца абмен палітычнымі саступкамі «ўсё на ўсё», у прыватнасьці мелі разьвязацца «міграцыйны крызіс», адбыцца скасаваньне санкцыяў, вызваленьне палітвязьняў і інш.
На каго ціснуць ЗША?
Тут дысананс узьнік праз тое, што да перамоўнага працэсу Беларусі з ЗША не далучыўся ЭЗ. Паводле развагаў Лукашэнкі, галоўнае — дамовіцца з Вашынгтонам. Бо, як ён лічыць, ЭЗ ня ёсьць самастойным палітычным суб’ектам: што Дональд Трамп скажа, тое Эўропа і будзе рабіць. Таму ў адносінах з краінамі ЭЗ, найперш з суседзямі, трэба праводзіць палітыку з пазыцыі сілы, ціснуць, каб прымусіць да саступак. Напрыклад, з дапамогай мігранцкіх атак.
Але паводле нармальнай лёгікі падчас перамоўнага працэсу бакі ня мелі б рабіць крокаў для эскаляцыі канфлікту. Да мігранцкіх атак усе ўжо прызвычаіліся, яны сталі новай нормай. Аднак тут здарылася гэтая гісторыя з кантрабанднымі балёнамі. Цяжка дакладна сказаць, ці то была сьвядомая спэцапэрацыя беларускіх сілавікоў, каб нашкодзіць суседзям, ці то быў нейкі стыхійны працэс, якому ўлады Беларусі вырашылі не перашкаджаць. Аднак балёны спаралізавалі працу Віленскага аэрапорту, што, магчыма, сталася неперадбачаным наступствам. Атрымаўся гучны скандал.
І тут выявілася цікавая рэч. У Менску разьлічвалі, што ЗША будуць ціснуць на краіны ЭЗ, каб прымусіць іх далучыцца да беларуска-амэрыканскай угоды. Аднак атрымалася наадварот. Літва паскардзілася Вашынгтону, у выніку чаго ЗША запатрабавалі ад Менску ня толькі спыненьня атак балёнамі, але і прабачэньня (што асабліва абурыла Лукашэнку). Пазыцыя амэрыканцаў зразумелая: параліч працы аэрапорту — гэта ўжо ня толькі праблема двухбаковых дачыненьняў Беларусі і Літвы, тут ідзецца пра бясьпеку міжнародных авіяцыйных зносін.
Лукашэнка трапіў у непрыемную сытуацыю. Для яго прасіць прабачэньня — немагчымая справа. Бо правадыр, патрыярх сусьветнай палітыкі, якім ён сам сябе лічыць, ня можа памыляцца.
Няўклюдныя выкручваньні
Цікава паглядзець, як Лукашэнка спрабаваў выкручвацца з гэтай непрыемнай сытуацыі з балёнамі. Першая рэакцыя — няма праблемы, гэта літоўцы «падставу прыдумалі абсурдную», каб сарваць канфэрэнцыю ў эўразійскай бясьпецы ў Менску. Потым наступны этап: ну, «тры балёны заляцела». Затым ён прызнае, што насамрэч балёны былі ў немалой колькасьці, але, маўляў, гэта літоўцы прыехалі сюды і самі запускаюць. То бок Лукашэнка прызнае, што беларуская дзяржава не кантралюе сваю тэрыторыю, іншаземцы прыяжджаюць сюды і робяць тут што захочуць? Ён тлумачыць бязьдзеяньне сілавых структураў тым, што, маўляў, літоўцы легальна купляюць беларускія цыгарэты, а тое, што яны потым перакідваюць іх з дапамогай зондаў церазь мяжу — ня наша справа. Аднак, нагадаю, кантрабанда (як, дарэчы, і незаконны пераход мяжы мігрантамі), паводле беларускага заканадаўства, ёсьць злачынствам. Атрымоўваецца, што праваахоўныя органы сьвядома не выконваюць сваіх функцыяў.
У адказ на рашэньне Літвы закрыць мяжу беларускі бок заблякаваў на месяц 5 тысяч літоўскіх фураў, якія апынуліся ў Беларусі.
Скандал у беларуска-літоўскіх адносінах паўплываў на дачыненьні Беларусі і Польшчы. Менск і Варшава дамовіліся, што ў абмен на вызваленьне знакавых палітвязьняў польскі бок адкрые два памежныя пераходы. Аднак, праяўляючы салідарнасьць зь Літвой, Польшча пераносіць адкрыцьцё памежных пераходаў на два тыдні. МЗС Беларусі адрэагаваў на гэта рэзкай заявай, Лукашэнка абурыўся.
Што цяпер будзе зь перамоўным працэсам Беларусі й ЗША, незразумела. Амэрыканцы сутыкнуліся зь беларускай рэальнасьцю. І яна ім не спадабалася. Да таго ж мір ва Ўкраіне аддаляецца. А менавіта ў кантэксьце перамоваў з РФ Лукашэнка быў цікавы Вашынгтону.
У кожным разе гэтая гісторыя з балёнамі паказвае, што тактыка «мір церазь сілу» — прывілея вялікіх дзяржаваў. Спроба яе прымяненьня лукашэнкаўскім рэжымам дала збой.
Як Раман Пратасевіч стаў выведнікам
Два словы пра новы статус Рамана Пратасевіча. Такое ўражаньне, што гісторыю пра яго як супрацоўніка беларускай выведкі Лукашэнка прыдумаў на хаду. Дзеля штучнай сэнсацыі. Рэч нават ня ў тым, што ягоная цяперашняя вэрсія кардынальна супярэчыць усім мінулым развагам пра гэтага пэрсанажа (ён называў Пратасевіча «тэрарыстам», які ўчыняў страшныя злачынствы супраць Беларусі). І варта запытаць, калі ж Лукашэнка казаў праўду.
Узьнікае іншае лягічнае пытаньне. Калі Пратасевіч супрацоўнік беларускай выведкі, то навошта ўлады Беларусі пасадзілі ў Менску самалёт з сваім агентам? Бо ў 2022 годзе Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) выпусьціла даклад, зь якога вынікае, што інфармацыя аб бомбе на борце была загадзя ілжывай. Але калі ўжо самалёт пасадзілі, то навошта было арыштоўваць свайго агента? Лёгікі тут ніякай.
А Рома хуценька пацьвердзіў, што ён знаны выведнік. Сытуацыя абсурду дыктуе свае правілы. Калі б Лукашэнка сказаў, што Пратасевіч іншаплянэтнік, той таксама пацьвердзіў бы. Бо што яму застаецца рабіць?
Форум