Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыходзяць самі, звальняюць пасьля паліграфу. Чаму ў міліцыі бракуе кадраў і як праблему вырашаюць улады


Беларускія міліцыянты. Ілюстрацыйнае фота
Беларускія міліцыянты. Ілюстрацыйнае фота

У беларускай міліцыі заўсёды не было дастаткова кадраў. Пасьля 2020 году сытуацыя пагоршылася. Былы сілавік Уладзімер Жыгар расказаў Свабодзе, чаму, нягледзячы на ўсе перавагі, ахвотнікаў служыць у міліцыі не стае.

Некамплект быў адной з праблем міліцыі ў Беларусі заўсёды, расказвае Ўладзімер Жыгар. Адкрытых дакладных лічбаў, колькі ў Беларусі ўсяго сілавікоў і колькі вакансій, няма. У 2020 годзе ініцыятыва ByPol заяўляла, што ў Беларусі 46 тысяч супрацоўнікаў унутраных справаў. Яны спасылаліся на перахоплены дакумэнт МУС.

Колькі міліцыянтаў шукаюць для працы цяпер, невядома. У BelPol такімі лічбамі таксама не падзяліліся. На адным з сайтаў вакансій belmeta.com 56 прапановаў. Шукаюць людзей для найму ў міліцыю па ўсёй Беларусі: у Менск, абласныя гарады, райцэнтры. У групу затрыманьня, у папраўчую калёнію, у атрад, ахоўваць аб’екты; патрэбны кінолягі і міліцыянты-кіроўцы. Частая ўмова — узрост да 25-28 гадоў. Часам дастаткова сярэдняй адукацыі.

Вакансіі разьмяшчаюць на сваіх сайтах і непасрэдна падразьдзяленьні МУС. Прыкладам, толькі ў Горадзенскім раёне шукаюць людзей на восем пасадаў «сярэдняга і малодшага кіраўнічага складу». Колькі ўсяго людзей патрэбна, з абвесткі незразумела. У Віцебскай вобласьці ў многіх раёнах не стае супрацоўнікаў у Дэпартамэнт аховы.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Яны ніяк не маглі гэта вырашыць»

Уладзімер Жыгар успамінае, што да 2020 году праблема зь няхваткай кадраў была адной з самых важных. За асабовы склад адказваюць намесьнікі начальнікаў РАУС у ідэалягічнай працы. Многія зь іх праз гэта хадзілі з вымовамі, кажа суразмоўца.

«Яны ніяк не маглі гэта вырашыць. „Мы абавязкова ўзмоцнім працу ў гэтым кірунку“. Як яны яе ўзмоцняць?» — апісвае сытуацыю Жыгар.

Па словах суразмоўцы, каб былі добрыя паказчыкі, многія начальнікі абразаюць вакантныя месцы. Было пяць вакансій — пішуць адну. Маўляў, ня трэба нам столькі ўчастковых. Пасьля 2020 году сытуацыя з кадрамі пагоршала, адзначае Жыгар.

«Папулярнасьці ў звычайных людзей міліцыя ніколі ня мела. Цяпер і пагатоў. Умовы як былі жахлівымі, так і засталіся», — кажа суразмоўца.

Беларусь пры гэтым лічыцца адной з краінаў, дзе на душу насельніцтва найбольш сілавікоў. Жыгар згодны, што міліцыянтаў мае быць менш. Але іх недахоп, на ягоную думку, адчуваецца таму, што сілавікі выконваюць шмат няпрофільных абавязкаў.

«Міліцыянт адказвае за някошаную траву ўздоўж сядзібнага ўчастка. Ён едзе сустракаць вышэйшых службовых асобаў, калі тыя прыяжджаюць. Ён удзельнічае ў ахове футболу. Ня трэба вешаць на іх усё запар. Грамадзкі парадак на футболе ў нармальных краінах пільнуе стуард. Міліцыя павінна раскрываць злачынствы, а не чыніць паляваньне на палітычных апанэнтаў улады», — перакананы суразмоўца.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Няхватка міліцыянтаў у райцэнтрах, дэфіцыт участковых

Найбольш не стае кадраў у буйных раённых гарадах з насельніцтвам каля 100 тысяч, кажа былы міліцыянт. Адтуль людзей часта забіраюць на павышэньне ў абласныя. На другім месцы ў дэфіцыце міліцыянтаў абласныя гарады. У самых маленькіх гарадах, накшталт Нароўлі, некамплектаў звычайна няма. Там мала здарэньняў і адносна высокі заробак для горада, тлумачыць суразмоўца.

«Калі ўзяць мазырскі РАУС, там працуе каля 90-100 супрацоўнікаў на 120-тысячны горад. Можна ўявіць, якая нагрузка кладзецца на супрацоўнікаў. Мы мінусуем ад гэтага кіраўніцтва, апарат кадраў. Тых, хто працуе зь дзяржаўнымі сакрэтамі. Асноўны фронт кладзецца на тых, хто штодня выконвае задачы ў забесьпячэньні грамадзкага парадку», — кажа ён.

Па словах суразмоўцы, не стае найперш участковых інспэктараў.

«Бо гэта самае жахлівае. Амаль пакараньне для многіх супрацоўнікаў пайсьці ўчастковым. Празь некамплект табе замест некалькіх вуліц вешаюць больш. Ты адказваеш за пытаньні ад сямейных скандалаў да някошанай травы», — камэнтуе Жыгар.

Па яго словах, вялікая «цякучка» і ў патрульна-паставой службе. Туды звычайна бяруць людзей без вышэйшай адукацыі, пасьля 4 месяцаў навучаньня ў Цэнтры павышэньня кваліфікацыі. «Досьвед ня мае значэньня», — гэта часты фрагмэнт абвестак аб пошуку міліцыянтаў. Калі такі чалавек звальняецца, то амаль нічога ня страчвае, у адрозьненьне ад тых, хто прыйшоў з Акадэміі МУС.

«Многіх за непасьпяховасьць адлічаюць з цэнтру. Заробку няма, плацяць невялікую стыпэндыю. Ты там жывеш на поўным забесьпячэньні. Там проста армія: а 6-й пад’ём, у 22:00 адбой, хадзіць строем, бульбу абіраць, „Есть“, „Так точно“, за тры мэтры ад афіцэра трэба перайсьці на страявы крок. Потым чалавек працуе на найніжэйшых узроўнях. Калі хоча пайсьці на вышэйшую адукацыю, яму могуць не дазволіць», — кажа Жыгар.

Бывае таксама, што не стае кадраў у інспэкцыі ў справах непаўналетніх. У некаторых раёнах вялікія праблемы з супрацоўнікамі крымінальнага вышуку.

«Нагрузка зноў кладзецца на іншых супрацоўнікаў. Дадаюцца штотыднёвыя 24-гадзінныя дзяжурствы сьледча-апэратыўнай групы. Калі ў цябе два дзяжурствы на тыдзень, ты на чатыры дні выпадаеш з нармальнага рытму», — кажа былы міліцыянт.

Здараюцца некамплекты ў канвойных групах, якія суправаджаюць затрыманых людзей, прыкладам на суд. Мінус такой службы — непрадказальны графік. Супрацоўнік залежыць ад раскладу судоў, сьледчых дзеяньняў, канвою на этап і з этапу. Канвойныя ў ІЧУ таксама выводзяць людзей на прагулку, ахоўваюць іх.

«Ты адпрацаваў дзень, адпачыў дома 3-5 гадзін. Табе трэба ехаць на начны этап. Ты едзеш у ІЧУ, потым да цягніка, суправаджаеш людзей, прыяжджаеш у ІЧУ, выгружаеш зь сябе бронекамізэлькі, аўтаматы. Маеш час паспаць 3-4 гадзіны — і табе трэба зноў ехаць на працу», — апісвае рытм працы канвойных Жыгар.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З Цэнтральнага апарату звольнілі 50-70 чалавек

На думку сілавіка, перанакіраваньне дзяржавы на палітычныя справы — яшчэ адзін фактар, празь які супрацоўнікі звальняюцца самі або звальняюць іх.

«Было шмат тых, хто пасьля 20 гадоў выслугі сказалі: „Навошта мне гэта трэба? Я больш не хачу“. Пры гэтым людзі тлумачаць кіраўніцтву, што яны проста стаміліся», — камэнтуе Жыгар.

У 2020-2021 гадах супрацоўнікі самі звальняліся, успамінае былы міліцыянт. У 2022-2023 — праз «чысткі», калі пачалі правяраць людзей на паліграфе, асабліва ў Цэнтральным апараце МУС.

«Там хіба ніжэй за маёра нікога і няма. Гэта дасьведчаныя людзі. Многіх праз гэта звольнілі. З Цэнтральнага апарату звольнілі 50-70 чалавек. Цяпер яны думаюць, што дамагліся патрэбнага ўзроўню стэрыльнасьці», — кажа прадстаўнік BelPol.

«Дай даведку, што ў цябе няма даведкі»

Яшчэ адна прычына пакінуць органы — шмат пісаніны на працы. «Дай даведку, што ў цябе няма даведкі»«, — апісвае сытуацыю былы супрацоўнік органаў унутраных справаў.

«Ты можаш пайсьці да кіраўніцтва з матэрыялам справы. А а ён кажа: „Хай яшчэ троху паляжыць, можа, мясам абрасьце“. І ты ідзеш і пачынаеш у тым доме апытваць усіх запар. Ніякага сэнсу гэта ня мае. Але ў тваім матэрыяле справы ўжо не 50 старонак, а 70. Скралі тэлефон, а ты шлеш запыты на пацярпелага ў тубдыспансэр. Прыходзіш зноў да начальніка. Ён кажа: „О, клясна, відаць, што папрацаваў“», — камэнтуе Жыгар.

Зь ягоных словаў, супрацоўнікі справаздачацца за кожны крок, пішуць рапарты.

«Калі прыходзяць навічкі з Акадэміі, яны думаюць, што будуць пагоні, перастрэлкі, засады. У рэальнасьці ты можаш сесьці за стол ранкам і ўстаць з-за яго толькі ўвечары і ўсё нешта друкаваць: запыты, тлумачэньні, акты. Гэта такі жах. Ты разумееш, што 80% — гэта бессэнсоўная праца», — прызнаецца суразмоўца.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Чытаць, пісаць умееш — бяром»

Прахадныя балы ў Акадэмію МУС досыць нізкія. У 2023 годзе на «Адміністрацыйна-прававую дзейнасьць» трэба было набраць 174 балы (пры максымальна магчымых 400), на «Крымінальна-выканаўчую дзейнасьць» — 200 балаў, на «Судова-пракурорска-сьледчую дзейнасьць» — 247. Прычым на шэраг спэцыяльнасьцяў набору летась чамусьці не было.

«„Чытаць умееш, пісаць умееш — бяром“. Наколькі памятаю, там не было ніякага конкурсу», — камэнтуе Жыгар.

Але паступіць у Акадэмію МУС ня так проста. Трэба прайсьці праверкі ў РАУС, наколькі чалавек добранадзейны, якая ў яго біяграфія. Ёсьць праверка здароўя, фізычных, псыхалягічных паказчыкаў, праверка на паліграфе. Рыхтавацца да паступленьня пачынаюць са студзеня. Калі выпускнік прыйдзе толькі пасьля заканчэньня школы, то яго накіруюць паступаць праз год, тлумачыць Жыгар.

«Немагчыма прыйсьці з вуліцы і сказаць: „Я хачу паступіць“», — дадае ён.

У абвестках пра вакансіі сустракаецца фраза «адсутнасьць прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці паводле пэўных артыкулаў»; часам патрабуюць толькі адсутнасьць крымінальнай судзімасьці. Жыгар удакладніў, што праверку праводзяць жорстка.

«Шмат няўзгодненасьці. У раённых аддзелах патрабуюць напаўняльнасьці супрацоўнікамі. Адначасова праверкі, бывае, займаюць па некалькі месяцаў. Многіх адбракоўваюць за нейкія моманты, якія іх дыскрэдытуюць. Адной дзяўчыне адмовілі пасьля псыхалягічнага тэсту, калі яна не змагла патлумачыць, навошта зрабіла маленькую тату ў выглядзе „V“ на руцэ. Ёй паставілі, што яна не прыдатная да службы», — тлумачыць суразмоўца.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Насамрэч ніякіх „плюшак“ няма»

Акрамя нізкіх прахадных балаў пры паступленьні, міліцыянты маюць параўнальна добры заробак для Беларусі. У адкрытых вакансіях супрацоўнікам прапаноўваюць у сярэднім 1400-2000 рублёў. Для сем’яў міліцыянтаў будуюць жыльлё. У 2021 годзе здалі тры дамы ў Менску. Сілавікі могуць пайсьці на пэнсію ў 45 гадоў, значна раней за іншых грамадзян. Колькасьць дзён адпачынку расьце з выслугай гадоў.

Аднак Уладзімер Жыгар аспрэчвае тое, што міліцыянты знаходзяцца ў прывілеяваным становішчы.

«Насамрэч ніякіх „плюшак“ няма. Усе „нішцякі“, якія абяцаюць, датычаць толькі Менску. Табе ня кажуць, што начаваць ты будзеш на працы. Калі няма дзе спаць, ты будзеш спаць на падлозе. За кожную памылку ты можаш атрымаць вымову, пазбаўленьне прэміі. Можа быць, і пасадку на тэрмін. Ніхто да твайго здароўя ня будзе ставіцца з клопатам. Пакуль ты патрэбен, цябе будуць тузаць», — разважае ён.

Ад гэтага, паводле назіраньняў Жыгара, распадаецца шмат сем’яў, бо мала жонак вытрымліваюць, калі муж 24/7 на працы.

Па словах суразмоўцы, супрацоўніка ўнутраных справаў, нягледзячы на досыць добры заробак, рэгулярна пазбаўляюць прэмій. За пратэрмінаваны дакумэнт, за кепскія паказчыкі фізычнай падрыхтоўкі і г.д. Пайсьці на цэлы месяц адпачынку адразу нельга, сьцьвярджае Жыгар.

«„Я хачу ўзяць 30 дзён“. — „Не, ты ня хочаш. Мы табе не падпішам рапарт“. — „Але я маю права на адпачынак“. — „Нам пляваць, што ты там маеш“. — „Я хачу пайсьці ў адпачынак у сонечным жніўні“. — „Перахочаш, пойдзеш у сонечным студзені“. Усе сьвяты, Новы год, 9 траўня ты заўсёды на працы», — кажа былы міліцыянт.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Табе 37-38 гадоў, а ў цябе ні году стажу

Калі чалавек заканчвае Акадэмію МУС, спачатку яго трымае адпрацоўка. Калі ён звольніцца з працы раней за 5 гадоў, то мусіць выплаціць усю суму за навучаньне. На «правазнаўстве» яна можа складаць 7 тысяч даляраў. Выпускнік Акадэміі МУС падпісвае кантракт з МУС адразу на пяцігадовы тэрмін.

«Калі заканчваюцца гэтыя 5 гадоў, у цябе выходзіць 9 гадоў і 11 месяцаў стажу. Табе кажуць: „Тут засталася дробязь. Яшчэ столькі ж — і ў цябе дваццатка“. Чалавек глядзіць: 5 гадоў акадэміі, 5 гадоў працы, ужо прывык, прыгледзеўся. „Ай, ладна“», — расказвае Жыгар.

Па словах суразмоўцы, калі супрацоўнік міліцыі падпісвае наступны кантракт, яму даюць «пад’ёмныя». Калі ён сыдзе раней за тэрмін кантракту, то зноў мусіць вярнуць пад’ёмныя разам з выплачанымі зь іх падаткамі.

«Пятнаццаць гадоў чалавек адпрацоўвае і думае: „Ды засталося адпрацаваць 5 гадоў“. У цябе такая адукацыя, якая нікому не патрэбная. Гэтыя 15 гадоў, якія ты адпрацаваў, табе не ідуць у стаж. Табе 37-38 гадоў, а ў цябе ні году стажу», — расказвае пра разважаньні супрацоўнікаў былы міліцыянт.

Жыгар мяркуе, што цяпер ужо нельга працаваць у міліцыі і ня мець дачыненьня да палітычных справаў. На ягоную думку, многіх супрацоўнікаў зламалі ў 2020 годзе і прымусілі рабіць тое, што патрэбна было рэжыму Лукашэнкі, а ня тое, што адпавядала закону Рэспублікі Беларусь.

«Яны думалі, што атрымалі індульгенцыю ад рэжыму, што цяпер шмат што ім прабачаць, што вяртаюцца 90-я. Нават зь вядзеньнем дакумэнтацыі, магчыма, можна будзе расправіць крылы. Але такога не адбылося. Людзей стала менш, патрабаваньняў стала больш — дурных, вар’яцкіх, больш актаў, якіх трэба прытрымлівацца», — разважае Жыгар.

У апошнія гады рэгулярна зьяўляюцца навіны пра сьмерць супрацоўнікаў унутраных справаў у перадпэнсійным узросьце. Жыгар кажа, што прычынай сьмерці некаторых зь іх быў суіцыд.

«Гэта ня тая праца, зь якой ты выйдзеш жыцьцярадасным і здаровым, таму многія ўсё ж сыходзяць», — дадае Ўладзімер Жыгар.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG