Горадня і бліжэйшыя да яе тэрыторыі сталі першым рэгіёнам Беларусі, куды ўлады дазволілі ўяжджаць бязь візы жыхарам дзясяткаў краін. Гэта зрабілі дзеля разьвіцьця турызму ў канцы кастрычніка 2016 году. Прайшло дзевяць гадоў.
Праз два гады пасьля Горадні бязьвіз пашырылі на Берасьцейскую вобласьць. Потым дазволілі лятаць у Беларусь бязь візы праз аэрапорт «Мінск». Турыстычны перапынак здарыўся падчас пандэміі каранавірусу з пачатку 2020 году. У 2022 годзе Беларусь аднавіла бязьвізавы рэжым спачатку толькі для суседніх краінаў, а потым пашырыла сьпіс.
У першыя гады бязьвізу турызм у каралеўскім горадзе квітнеў і канструктыўна зьмяняў рэгіён. Свабода расказвае, як выглядае турыстычная карціна ў Горадні празь дзевяць гадоў ад пачатку дзеяньня бязьвізавага рэжыму.
Турыстаў паменела ў 23 разы
За папярэдні 2024 год Горадзенскую вобласьць у складзе арганізаваных тураў наведалі 5,4 тысячы чалавек, паведамляла Галоўнае статыстычнае ўпраўленьне Горадзенскай вобласьці. Амаль 90% зь іх расейцы. Сярод наведнікаў таксама былі латышы, немцы, французы, ангельцы.
Найбольш турыстаў Горадзеншчына пабачыла ў 2019 годзе. Тады прыехалі 125 тысяч чалавек. Гэта ў 23 разы больш, чым летась.
Сёлета з пачатку году Беларусь наведалі амаль 200 тысяч чалавек у складзе арганізаваных турыстычных групаў, гэта лічбы паводле Дзяржаўнага памежнага камітэту. Насамрэч турыстаў, якія едуць у Беларусь, у разы больш: многія едуць самастойна, але дзяржаўныя органы часьцей даюць менавіта лічбы групаў. Так, летась краіну наведалі амаль 6 мільёнаў турыстаў. Асобных лічбаў з Горадзеншчыны за 2025 год мы не знайшлі.
«Мне здаецца, гэтая тэма затухла пасьля 2020 году. Усё паступова пачало прыкрывацца і выміраць. Гэта зьвязана не зь бязьвізам. Мне здаецца, раней быў варушняк, жыцьцё. А потым яно стала шэрае, сумнае. Такога варушняку больш няма», — разважае гарадзенка Тацяна* (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля іхнае бясьпекі. — РС) пра сытуацыю з турызмам і агульнай атмасфэрай у горадзе.
Расейцаў большасьць
Гэта бадай што асноўная істотная зьмена за час бязьвізу ў Горадні. Калі ў першыя гады пасьля ўвядзеньня бязьвізавага рэжыму шмат гасьцей ехалі з Польшчы і Літвы, а нават з Аўстраліі і Злучаных Штатаў Амэрыкі, то цяпер — з усходу. Летась, паводле статыстыкі, Горадню наведалі 4780 расейцаў у складзе арганізаваных групаў.
«Унутраны турызм, госьці з Расеі таксама прыяжджаюць. Іх стала заўважна больш. Зьмяніўся этнічны складнік турыстаў. Хоць я ехала з таксістам, і ён сказаў, што часта возіць гасьцей зь Літвы, але я іх не заўважаю», — адзначае гарадзенка Алена*.
Наведнікі з Расеі ў сетках адзначаюць у Беларусі «чыстыя вуліцы», парадак, заходнюю атмасфэру. Яны працягваюць называць краіну пераважна «Белоруссия». Беларусы іх папраўляюць: «Беларусь» — мякка або і няшчадна, кажа Алена. Самыя беларусы зь іншых гарадоў параўноўваюць Горадню з расейскімі гарадамі, прыкладам, Санкт-Пецярбургам. Магчыма, таму, што атрымаць візу і выехаць зь Беларусі ў Эўразьвяз стала нашмат складаней, чым раней. Папулярным кірункам вандровак самых беларусаў застаецца Расея.
Экскурсаводы зарабляюць «касьмічныя» грошы
Экскурсаводаў стала процьма, кажа гарадзенец Ільля. Раней многія адсейваліся празь няведаньне польскай мовы. Турыстаў жа з Польшчы было дастаткова. Цяпер моўнай перашкоды няма. Па-расейску праводзяць экскурсіі і беларускамоўныя ў штодзённым жыцьці гіды.
З словах гарадзенца, экскурсаводы атрымліваюць «касьмічныя» грошы — 50 даляраў за тры гадзіны. Прычым групаў, паводле яго, едзе вельмі многа.
«А дзе яшчэ можна зарабіць 150 рублёў за некалькі гадзін?», — разважае ён.
Экскурсаводы, з словаў Ільлі, стараюцца не выказвацца на тэму вайны Расеі супраць Украіны, калі вядуць групу, хоць, паводле яго, часам, шпацыруючы па горадзе, можна было б правесьці паралелі з Другой усясьветнай вайной. Наколькі ён ведае, простай забароны на гэтую тэму ад уладаў няма, але гіды і так стараюцца яе абысьці, нават калі ўдзельнікі вандроўкі яе падымаюць.
Стары замак абавязковы для наведваньня
Кірунак турыстычных паслугаў памяняў вэктар з заходняга на ўсходні. Ільля ўспамінае, што раней абавязковым пунктам экскурсіі было наведваньне дому Элізы Ажэшкі, нягледзячы на тое, што там цесныя пакоі, і вялікай групе было цяжка там сабрацца і слухаць вядоўцу. Але гэта тое, што можна было паказаць гасьцям з Польшчы — дом польскай пісьменьніцы, помнік ёй і нават пахаваньне на старых горадзенскіх могілках.
Цяпер жа ў Ажэшчын дом звычайна не заходзяць. Месцам, куды вядуць усіх турыстаў, стаў Стары замак. Калі Горадня ўваходзіла ў склад Расейскай імпэрыі, у XIX стагодзьдзі ў Старым замку месьціліся афіцэрскі сход, казарма, вайсковы шпіталь. Праўда, пасьля чарговага этапу спрэчнай рэканструкцыі гарадзенцы іранічна называюць яго «навейшы замак» (бо ёсьць яшчэ Новы замак, які пабудавалі ў XVIII стагодзьдзі). Гэта намёк на тое, што аднавілі яго ня так, як ён выглядаў даўней.
У Старым замку цяпер можна паглядзець ня толькі на адноўленыя каралеўскія памяшканьні, але і на музэйныя экспазыцыі розных эпохаў, што разьмясьціліся на некалькіх паверхах палацу. Разынкай замку стала аглядная тэраса наверсе, зь якой найчасьцей выкладаюць здымкі наведнікі.
«Стары замак зарабляе вялікія грошы. Туды пастаянна ідуць людзі. Яны ў летні пэрыяд нават падаўжалі час працы», — кажа Ільля.
Зьнікла лацінка, пабольшала сьцягоў
Калі толькі ўвялі бязьвіз, у цэнтры Горадні зьявіліся паказальнікі з назвамі вуліц і лацінкаю. Так гасьцям з многіх краін было прасьцей арыентавацца. Аднак у 2023 годзе гэтыя паказальнікі зьнялі. Таксама выдалілі надпісы лацінскімі літарамі з шыльдаў на выезьдзе з гораду, нават у польскіх тапонімах. Гэта адбылося ў тым ліку пасьля скаргаў прарасейскай актывісткі Вольгі Бондаравай.
Зьмянілася эстэтыка вуліц. Паўсюль чырвона-зялёныя сьцягі. Яны вісяць на ўсіх будынках дзяржаўных арганізацыяў, школаў, паліклінік. Нават падчас выступленьня флайбардзістаў (якія выконваюць трукі ў паветры на дошцы, якую трымае струмень вады) на Дзень гораду ў Горадні спартоўцы пускалі дым двух колераў — чырвонага і зялёнага.
Чырвона-зялёны сьцяг дзяржаўны ў сучаснай Беларусі. У 2020 годзе пратэстоўцы выразна супрацьпаставілі яму бел-чырвона-белы сьцяг — нацыянальны сьцяг беларусаў, які стаў сымбалем барацьбы і нязгоды з фактычнай уладай.
Арэлі на набярэжнай, лаўка-мазаіка
Звонку цэнтар гораду зьмяняецца. У ім зьяўляюцца турыстычныя цікавінкі.
«Турыстычныя пункты застаюцца і нават адкрываюцца новыя», — кажа гарадзенка Алена.
Сёлета ўлетку ў парку Жылібэра зьявілася лаўка-мазаіка. Яна складаецца з мноства драўляных брускоў, якія круцяцца. Зь іх можна скласьці самыя папулярныя адметнасьці Горадні: Калоскую царкву, Фарны касьцёл і Стары замак. Падобныя лаўкі ўжо паставілі ў Віцебску, Менску, Гомлі.
Летась на Савецкай плошчы ў Горадні зьявіўся «ветлівы ліхтар», які здымае капялюш, калі цісьнеш яму руку (так, у ліхтара ёсьць рука). Фірма-аўтар гэтых цікавінак адная і тая ж: яна ставіла падобныя ліхтары і лаўкі таксама ў Расеі.
У 2023 годзе ў Горадні стварылі агромністы мурал плошчай каля 400 квадратных мэтраў. Ён месьціцца ў дворыку на вуліцы Карла Маркса, непадалёк ад Савецкай плошчы. На ім выяўленыя пажарная вежа, Каложа, Стары замак, Фарны касьцёл, алень сьвятога Губэрта — сымбаль гораду, сюжэты з паляваньня. Аўтарам ідэі і спонсарам муралу стаў былы дырэктар горадзенскага мясакамбінату Анатоль Грышук разам зь сябрамі, бо хацеў добраўпарадкаваць непрывабны двор у цэнтры гораду.
Сёлета ўвесну на Левабярэжнай адкрылі аглядную пляцоўку на горад з некалькімі вялікімі арэлямі. У сетках пішуць, што яны папулярныя.
Новыя ўстановы грунтуюць свой маркетынг на гісторыі гораду. Прыкладам, гатэль і рэстарацыя, якія адкрыліся сёлета на Віленскай вуліцы ў старым доме, дзе калісьці жыў Лютэк — гарадзенская знакамітасьць і легенда, якога лічылі гарадзкім дзіваком.
Працягваюць аднаўляць піўны бровар пад Старым мостам, які закрыты ўжо амаль дваццаць гадоў, перажыў пажар і зьмену некалькіх уласьнікаў. Яго называюць у народзе «новым броварам». На ім плянуюць павесіць надпіс «Бровар Кунца» (Юзаф Кунц заснаваў тут бровар у 1868 годзе). Пасьля аднаўленьня тут хочуць адкрыць рэстарацыю, кавярні, залю праектаў дызайнэраў.
Пра попыт сьведчаць і крамы, якія адкрываюцца апошнім часам у цэнтры гораду: крама драўляных вырабаў ручной працы, крама дызайнэрскага адзеньня.
«Паціху пачынаецца нешта пасьля пэрыяду паўсьмерці»
Пасьля нацыянальнага страйку ў кастрычніку 2020 году, калі некаторыя кавярні закрыліся на дзень, яны мусілі зьмяніць назву і юрыдычную асобу, каб працягнуць працу. Такім было патрабаваньне ўладаў. Таму за пяць гадоў новых назваў шмат. Але адкрываюцца і сапраўды новыя кавярні і рэстарацыі.
Адным з галоўных месцаў збору застаюцца дворыкі і кавярні на Маставой вуліцы побач з Савецкай плошчай, а таксама ўстановы ўздоўж Савецкай і Вялікай Траецкай вуліцаў. Адкрылася рэстарацыя з прэтэнзіяй на атмасфэру Флярэнцыі на вуліцы Замкавай, дзе можна паспытаць вустрыцы і морскага ваўка. У адной з кавярняў гораду застаецца папулярнай кава «па-паўстанцку», якую падпальваюць, калі прыносяць.
«Новыя кавярні, якія адкрыліся ў Горадні, клясьненькія, модныя, смачныя, прыгожыя. Паціху, мне здаецца, пачынаецца нешта — пасьля пэрыяду паўсьмерці», — кажа гарадзенка Тацяна.
Нягледзячы на спробы забараніць гучную музыку ў дворыках у цэнтры сёлета ўлетку, у Горадні і надалей адбываліся камэрныя канцэрты ў летніх кавярнях, у дворыках.
«Мне здаецца, людзі нагэтулькі стаміліся ад усяго, што пачынаюць кудысьці хадзіць, нешта рабіць», — камэнтуе Тацяна актыўнасьць у тым ліку самых гарадзенцаў у правядзеньні свайго вольнага часу.
Гарадзенец Ільля заўважае, што Горадня багацее, зьмяняецца, разрастаецца. Але ён ставіцца да гэтага скептычна. І ўспамінае, як падчас Галакосту людзі раскрадалі золата габрэяў, якое тыя схавалі ў спадзеве яшчэ вярнуцца дадому.
«Гэта як кветкі, але кветкі на магіле. Вам так не здаецца?».
Форум