Лінкі ўнівэрсальнага доступу

150 тысяч пакістанцаў замест 500 тысяч беларусаў: стратэгічны ход Лукашэнкі як спосаб умацаваньня рэжыму? Аналіз Валера Карбалевіча


Аляксандар Лукашэнка і прэмʼер-міністар Пакістану Шагбаз Шарыф (у цэнтры). Менск, 11 красавіка
Аляксандар Лукашэнка і прэмʼер-міністар Пакістану Шагбаз Шарыф (у цэнтры). Менск, 11 красавіка

Выкінуць зь Беларусі больш за паўмільёна неляяльных беларусаў, а на іх месца завезьці 150 тысяч пакістанцаў — стратэгічная задума. Гэта вельмі адмоўна ўплывае на эканоміку, але ўмацуе рэжым. Улады штучна закрываюць для беларусаў Эўропу і гвалтам цягнуць краіну ў Азію, Афрыку, у сьвет з зусім іншымі культурай, рэлігіяй, традыцыямі.

Сьцісла:

  • У зьвязку з дэфіцытам працоўных рэсурсаў у Беларусь плянуецца завезьці да 150 тысяч пакістанцаў.
  • Беларуская эміграцыя мае свае асаблівасьці. Галоўны яе чыньнік — палітычны. Ідзецца пра сьвядомае выцісканьне з краіны людзей, незадаволеных існым рэжымам.
  • Пасьля 2020 году Лукашэнка аб’явіў пра геапалітычны разварот, разрыў з Захадам, з Эўропай, саюз з «глябальным Поўднем». Цяпер гэты паварот беларусы могуць адчуць у штодзённым жыцьці.
  • Іншая рэч, што гэтая ідэя, як і іншыя шматлікія пражэкты Лукашэнкі, імаверна, закончыцца пшыкам. Бо той узровень заробкаў, які існуе ў Беларусі, ня вельмі прывабны для жыхароў Поўдня.

Працэс глябалізацыі нарэшце закрануў і Беларусь. Цяпер і тут могуць зьявіцца гастарбайтэры. Аляксандар Лукашэнка ашчасьлівіў беларусаў радаснай навіной. Падчас візыту ў Беларусь прэм’ер-міністра Пакістану Шагбаза Шарыфа было аб’яўлена пра, можна сказаць, гістарычную дамоўленасьць. У зьвязку з дэфіцытам працоўных рэсурсаў сюды плянуецца завезьці да 150 тысяч пакістанцаў зь сем’ямі. Як падкрэсьліў Лукашэнка, «мы ім створым такія ж умовы, як для беларусаў», «беларускі бок акажа спрыяньне з жыльлём». Такім чынам, спэцапэрацыя замены беларусаў пакістанцамі займела канкрэтны плян.

Беларуская эміграцыя мае свае асаблівасьці: галоўны яе чыньнік — палітычны

Міграцыя людзей у пошуках лепшай долі — звычайная зьява ў сучасным глябалізаваным сьвеце. І ў суседніх зь Беларусьсю краінах (Літва, Латвія, Польшча) шмат людзей, асабліва маладых, зьехалі ў краіны Заходняй Эўропы, бо там вышэйшыя заробкі.

Аднак беларуская эміграцыя мае свае асаблівасьці. Галоўны яе чыньнік — палітычны. За кароткі час пасьля 2020 году з краіны зьехалі 500-600 тысяч чалавек. Прычым маладых, адукаваных, кваліфікаваных. Палітычныя рэпрэсіі, распачатыя рэжымам, сталі хоць не адзінай, але важнай прычынай эміграцыі.

Зьвярніце ўвагу, як часта Лукашэнка ўзгадвае «зьбеглых». Улады ня моцна перашкаджаюць выезду за мяжу ўсіх палітычна неляяльных грамадзян і асабліва не хаваюць гэтага. То бок ідзецца пра сьвядомае выцісканьне, выштурхоўваньне з краіны людзей, незадаволеных існым рэжымам. Бо іх так шмат, што вязьніц не хапае.

Такім чынам, ідэя палягае ў тым, каб выкінуць зь Беларусі больш за паўмільёна неляяльных беларусаў, якія ня любяць Лукашэнку, а на іх месца завезьці 150 тысяч пакістанцаў, якія ня будуць нават думаць пра нейкія там палітычныя правы. Стратэгічнае мысьленьне. Гэта вельмі адмоўна ўплывае на эканоміку, але ўмацуе рэжым. Чаго ня зробіш дзеля ўлады. У гэтым і сутнасьць спэцапэрацыі.

Калі пасьля 2020 году Лукашэнка аб’явіў пра геапалітычны разварот, разрыў з Захадам, з Эўропай, саюз з «глябальным Поўднем», то спачатку здавалася, што ідзецца больш пра нейкія ідэалягічныя рэчы. Кшталту таго, што, маўляў, нам не патрэбныя заходнія каштоўнасьці, іхная мадэль дэмакратыі, свабодныя выбары, размовы аб правах чалавека. Можна яшчэ апавядаць пра пошукі новых рынкаў збыту ў краінах Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі, хоць з гэтага мала што атрымліваецца.

Гэта адмоўна ўплывае на эканоміку, але ўмацуе рэжым

А вось цяпер высьвятляецца, што паварот на Поўдзень беларусы могуць адчуць у штодзённым жыцьці. Бо калі сюды прыедуць 150 тысяч пакістанцаў з сем’ямі, то давядзецца іх неяк інтэграваць, будаваць школы з навучаньнем на мове урду (афіцыйная мова ў Пакістане), мячэці, нейкія культурныя ўстановы. Ці беларусы маральна-псыхалягічна гатовыя жыць побач зь людзьмі іншай культуры? Адказ невідавочны, бо такога досьведу яшчэ не было.

Але тут важная тэндэнцыя. Рэжым штучна закрывае для беларусаў Эўропу, адмаўляе эўрапейскую спадчыну і гвалтам цягне краіну ня толькі ў Расею, а ў Азію, Афрыку, у сьвет з зусім іншымі культурай, рэлігіяй, традыцыямі. І ўсё гэта пад акампанэмэнт развагаў пра захаваньне «традыцыйных каштоўнасьцяў». Прычым у саміх беларусаў ніхто не пытае, ці згодныя яны з такім разваротам.

Іншая рэч, што гэтая ідэя, як і іншыя шматлікія пражэкты Лукашэнкі, імаверна, закончыцца пшыкам. Бо той узровень заробкаў, які існуе ў Беларусі, ня вельмі прывабны для жыхароў Поўдня. Таму, нават калі пакістанцы і прыедуць у Беларусь, то, хутчэй, будуць імкнуцца ўсімі праўдамі і няпраўдамі ісьці далей па лепшае жыцьцё — у Эўропу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG