Ён сказаў пра гэта журналістам у Кіеве 4 лютага па выніках сустрэчы з кіраўніком МАГАТЭ Рафаэлем Гросі.
Зяленскі адзначыў, што інвэстыцыі ў карысныя выкапні Ўкраіны — адзін з пунктаў ягонага «пляну перамогі».
«Расея яшчэ з 2014 году акупавала нашыя землі, часткова там былі сапраўды вялікія аб’ёмы нашых карысных выкапняў. Мы адкрытыя для таго, што ўсё гэта можа быць распрацавана з нашымі партнэрамі, якія дапамагаюць абараняць нашу зямлю і штурхаюць ворага назад сваёй зброяй, прысутнасьцю, санкцыйнымі пакетамі», — сказаў Зяленскі.
Ён удакладніў, што ўжо абмяркоўваў гэтае пытаньне падчас сустрэчы з Дональдам Трампам у верасьні 2024 году.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 3 лютага заявіў, што Вашынгтон гатовы надаць Украіне ваенную дапамогу ў абмен на яе рэдказямельныя мэталы, якія выкарыстоўваюцца ў электроніцы.
У Крамлі, камэнтуючы гэта, заявілі, што зацікаўленасьць Трампа ў рэдказямельных мэталах Украіны — прапанова купляць ваенную дапамогу. А канцлер Нямеччыны Оляф Шольц асудзіў прапанову Трампа, заявіўшы, што ўвязаць далейшую абаронную дапамогу Ўкраіне з правамі доступу да яе каштоўнай сыравіны «было б вельмі эгаістычна». Паводле яго, гэтыя рэсурсы лепш было б выкарыстоўваць для аднаўленьня Ўкраіны пасьля вайны.
У канцы верасьня 2024 году Ўладзімір Зяленскі лётаў у ЗША, дзе прадставіў свой «плян перамогі Ўкраіны» як дэмакратам, так і рэспубліканцам на чале з Дональдам Трампам. Як пазьней высьветлілі журналісты Financial Times, два з пяці пунктаў гэтага пляну ў Кіеве распрацавалі непасрэдна для Трампа: першы пункт — Кіеў прапануе пасьля заканчэньня вайны замяніць амэрыканскіх вайскоўцаў у Эўропе ўкраінцамі, другі — Украіна падзеліцца з заходнімі партнэрамі сваімі найважнейшымі прыроднымі рэсурсамі.
- Украіна валодае значнымі запасамі тытана, а таксама прыкладна 500 тысячамі тон літыя, агульны кошт якіх ацэньваецца ў дзясяткі трыльёнаў даляраў, адзначае Financial Times. Некаторыя зь іх знаходзяцца пад пагрозай страты ці ўжо трапілі пад расейскую акупацыю.
- Украіна мае найбуйнейшыя запасы літыя і тытана ў Эўропе, казала ў 2023 годзе міністарка эканомікі Ўкраіны Юлія Сьвірыдзенка. Некаторыя радовішчы бэрылію, цырконію, танталу, комплекс фосфарных рудаў рэдказямельных і рэдкіх мэталаў унікальныя, гаворыцца на сайце галіновай выставы Mining World Ukraine. Акрамя таго, краіна мае магчымасьць выйсьці на сусьветны рынак з чыстымі і звышчыстымі мэталамі, такімі як галій, індый, талій, сьвінец, волава.
- Агульны кошт карысных выкапняў Украіны, паводле ацэнкі Forbes па стане на 2023 год, складаў 14, 8 трыльёнаў даляраў. Больш за 70% зь іх прыпадаюць на Данецкую, Днепрапятроўскую і Луганскую вобласьці краіны. Агульны абʼём карысных выкапняў складае 111 мільярдаў тон.
- Да пачатку 2025 году Ўкраіна страціла два з чатырох радовішчаў літыя — ключавога кампанэнта для акумулятараў электрамабіляў і іншых прыладаў. Паводле зьвестак на 2023 год, Расея кантралявала больш за 700 радовішчаў карысных выкапняў на акупаваных тэрыторыях.
- Атрымаўшы доступ да ўкраінскіх рэсурсаў, ЗША зьменшаць сваю залежнасьць ад Кітая, які здабывае каля 60% усіх рэдказямельных мэталаў у сьвеце і перапрацоўвае амаль 90%. У 2023 годзе ўлады КНР забаранілі экспарт тэхналёгіяў выманьня і апрацоўкі рэдказямельных мэталаў, што моцна ўскладніла здабычу, якую вядуць ЗША і іх саюзьнікі.
Форум