Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі генэрал заявіў, што паветраныя балёны зь Беларусі выкарыстоўвалі толькі для кантрабанды


Балён з кантрабандай зь Беларусі ў Літве. Архіўнае фота
Балён з кантрабандай зь Беларусі ў Літве. Архіўнае фота

Кіраўнік Памежнай службы Літвы зазначыў, што зьвестак аб тым, што паветраныя балёны несьлі нейкія іншыя грузы, а не кантрабанду, у іх няма.

«Нашы зьвесткі і досьвед паказваюць, што кантрабанда на паветраных балёнах дагэтуль не выкарыстоўвалася для іншых мэтаў зь вельмі простай прычыны: паветраныя балёны не кантралююцца, яны вельмі залежныя ад умоваў надвор’я і кірунку ветру, і вельмі складана разьлічыць пункт іх прызямленьня», — заявіў кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы генэрал Рустамас Любаевас у пятніцу 24 кастрычніка радыё LRT.

«Менавіта таму выкарыстоўваюцца GPS-перадатчыкі, каб пры падзеньні балёна груз можна было знайсьці пазьней», — дадаў ён.

Паводле кіраўніка літоўскага памежнага ведамства, зь мінулага году, калі былі знойдзеныя кантрабандныя паветраныя балёны, яны ні разу не транспартавалі іншыя грузы, акрамя кантрабандных цыгарэт.

У ноч на 22 кастрычніка ў Літву з тэрыторыі Беларусі прыляцела некалькі дзясяткаў паветраных балёнаў. У выніку была парушана праца Віленскага аэрапорту, што закранула каля 30 рэйсаў і больш за 4 тысячы пасажыраў, а два апошнія пункты пропуску на мяжы Літвы зь Беларусьсю былі часова закрытыя.

У выпадку паўтарэньня такой сытуацыі прэмʼерка Літвы Інга Ругінене абяцае поўнае закрыцьцё межаў зь Беларусьсю. Ругінене заявіла 23 кастрычніка, што Літва будзе жорстка рэагаваць на паўторныя парушэньні паветранай прасторы балёнамі з кантрабандай зь Беларусі і ня будзе весьці перамовы зь Менскам.

22 кастрычніка, першы раз камэнтуючы масавы прылёт паветраных балёнаў у Літву, Ругінене сказала, што хоча, каб «Беларусь таксама адказна паставілася да гэтых падзеяў, якімі б ні былі палітычныя адносіны».

«Ніякіх перамоваў зь Беларусьсю ня будзе, і калі мы ўбачым дзеяньні супраць, калі ўбачым, што кантрабанда і надалей свабодна ідзе церазь мяжу, нашы службы будуць рэагаваць жорстка тут і цяпер», — заявіла прэмʼер-міністар Літвы Інга Ругінене.

У тэлеграм-канале «Глас МИДа», блізкім да Міністэрства замежных справаў Беларусі, зьявіўся допіс, які можна лічыць камэнтаром да выказваньняў літоўскай прэмʼер-міністаркі Інгі Ругінене. У допісе — прапанова сядаць за стол перамоваў.

Пасьля таго як дзясяткі паветраных зондаў з кантрабандай уначы прыляцелі зь Беларусі ў Літву і парушылі працу Віленскага аэрапорту, кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустамас Любаевас заявіў, што літоўскія памежнікі перахапілі 12 такіх мэтэазондаў і затрымалі чатырох чалавек.

Балёны, якія выкарыстоўваюць для кантрабанды цыгарэт зь Беларусі, запускалі не з аднаго месца, гэта была скаардынаваная апэрацыя, заявіў кіраўнік літоўскага Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызісамі (НЦУК) Вілмантас Віткаўскас.

Перад гэтым кантрабандныя балёны спынялі працу аэрапорту ў пачатку кастрычніка. Тады паветраную прастору Літвы парушылі больш за 20 мэтэазондаў.

Пасьля таго як Літва закрыла частку памежных пераходаў зь Беларусьсю, паставіла фізычную загароду на мяжы і ўзмацніла яе ахову, мэтэазонды сталі адным з самых папулярных спосабаў перавозу кантрабандных цыгарэт.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG