Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што азначае для Беларусі імкненьне Расеі далучыць расейскамоўныя рэгіёны Ўкраіны — аналіз Валера Карбалевіча


Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін паціскае руку прадстаўніку прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Стыву Ўіткафу падчас сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу 11 красавіка 2025 году
Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін паціскае руку прадстаўніку прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Стыву Ўіткафу падчас сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу 11 красавіка 2025 году

Прэтэнзіі РФ на расейскамоўныя рэгіёны Украіны цалкам выцякаюць з канцэпту «рускага сьвету». Паводле яго, усе, хто размаўляе на расейскай мове, зьяўляюцца прадстаўнікамі расейскай цывілізацыі.

Беларусь — у асноўным расейскамоўная краіна, дзе працэсы русіфікацыі і сьвядомага абмежаваньня на ўжываньне беларускай мовы сталі часткай дзяржаўнай палітыкі. Таму незалежнасьць Беларусі грунтуецца на вельмі хісткай аснове.

Сьцісла:

  • Вялікі рэзананс выклікала заява спэцпасланьніка прэзыдэнта ЗША Стыва Ўіткафа, што «Украіне могуць быць не патрэбныя расейскамоўныя рэгіёны».
  • Прэтэнзіі РФ на расейскамоўныя рэгіёны Украіны пагражаюць ня толькі Украіне. Такі падыход закладвае міну пад стабільнасьць і бясьпеку на постсавецкай прасторы, а, магчыма, ня толькі ў гэтым рэгіёне.
  • Палітыка русіфікацыі, навязваньне ідэалягемы «рускага сьвету» у Беларусі разбурае беларускую ідэнтычнасьць. Гэта стварае пагрозу незалежнасьці краіны.
  • Мова, як чыньнік, як інструмэнт абароны сувэрэнітэту ў ХХІ стагодзьдзі — такі нечаканы паварот, востры выклік, які паўстае перад незалежным грамадзтвам.

Вялікі рэзананс выклікала заява спецпасланьніка прэзыдэнта ЗША Стыва Ўіткафа пасьля ягонай трэцяй сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным 11 красавіка. Ён сказаў:

«Украіне могуць быць не патрэбныя расейскамоўныя рэгіёны… Зараз галоўная праблема — не працяглая агрэсія РФ, а нежаданьне Украіны аддаваць землі».

У гэтай заяве шмат аспэктаў, зь яе можна зрабіць многа высноваў. Тут закладзена цэлая канцэпцыя міжнародных адносін. Найперш, права вялікіх дзяржаваў на свабоду дзеяньняў, права сілы. Хоць нічога новага тут у прынцыпе няма. З даўніх часоў сыстэма міжнародных дачыненьняў грунтавалася на ўзаемаадносінах вялікіх дзяржаў. Шмат разоў рабіліся захады, каб дзеля захоўваньня балянсу сіл і інтарэсаў між імі ўвесьці іх канкурэнцыю ў пэўныя межы, стварыць нейкія правілы. Так зьявілася тое, што цяпер называецца міжнародным правам.

Але настаў час, калі ранейшы балянс сілаў паміж вялікімі дзяржавамі ці рэгіянальнымі аб’яднаньнямі (ЭЗ у якасьці прыкладу) зьмяніўся. Уся сыстэма міжнародных адносін разбалянсавался. Беларускія і расейскія дзяржаўныя мэдыі называюць гэта пераходам да «шматпалярнага сьвету». У такія пэрыяды «сьвет, заснаваны на правілах» разбураецца, права сілы выходзіць на першы плян. Якраз гэты працэс мы цяпер і перажываем.

Вайна Расеі супраць Украіны — клясычная каляніяльная вайна імпэрыі

Стыў Уіткаф прагаварыў, паўтарыў расейскія наратывы. Уладзімір Пуцін і расейская прапаганда не хаваюць, што ня лічаць ня толькі постсавецкія дзяржавы, але і краіны Эўропы рэальнымі міжнароднымі суб’ектамі. Масква ня хоча нават слухаць пра тое, што менавіта самі краіны Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы, як цяпер Украіна, імкнуліся далучыцца да НАТО. Іх суб’ектнасьць, права самастойна ўступаць у тыя ці іншыя саюзы Крамлём катэгарычна не прымаецца. Вайна Расеі супраць Украіны — гэта клясычная каляніяльная вайна імпэрыі за захаваньне кантролю над былымі калёніямі, то бок, постсавецкімі краінамі.

Прэтэнзіі РФ на расейскамоўныя рэгіёны Украіны цалкам выцякаюць з канцэпту «рускага сьвету». Паводле яго, усе, хто размаўляе на расейскай мове, зьяўляюцца прадстаўнікамі расейскай цывілізацыі, і Расея мае поўнае права абараняць іхнія інтарэсы. А працэсы ўкраінізацыі Масква аб’явіла «нацызмам».

Такая ідэалёгія, якая рэалізуецца Расеяй, пагражае ня толькі Ўкраіне. Украінскі ваенны аналітык Аляксей Капыцька з нагоды заявы Стыва Уіткафа піша:

«Недарэчнай балбатнёй на тэму рэгіянальных асаблівасьцей Украіны сёньня былі дэ-факта адрэзаныя і перададзеныя Расеі паўночныя і частка ўсходніх раёнаў Казахстана, Нарва ў Эстоніі, палова Латвіі, Беларусь, Малдова і рознае па дробязі».

То бок, такі падыход сапраўды закладвае міну пад стабільнасьць і бясьпеку на постсавецкай прасторы, а, магчыма, ня толькі ў гэтым рэгіёне.

Такі падыход закладвае міну пад стабільнасьць і бясьпеку на постсавецкай прасторы

Беларусь — у асноўным расейскамоўная краіна, дзе працэсы русіфікацыі і сьвядомага абмежаваньня на ўжываньне беларускай мовы сталі часткай дзяржаўнай палітыкі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Гэтая палітыка асабліва ўзмацнілася пасьля 2020 году. Ідэалягема «рускага сьвету» стала навязвацца беларускаму грамадзтву амаль у якасьці дзяржаўнай ідэалёгіі.

Лукашэнка ўвесь час даводзіць, што «беларусы і расейцы — адзін народ», «мы — такія ж рускія, толькі са знакам якасьці», у нас «агульная Айчына ад Берасьця да Ўладзівастоку». Дэманстрацыя ляяльнасьці, адданасьці Расеі павінна, паводле ягонай лёгікі, забясьпечыць стабільную эканамічную і палітычную падтрымку Беларусі з боку РФ. А таксама, павінна перадухіліць расейскую анэксію. Бо, маўляў, навошта ж нас захопліваць, далучаць да РФ, мы ж браты, у нас абсалютна прарасейская палітыка, мы ж ладзім інтэграцыю.

30 гадоў такая тактыка, палітычная лінія працуе. Беларусь разглядаецца Масквой як надзейны і адданы саюзьнік. І нават як узор, на які павінны арыентавацца іншыя постсавецкія дзяржавы, у прыватнасьці, Украіна.

Аднак вынікам такой палітыкі афіцыйнага Менску стала велізарная залежнасьць ад Расеі ва ўсіх сфэрах. І гэты працэс працягваецца, нарастае.

Мова як чыньнік, як інструмэнт абароны сувэрэнітэту ў ХХІ стагодзьдзі

Фактычна незалежнасьць Беларусі грунтуецца на вельмі хісткай аснове. Разбураецца беларуская ідэнтычнасьць, краіна афіцыйна пазыцыянуе сябе як дадатак да Расеі, як частка «рускага сьвету». І цяпер сувэрэнітэт Беларусі захоўваецца шмат у чым дзякуючы «добрай волі» Масквы. А калі пляны, намеры Крамля памяняюцца? Раптам Пуцін скажа: «Калі „беларусы і расейцы — адзін народ“, у нас „агульная Айчына“, вы размаўляеце на расейскай мове, то навошта вам асобная дзяржава?» І што зможа Лукашэнка запярэчыць?

І, дарэчы, тут па-іншаму, у новым ракурсе паўстае пытаньне пра беларускую мову. Калі мова становіцца крытэрыем прыналежнасьці насельніцтва да той ці іншай дзяржавы, то і стаўленьне да яе варта разглядаць у адпаведным прачытаньні. Асабліва калі вялікія дзяржавы кшталту Расеі, ЗША пачнуць разглядаць праблему ў такім рэчышчы.

Мова як чыньнік, як інструмэнт абароны сувэрэнітэту ў ХХІ стагодзьдзі — такі нечаканы паварот, востры выклік, які паўстае перад незалежным грамадзтвам. Бо на дзяржаву ў гэтым пытаньні разьлічваць нельга.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG