Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адчула сябе загнанай у кут». Чаму гісторыя з рашэньнем аб дэпартацыі маці Ваданосавай можа тычыцца многіх


Вядоўца Кацярына Ваданосава і яе маці Нэлі Ваданосава.
Вядоўца Кацярына Ваданосава і яе маці Нэлі Ваданосава.

Музыка, рэканструктарка традыцыйных строяў, Кацярына Ваданосава паведаміла ў Фэйсбуку, што яе 74‑гадовую маці Нэлі Ваданосаву хочуць дэпартаваць з Польшчы ў Літву. Паводле Кацярыны, дэпартацыя прызначаная на панядзелак 6 кастрычніка.

Кацярына Ваданосава атрымала шмат рэакцый на свой допіс у сацыяльных сетках, у тым ліку дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай у праўных пытаньнях Леаніда Марозава, які заняўся гэтай справай.

Пагутарылі зь Кацярынай Ваданосавай пра тое, што адбылося зь яе маці, а зь Леанідам Марозавым пра тое, наколькі гэта распаўсюджаная праблема для беларусаў у вымушанай эміграцыі і што можна можна зрабіць у такой сытуацыі.

Ваданосава: Супрацоўнікі памежнай службы перадалі ліст, што маці павінна прыехаць у варшаўскі аэрапорт 6 кастрычніка для дэпартацыі ў Літву

Кацярына Ваданосава
Кацярына Ваданосава

Кацярына Ваданосава — вядоўца школы традыцыйнага строю ў беластоцкім хабе «Новая зямля», рэканструктарка традыцыйных строяў, вядоўца на тэлеканале «Белсат», сьпявачка, музыка, мастачка. У мінулым — мадэль, вядоўца культурнай праграмы на дзяржаўнай беларускай тэлевізіі. Мае адукацыю гісторыка-рэлігіязнаўцы. Гадуе дваіх дзяцей. Цяпер жыве ў Беластоку. Анкалягічны дыягназ атрымала ў 2022 годзе. Прайшла праз апэрацыю, хіміятэрапію, прамянёвую тэрапію, працягвае гарманальную тэрапія.

Кацярына расказала Свабодзе, што год таму да яе маці ў Беларусі прыйшлі супрацоўнікі КДБ. З маці ўзялі падпіску пра неразгалошваньне.

«Падчас візыту гэтых «ветлівых людзей» у маці здарыўся інфаркт. Яны ёй ня выклікалі хуткую... На наступны дзень мяне пачалі шантажаваць, пісалі ў Telegram, прапаноўвалі супрацу. Зараз я ўжо магу пра гэта сказаць, а тады мусіла маўчаць. Я ім нічога не адказвала, але мне дасылалі здымкі з вобшуку, фатаздымкі мяне з дзіцём на руках. І калі спачатку гэтыя ўсе паведамленьні віселі цягам сутак, і я магла зрабіць скрыншоты, то праз некаторы час яны сталі выдаляцца адразу пасьля напісаньня. Там былі паведамленьні кшталту: «Твая маці згніе ў турме, а ты не прыедзеш на яе пахаваньне».

Кацярына стала шукаць магчымасьці тэрмінова вывезьці маці зь Беларусі.

«Эвакуяваць маці з дапамогай BySol не было магчымасьці празь яе складаны стан здароўя і ўзрост. Багны і лясы мая маці проста бы не пацягнула ў тым стане. У мяне былі рэкамэндацыйныя лісты, у тым ліку ад «Белсату», дзе я працую, ад Каардынацыйнай рады, ад Паўла Латушкі. Кожны свой дзень цягам пары тыдняў я пісала ўсім, каго ведала, каго мне маглі падказаць, каб маці выдалі візу. Усе мае лісты засталіся без адказу. Польшча не выдавала тады візы, і мне прыйшлося зрабіць для маці літоўскую візу праз праваабарончую арганізацыю».

Каб пазьбегнуць калізій з Дублінскім пагадненьнем Кацярына папрасіла маці ехаць адразу ў Польшчу, каб краінай першага ўезду была Польшча. Маці ўехала па літоўскай візе ў Польшчу празь Берасьце, і адразу падалася на міжнародную ахову.

«Уся мая сям’я на міжнароднай ахове, таму гэтая працэдура нам вядомая, знаёмая. Мы жывем у Беластоку, таму мы пайшлі да беластоцкай памежнай службы. Сталі чакаць рашэньня аб наданьні ці не наданьні міжнароднай аховы ад ураду ў справах уцекачоў. У выніку справу маёй маці аб наданьні міжнароднай аховы перанакіравалі ў Літву, і яна мусіць выехаць у Літву. Маёй маме на той момант, год таму, было 73, зараз ужо 74, яна ўдава ўжо 35 гадоў, самотная, без веданьня моваў, з цэлым букетам хваробаў».

Кацярына Ваданосава — сябра фракцыі Паўла Латушкі ў Каардынацыйнай Радзе. Яна зьвярнулася туды па дапамогу, ёй параілі зьвярнуцца да адваката. Цяпер адвакатка Ганна Маціеўская вядзе гэтую справу.

Кацярына працягвае:

«Мы напісалі і падалі апэляцыю, але яна не дала выніку — справу маці зноў перанакіравалі ў Літву. Нам засталася апошняя інстанцыя, ваяводзкі суд у Варшаве. Адправілі туды ўсе неабходныя дакумэнты, у тым ліку мае мэдыцынскія дакумэнты, бо я зьяўляюся пацыенткай Беластоцкага цэнтра анкалёгіі, я праходжу зараз гармонатэрапію. Я прывязаная да гэтага цэнтру. Мае дзеці вучацца ў польскай школе, у майго малодшага сына аўтызм, я не магу проста ўзяць сваю маму і паехаць з ёй у Літву, каб чакаць там яе разгляду справы, а сама яна не дасьць рады. Суд быў прызначаны на 28 кастрычніка, і мы чакалі гэтага суду. І 30 верасьня зранку да нас дадому прыйшлі супрацоўнікі памежнай службы і ўручылі нам ліст пра тое, што маці павінна прыехаць у варшаўскі аэрапорт 6 кастрычніка і мусіць быць дэпартаваная ў Літву».

У стрэсавай сытуацыі, не разабраўшыся, маці падпісала ліст, які прынесьлі супрацоўнікі памежнай службы. Апынуўшыся ў безвыходнай сытуацыі Кацярына Ваданосава вырашыла надаць розгалас гэтай справе.

«Я думала, што дам рады, што мы неяк выплывем з гэтай сытуацыі, што гэта нейкія бюракратычныя калізіі, што ўсё ж прымуць пад увагу тое, што ўся сямʼя знаходзіцца ў Польшчы, што ў мамы акрамя нас нікога няма, што яна хворы чалавек, што ёй 74 гады. Але пасьля ліста з прызначэньнем тэрміну дэпартацыі я зразумела, што варта гэтай справе надаць розгалас».

Кацярына Ваданосава перакананая, што гісторыя зь яе маці — не адзінкавая, што гэта сыстэмная праблема беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь. «Мы нічым не адрозьніваемся ад агромністай колькасьці людзей. Зараз я адчула сябе загнанай у кут. Я ня ведаю, што з гэтага будзе», — кажа жанчына.

Ваданосава сьведчыць пра агромністую хвалю дапамогі і салідарнасьці ня толькі з боку беларусаў, але і палякаў:

«Я была проста шакаваная, колькі людзей напісала мне. Людзі хадзілі нават на прыём да ваяводы, пісалі лісты, тэлефанавалі і сэнатарам, і маршалку. І я за гэта, канешне, вельмі ўдзячная».

Леанід Марозаў: З такой інфармацыяй трэба адразу прыходзіць мінімум да офіса Ціханоўскай

Пост Кацярыны Ваданосавай у Фэйсбуку выклікаў вялікую колькасьць камэнтароў. Юрыдычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Леанід Марозаў прапанаваў ёй дапамогу. Свабода распытала Леаніда Марозава пра тое, што магчыма зрабіць і ці часта ў такую сытуацыю трапляюць вымушаныя беларускія мігранты.

Леанід Марозаў
Леанід Марозаў

Леанід Марозаў кажа, што ўсе неабходныя дакумэнты ад Кацярыны і яе маці яны атрымалі 30 верасьня і ўжо 1 кастрычніка аправілі ліст падтрымкі ў адпаведныя структуры, у якім апісваюць сытуацыю з маці Кацярыны.

«Нам вельмі шкада, што беларусы і беларускі сутыкаюцца з такімі праблемамі, і калі можна дапамагчы, мы дапамагаем. Я бачу, што дэмакратычныя структуры, якія зараз у Варшаве знаходзяцца, узяліся за гэтую справу. У лісьце мы напісалі аб тым, што просім дапамагчы, таму што гэта выключныя абставіны, што гэта не звычайная справа, бо рэпрэсіі былі ўжытыя да абодвух жанчын».

Праўны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай акцэнтуе ўвагу на тым, што інфармацыя пра праблемы зьявілася вельмі позна.

«Толькі ўчора я гэтую інфармацыю пабачыў у Facebook, і то выпадкова, бо ня вельмі часта там бываю. І мне падаецца, што гэта зьяўляецца праблемай ня толькі ў канкрэтна гэтым выпадку, а ў цэлым. З такой інфармацыяй трэба адразу прыходзіць, як мінімум, да офіса».

Наколькі гэта распаўсюджаная, сыстэмная праблема беларусаў, якія заехалі ў краіну па адной візе, а падаюцца на міжнародную ахову ў іншай краіне? Леанід Марозаў адказвае:

«Гэта даволі часта бывае. Трэба разумець, што Дублінскае пагадненьне не рэглямэнтуе палітычны перасьлед. Яно — толькі для міграцыйных пытаньняў у Эўропе. І таму, калі сухой бюракратычнай мовай казаць, то яно працуе такім чынам: дзе атрымалі візу, там і прасіце дапамогі. Што лягічна з пункту гледжаньня эўрапейскага права. У нас жа ў беларусаў кейс крыху іншы. У нас палітычны перасьлед, а можа быць яшчэ і катаваньні ў Беларусі ці палітычныя зьняволеныя. І тут па кожнаму кейсу трэба разьбірацца паасобку».

Праўны дарадца Ціханоўскай падкрэсьлівае, што яны заўсёды кажуць людзям — візу якой краіны атрымалі, туды і трэба ехаць, калі зьвяртацца па абарону. Марозаў перакананы, што калі людзі атрымліваюць літоўскую візу, візавыя службы ім заўсёды кажуць, што трэба ехаць у Літву.

Што да былых палітвязьняў, якіх вывезьлі зь Беларусі ў Літву, ці ўзьнікнуць у іх юрыдычныя праблемы, калі яны вырашаць пераехаць у іншую краіну, бо яны ўжо падаліся на міжнародную ахову ў Літве? Марозаў тлумачыць сытуацыю:

«Пасьля дэпартацыі 51 асобы ў Літву, 13 зь іх пажадалі зьехаць у Польшчу. Я сам складаў гэтыя сьпісы, ім дапамаглі абысьці гэтае дублінскае пагадненьне. Але гэта не супольная справа была. Гэта case by case, кожны такі case трэба было абгрунтаваць. Наколькі мы ўжо ведаем з навін, Павал Латушка даваў анонс, што па 13 такім кейсам людзей, якія пажадалі менавіта жыць у Польшчы, быў атрыманы палітычны сыгнал, што гэта будзе ўхвалена і яны змогуць жыць у Польшчы».

Што да сытуацыі з маці Кацярынай Ваданосавай, Леанід Марозаў кажа, што яны зробяць усё магчымае, каб дапамагчы, але «на жаль, зараз праграмаваць нічога не магчыма».

«Найперш недахоп інфармацыі. Мы ня ведалі, што адбываецца. Я разумею, што людзі ў цяжкім стане знаходзяцца, але не абавязкова апублічваць інфармацыю, яе трэба перадаць людзям, якія працуюць з гэтым. Напрыклад, мне. І другі момант — гэта юрыдычныя падставы дапамогі. У такіх кейсах, калі ў вас віза адной краіны, а вы паехалі ў іншую і вам трэба там дапамога, то на 99% будзе працаваць «Дублін». У такіх выпадках патрэбная юрыдычная дапамога мясцовых адвакатаў, якія звычайна ў такіх справах зьвяртаюцца да Офіса і мы разам знаходзім выйсьце. І ня толькі ў Польшчы. Зараз у мяне такія кейсы ў Чэхіі, Нідэрляндах, Злучаных Штатах Амэрыкі, Канадзе... Першы крок — гэта юрыдычная дапамога, мясцовы адвакат, які разумее, куды, як пісаць, якой мовай. І тут ужо я ўключаюся ў такія кейсы. Я там магу быць і сьведкай, як вы маглі пабачыць, у справе Анатоля Бокуна ў ЗША. Суд вызваў мяне быць сьведкам і даць паказаньні. Гэта толькі толькі такая публічная частка, якую я крыху прыадкрыў, але 90% — не публічная праца».

Марозаў кажа, што за год працы дарадцам Сьвятланы Ціханоўскай у праўных пытаньнях у яго было 11 справаў, калі людзей на 99% павінны былі дэпартаваць у Беларусь.

«Гэта не такая сытуацыя нават, як цяпер з Кацярынай. Гэта людзі, на якіх быў ордэр Інтэрпола ці ордэры на выдачу ў Грузіі, у Армэніі і іншых краінах. Мы размаўлялі калісьці ў офісе, мала гэта ці шмат гэта. Ня ведаю, але ведаю, што 11 асобаў ня трапілі ў Беларусь па палітычным перасьледзе. Я ўжо не кажу пра справы, калі мы пішам лісты падтрымкі Такіх за год пару сотняў назьбіраецца, як мінімум».

Што рабіць, калі ў сытуацыю як ў маці Кацярыны Ваданосавай, патрапілі людзі не публічныя, якія ня маюць сацсетак? Парада Леаніда Марозава — наймаць мясцовага адваката і далей зьвяртацца па дапамогу ў Офіс Сьвятланы Ціханоўскай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG