2 гады пратэстаў, абяцаньні рэфэрэндуму
Берасьцейскі акумулятарны завод, які цяпер уваходзіць у кампанію «Акумулятарны альянс», часова ня будзе працаваць. Пра тое, што завод ідзе ў часовы прастой да 12 траўня, напісала „Еўрарадыё“ з спасылкай на кадравую службу прадпрыемства.
Інфармацыю аб тым, што завод часова не будзе працаваць і не наймае людзей да 12 траўня, таксама пацьвердзілі ў аддзеле кадраў чытачу Свабоды, які зьвярнуўся туды з пытаньнем пра актуальныя вакансіі.
Пры гэтым кампанія працягвае наймаць людзей на вытворчасьці ў іншых гарадах – на завод «Зубр Энэрджы» у Пінску і ў яго менскае аддзяленьне. Вакансіяў у Берасьці пакуль няма.
Гэтае прадпрыемства ня раз спынялася, трапляла ў скандалы і перажывала рэарганізацыю. Акумулятарны завод «АйПаўэр» у Берасьці пачалі будаваць у канцы 2017 году непадалёк ад гораду, плянавалася забясьпечыць поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэяў.
Магчымае забруджваньне паветра і глебы праз выкіды сьвінцу выклікала асьцярогу гараджан і жыхароў вёсак паблізу. З сакавіка 2018 году пачаўся працяглы пратэст апанэнтаў будаўніцтва заводу. Адной зь яго яскравых праяваў стала штотыднёвае «кармленьне галубоў» на цэнтральнай плошчы Леніна. Людзі зьбіраліся разам, каб падчас дзеяньня, якое фармальна не падпадае пад заканадаўства аб масавых акцыях, абмяркоўваць сытуацыю і дзяліцца задумамі далейшых крокаў.
Праз паўтара года пратэстаў, у чэрвені 2019-га, мясцовыя ўлады прыпынілі будаўніцтва. Тады ж з актывістамі сустрэўся тагачасны кіраўнік рэгіёну Анатоль Ліс. У красавіку 2020 году дзяржаўная экалягічная экспэртыза выдала кампаніі «АйПаўэр» станоўчую выснову, даўшы зялёнае сьвятло для запуску прадпрыемства. У сувязі з гэтым рашэньнем пратэсты не сьціхалі нават падчас пандэміі, а ўлады ад абяцаньняў разабрацца ў сытуацыі перайшлі да затрыманьняў і штрафаў.
У 2020 годзе у Берасьце прыяжджаў Лукашэнка. Ён паабяцаў мясцовым актывістам правесьці рэфэрэндум наконт акумулятарнага заводу. Гэта не было зроблена.
22 траўня 2020 году ТАА «АйПаўэр» вывелі з-пад кантролю групы кампаніяў 1AK-GROUP – прадалі 100% долі у статутным фондзе. Долі ў статутным фондзе атрымалі бізнэсовец Сяргей Кагановіч і хакейны функцыянэр Дзьмітры Баскаў. Тады ж прадпрыемства перайменавалі ў «Акумулятарны Альянс».
Увосень 2021 году Кагановіч і Баскаў дасягнулі дамоўленасьці з былымі ўладальнікамі Віктарам Лемяшэўскім і Аляксадрам Папком. Апошнія праз расейскую кампанію «Арконт» атрымалі 40% у «Акумулятарным Альянсе», Баскаў павялічыў сваю долю да 40%, а яшчэ 20% перайшлі Берасьцейскаму аблвыканкаму. Завод займаўся выпускам прадукцыі і пастаўкамі, сярод іншага, на расейскі рынак.
Паводле крыніцаў Свабоды, апошнімі часамі на берасьцейскай вытворчасьці была вялікая кадравая нестабільнасьць.
5 сьмерцяў
Доўгі час Беларусь імпартавала беленую цэлюлёзу – гэта важная сыравіна для паперы. Яе вытворчасьці ў краіне не існавала, пакуль на базе Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату вырашылі наладзіць свой выраб беленай цэлюлёзы.
У кастрычніку 2010-га ўлады Беларусі падпісалі кантракт з кітайскай фірмай САМСЕ на будаўніцтва заводу сульфатнай беленай цэлюлёзы. 85% сумы на будаўніцтва новага заводу на базе Сьветлагорскага ЦКК – гэта кітайскі крэдыт у 800 мільёнаў даляраў. Плянавалася, што новае прадпрыемства пачне працу ў 2015 годзе.
У 2016 Сьветлагорскі ЦКК увайшоў у дзясятку самых стратных кампаніяў краіны, заняўшы ў сьпісе другое месца (на першым апынуўся «Гомсельмаш»). Завод яшчэ не запусьцілі, а мясцовыя жыхары ўжо скардзіліся на смурод і кепскае самаадчуваньне ад яго. У 2019 годзе завод пакінулі кітайскія інвэстары. Прычынамі назвалі будаўніцтва з адставаньнем ад графіку, парушэньне нормаў, факты пастаўкі бракаванага абсталяваньня. Кітайскія падраднікі ў выніку адмаўляліся ўводзіць завод у эксплюатацыю. Кантракт скасавалі, даводзіць прадпрыемства да ладу давялося ўжо беларусам. Да верасьня 2019 году высьветлілася, што для заводу так і не распрацавалімэтодыкі вымярэньня шкодных выкідаў.
Апошняя фінансава-эканамічная справаздача Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату датуецца 2021 годам. Паводле яе, завод у 2021 годзе меў прыбытак 9 мільёнаў рублёў пры доўгатэрміновых даўгах у 2,3 мільярда і непакрытых стратах у 517 мільёнаў рублёў.
У 2020 годзе завод яшчэ не дасягнуў поўнай магутнасьці, але там адбылося адразу некалькі трагічных здарэньняў. 30 ліпеня паведамлялі пра аварыю, падчас якой пацярпелі двое рабочых. Адзін зь іх, кваліфікаваны зварнік Аляксей Сасноўскі, неўзабаве памёр. 19 кастрычніка гэтага ж году на заводзе адбыўся выбух і пачаўся пажар. У выніку здарэньня загінуў яшчэ адзін зварнік, Аляксандар Русіновіч.
16 студзеня 2021 году двое рабочых атруціліся на заводзе хлёрам, абодва апынуліся ў лякарні.
У 2022 годзе на камбінаце адбыўся пажар, гарэлі адыходы драніцаў і пілавіньне.
7 чэрвеня 2023 году на заводзе адбыўся выбух, у выніку якога загінулі тры чалавекі.
Тады ж у 2023 годзе завод праз суд аштрафавалі за нясвоечасовае афармленьне прыродаахоўных дакумэнтаў. Згодна з інфармацыяй суразмоўцаў Свабоды, жыхары Сьветлагорскага раёну па-ранейшаму цярпяць ад смуроду з гэтага прадпрыемства, сам завод працуе.
Улады Беларусі некалькі разоў фінансава падтрымлівалі прадпрыемства. Напрыклад, у 2023 годзе дзяржава павялічыла сваю долю ў ім.
Згодна з базай вакансіяў, на прадпрыемстве зараз 51 вольнае працоўнае месца.
Цяпер у Беларусі хочуць пабудаваць новы цэлюлёзна-кардонны камбінат. І зноў на базе кітайскіх тэхналёгіяў.
Miory Steel: Было прыватнае, стала дзяржаўнае
У 2012 годзе стала вядома пра амбітны праект мэталапракатнага заводу на поўначы Беларусі. Плянавалася, што завод будзе вырабляць белую бляху і дазволіць скараціць яе імпарт або увогуле абысьціся безь яго. У 2015 годзе пачалося актыўнае будаўніцтва.
Паводле праеку завод мусіў вырабляць 150 тысяч тон бляхі на год (Беларусі патрэбна 30 тысяч). Пад новае прадпрыемства адвялі 40 гектараў зямлі непадалёк ад мёрскай чыгуначнай станцыі. Плянаваны кошт праекту пачаткова складаў 200 мільёнаў эўра. Запусьціць завод зьбіраліся ў 2016 годзе. Да 2022-га гэта было прыватнае прадпрыемства, асноўны інвэстар – аўстрыйская кампанія ММРZ GmbH.
Першую прадукцыю Мёрскі мэталапракатны завод здолеў выпусьціць толькі ў жніўні 2020 году. Афіцыйнае адкрыцьцё адбылося 7 лістапада з удзелам прэм’ера Рамана Галоўчанкі. Тады плянавалася, што завод акупіцца за пяць гадоў. 2020 год прадпрыемства завяршыла з стратамі ў 5,8 мільёна рублёў. А ў жніўні 2020 году яно стала партнэрам каманды «Формулы-1» – «Макларэн».
У чэрвені 2021 году на завод меўся прыехаць Лукашэнка, але замест яго прыехалі сілавікі і затрымалі ўсё кіраўніцтва і некаторых іншых супрацоўнікаў. За кратамі апынуліся кіраўнік рады дырэктараў Аляксей Кавалёнак, генэральны дырэктар заводу Пётра Шуміковіч, намесьнік у фінансах Дзьмітры Слаўнікаў. Іх абвінавацілі ў злоўжываньні ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, ухіленьні ад сплаты падаткаў і спрыяньні злачынству.
8 жніўня 2022 году на завод прыехаў Аляксандар Лукашэнка і заявіў аб яго нацыяналізацыі, даўгі прадпрыемства ўзяла на сябе дзяржава. Таксама палітык абвінаваціў уласьнікаў заводу ў тым, што яны прысвоілі грошы. Маўляў, прадпрыемства не магло каштаваць 400 мільёнаў эўра, хоць раней у КДК гэтыя лічбы пытаньняў не выклікалі.
Пазьней кампанію, якая валодала заводам, зьліквідавалі праз суд, а новым уладальнікам прадпрыемства стала новаствораная дзяржаўная «Мэталапракатная кампанія», якая працуе пад брэндам Tinergy. Актуальных зьвестак аб фінансавай дзейнасьці кампанія не публікуе.
Stadler: Хацелі будаваць свае цягнікі, закупляюць расейскія
Праект вытворчасьці сучасных цягнікоў кампаніі Stadler у Фаніпалі пад Менскам пачаўся ў 2012 годзе, першыя цягнікі пачалі выпускаць ужо ў 2013 годзе. Плянавалася, што прадпрыемства будзе выпускаць цягнікі для Беларусі, рынку СНД ды іншых краін.
У 2020 годзе паведамлялі, што 70% прадукцыі беларускага заводу ідзе на экспарт у Эўропу, а траціна – на беларускі рынак і рынак СНД.
Плянавалася таксама, што гэтае прадпрыемства вырабіць электрацягнікі для трэцяй лініі менскага мэтро.
Пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну завод трапіў пад санкцыі. Большасьць неабходных для вытворчасьці дэталяў, якія раней закуплялі ў Эўразьвязе, сталі недаступныя. Прадпрыемства пачало скарачаць штат супрацоўнікаў і аб’ём паслуг.
У 2023 годзе стала вядома, што беларускі Stadler ня зможа паставіць вагоны для менскага мэтрапалітэну, іх купілі ў Расеі.
Пры гэтым завод застаецца ўласнасьцю Stadler, як вынікае з гадавой справаздачы кампаніі.
У верасьні летась міністар транспарту і камунікацыяў Аляксей Ляхновіч казаў пра магчымы прыход на гэтае прадпрыемства расейскіх інвэстараў. Як гэта магчыма пры тым, што кампанія – уласнасьць швайцарскага Stadler, не тлумачылі.
Эміграцыя заводу оптыкі
Гісторыя закрытага акцыянэрнага таварыства «Белтэкс Оптык» у Лідзе пачалася з малога прадпрыемства «Надзея», на якім у 1991 годзе зьбіралі аптыяныя прылады. У 1995 годзе выпускалі тэатральныя біноклі на замову з ЗША. У 1998-м на базе зьліцьця «Надзеі» і гандлёвай аптычнай кампаніі ў амэрыканскім Тэхасе было створана прадпрыемства «Белтэкс Оптык», зь якога пазьней вырасла прадпрыемства Yukon Advanced Optics Worldwide.
Стварыў прадпрыемства ў Лідзе, а затым і міжнародную кампанію Yukon Advanced Optics Worldwide з галоўным офісам у Літве беларус Аляксандар Альшэўскі. У красавіку 2023 году ён раптоўна памёр ва ўзросьце 61 год.
У 2019 годзе ў Лідзе ўрачыста ўсталявалі помнік Гедзіміну. Помнік быў зроблены за сродкі ЗАТ «Белтэкс Оптык». У 2020 годзе, як сьведчыць крыніца Свабоды, многія супрацоўнікі прыватнага прадпрыемства тым ці іншым чынам падтрымлівалі пратэст. У 2021 годзе Yukon Advanced Optics Worldwide зрабілася найбуйнейшым падаткаплатнікам Літвы зь беларускім капіталам.
У Літве фірма вяла дзейнасьць з 2005-га, цяпер там яе галоўны офіс.
Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне кампанія заявіла аб спыненьні продажаў у Расеі і Беларусі, а таксама пачала працэдуру ліквідацыі сваіх адзінак у Расеі.
У чэрвені 2023 году літоўскія СМІ апублікавалі расьсьледаваньне, якое сьведчыла, што кампанія Yukon Advanced Optics Worldwide, нягледзячы на заявы, працягнула сваю працу ў Расеі. Yukon заяўляла ў адказ, што прылады траплялі да расейцаў празь нелегальныя каналы, нягледзячы на забарону кампаніі.
Yukon Advanced Optics Worldwide шукае пакупніка на беларускі актыў, аднак гэта цяжка зрабіць, бо беларускія ўлады ўключылі кампанію ў сьпіс арганізацый-інвэстараў, якія ня могуць прадаць свае актывы ў Беларусі. Такія абмежавальныя ўмовы для бізнэсу ўлады Беларусі прынялі для «інвэстараў з несяброўскіх краін». У 2024 годзе выйшла паслабленьне для гэтых правілаў, прадаць актывы можна з дазволу органаў улады.
Згодна з рэестрам кампаніяў на сайце Kartoteka.by, «Белтэкс Оптык» не знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі, гэта дзейная юрыдычная асоба. Вакансіяў у гэтай аганізацыі ў агульнанацыянальным банку вакансіяў і на іншых сайтах не знаходзім.
Беларуская дзяржава імкнецца да канца «цягнуць» нават стратныя прадпрыемствы. Гэта заўважае старэйшая навуковая супрацоўніца BEROC Анастасія Лузгіна.
«Часта ўзьнікае пытаньне: як ацэньвалася мэтазгоднасьць таго ці іншага прадпрыемства? Прыватнік звычайна зацікаўлены, каб ягоныя сродкі ня зьніклі. У дзяржаўных плянах мы ня бачым, ці былі гэтыя праекты прадуманыя, ці ўсё ўлічвалася», – падкрэсьлівае суразмоўца.
У кожным праекце, паводле эканамісткі, варта ўлічваць яго мэтазгоднасьць, эфэктыўнасьць плянаў, мэнэнджмэнт і вонкавыя фактары, якіх кампанія ня можа прадказаць.
«Калі праект прыватны і нешта не ўдаецца, то ён закрываецца. У Беларусі ж імкнуцца ўсімі сіламі іх выцягнуць, нават калі яны стратныя. Гэтая шматгадовая падтрымка адбываецца коштам падаткаплатнікаў, то бок коштам грамадзянаў», – падсумоўвае Анастасія Лузгіна.
У беларускай прамысловасьці 27,7% арганізацыяў стратныя, як вынікае з дадзеных Белстату на сёлетні студзень. Летась у студзені такіх арганізацыяў было 26,5%.
Форум