Беларускія ўлады дасьпелі да таго, каб стварыць нейкі сурагат нацыянальнага Пантэона — у выглядзе барэльефаў на фасадзе новага Нацыянальнага гістарычнага музэя. Аб чым гэта сьведчыць?
Палітыка гістарычнай памяці
Важнасьць тэмы стварэньня пантэону нацыянальных герояў абазначыў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з ідэалягічным актывам 17 верасьня: «Трэба разумець, хто герой, хто вораг, хто ўнёс уклад у сусьветную культуру, навуку, гісторыю, захаваўшы сувязь з Радзімай, хто зрабіў тое ж самае, але адрокся сваёй ідэнтычнасьці. Нікога не выкрэсьліваем са сваёй гісторыі. Але акцэнты павінны быць зроблены дакладна і, пажадана, без паўмер».
Зварот да гістарычнай тэмы адбываецца ў рамках курсу ўладаў на ідэалягізацыю грамадзка-палітычнага жыцьця. Пасьля 2020 году апэляцыя да гісторыі стала важным элемэнтам ідэалягічнай працы. У 2022 годзе паводле распараджэньня Лукашэнкі стварылі Рэспубліканскую раду па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Гэта значыць, цяпер разам з эканамічнай, ваеннай, зьнешняй палітыкай у краіне ажыцьцяўляецца і гістарычная палітыка. Вось на якую вышыню ўзьнятая гэтая сфэра. Нагадаю таксама, што той 2022 год быў абвешчаны Годам гістарычнай памяці.
Пасьля 2020 году апэляцыя да гісторыі стала важным элемэнтам ідэалягічнай працы
Рэалізацыя палітыкі гістарычнай памяці ў беларускай інтэрпрэтацыі ёсьць яскравай ілюстрацыяй вядомага пастуляту, што гісторыя — гэта сучасная палітыка, зьвернутая назад. Гістарычныя наратывы выкарыстоўваюць улады і палітыкі ва ўсіх дзяржавах для легітымізацыі свайго палітычнага курса. Ва ўсякім разе, тыя, якія вывучаюцца ў сыстэме адукацыі або адлюстроўваюцца ў творах мастацтва.
Такім чынам, гістарычная памяць — гэта палітычны інструмэнт для вырашэньня актуальных праблем улады. Апэляцыя да тых ці іншых старонак гісторыі зьяўляецца індыкатарам тэндэнцый палітычнага жыцьця, якія моцна залежаць ад зьменлівай каньюнктуры. Гістарычная памяць падганяецца пад імгненныя патрэбы кіроўнай каманды, якія мяняюцца, задачы яе палітычнага выжываньня.
Калізіі вакол фігуры Каліноўскага
Найбольш яскравы прыклад згаданага тэзісу — радыкальны паварот у ацэнках такой яскравай постаці беларускай гісторыі, як Кастусь Каліноўскі. Да апошняга часу ён быў адным зь нямногіх беларускіх гістарычных дзеячаў, якія не выклікалі ніякага расколу ў грамадзтве, палітычнай клясе. Яго прызнавалі і нацыяналісты, і камуністы, бо ён увайшоў у пантэон беларускіх нацыянальных герояў яшчэ за савецкім часам. Гэты сымбаль мог бы аб’яднаць расколатую беларускую нацыю. Сярод ордэнаў і мэдалёў, зацьверджаных указам Лукашэнкі 15 студзеня 1996 года, быў ордэн Кастуся Каліноўскага.
У лістападзе 2019 года ў Вільню на перапахаваньне астанкаў Кастуся Каліноўскага прыбыла дзяржаўная дэлегацыя на чале з віцэ-прэмʼерам Ігарам Петрышэнкам. На афіцыйнай цырымоніі ў літоўскай сталіцы ён заявіў, што дзейнасьць Кастуся Каліноўскага «зьвязана з перарастаньнем беларускага нацыянальна-культурнага руху ў барацьбу за беларускую дзяржаўнасьць у форме народаўладзьдзя». Гэта значыць, няма сумневу, што Каліноўскі — беларускі герой. 17 лістапада 2019 года Лукашэнка, адказваючы на выбарчым участку на пытаньні журналістаў пра ягонае стаўленьне да Каліноўскага, сказаў: «Ён дзейнічаў на нашай тэрыторыі, быў нашым чалавекам, калі хочаце — грамадзянінам. І ад гэтага нікуды не падзецца».
Прайшло ня так шмат часу, і зьмянілася палітычная каньюнктура. З 2020 года кіроўны рэжым трывала ўпісаўся ў расейскі ідэалягічны кантэкст і адмовіўся ад нацыянальнага наратыву ў сваіх падыходах да ўласнай гісторыі. Цяпер на афіцыйным узроўні паўстаньне 1863 году абвешчана польскім, прычым ня толькі антырасейскім, але і антыбеларускім. Да таго ж ва Ўкраіне існуе Полк Каліноўскага, у якім беларусы ваююць супраць расейскай агрэсіі. У выніку гістарычная фігура Каліноўскага, якая магла стаць сымбалям аб’яднаньня нацыі, стала сымбалям расколу.
Дэпэрсаналізацыя беларускай гісторыі
Увогуле адна з важных праблем гістарычнай памяці Беларусі — дэпэрсаналізацыя беларускай гісторыі. Ці зьвярталі вы ўвагу, што на беларускіх грошах, у адрозьненьне ад валют большасьці іншых краін, няма партрэтаў гістарычных дзеячаў. Невыпадкова першыя грошы ў незалежнай Беларусі ўсе называлі «зайчыкамі», таму што на іх былі намаляваныя розныя зьвяркі. На цяперашніх банкнотах выяўленыя архітэктурныя помнікі. А гістарычных пэрсанажаў няма. Праблема ў тым, што беларусы альбо ня ведаюць сваіх герояў, альбо ў дачыненьні да іх у грамадзтве няма кансэнсусу.
Афіцыйная прапаганда ўжо колькі год фармуе культ Лукашэнкі
Да дэпэрсаналізацыі беларускай гісторыі спрычынілася і сьвядомая палітыка ўладаў. Узгаданы вышэй ордэн Кастуся Каліноўскага ў 2004 годзе быў скасаваны. За восем год ім так нікога і не ўзнагародзілі. У 2005 годзе Лукашэнка прыбраў імёны Францішка Скарыны і Пятра Машэрава з назвы цэнтральных праспэктаў Менску.
Дзеля чаго гэта рабіў Лукашэнка? Магчыма, каб ачысьціць беларускую гісторыю ад яскравых асоб, расчысьціць поле для сябе, для ўвекавечаньня ўласнага імя. Бо афіцыйная прапаганда ўжо колькі год фармуе культ Лукашэнкі, распаўсюджвае міт, паводле якога прэзыдэнцкія выбары 1994 года называюць сапраўдным пачаткам беларускай дзяржаўнасьці і нават беларускай гісторыі. То бок Лукашэнка абʼяўляецца «бацькам-заснавальнікам» незалежнасьці і дзяржаўнасьці Беларусі. І дзеля падтрымкі гэтага міту штучна прыніжаюцца і абясцэньваюцца іншыя нацыянальныя героі, бо ў Лукашэнкі не павінна быць канкурэнтаў.
Першая спроба стварэньня Пантэону
Таму зьяўленьне нейкага прататыпу пантэону нацыянальных герояў у выглядзе барэльефаў на фасадзе новага гістарычнага музэя — крок наперад. Няхай нават у той форме, якая ёсьць. Зразумела, што фігуры знакавых для Беларусі асоб адлюстроўваюць цяперашнюю палітыку гістарычнай памяці ўладаў.
Зьвяртае ўвагу, каго з тых таксычных гістарычных фігур, якіх можна было б чакаць, зважаючы на афіцыйныя ідэалягічныя падыходы, няма ў лукашэнкаўскім пантэоне. Там няма Мураўёва-Вешальніка, хоць некаторыя прапагандысты ўжо аб’явілі яго героем замест Каліноўскага. «Ленін і Сталін — сымбалі нашага народу», — казаў калісьці Лукашэнка. А яшчэ ён заяўляў, што варта было б паставіць помнік Сталіну за далучэньне Заходняй Беларусі да БССР. Аднак гэтых пэрсанажаў няма на барэльефах. Як няма злавеснага земляка Фелікса Дзяржынскага, хоць ёсьць горад Дзяржынск. На тле культу Вялікай Айчыннай вайны можна было чакаць засільля хрэстаматыйных пэрсанажаў герояў-партызан, аднак і іх амаль няма.
Гісторык Алесь Пашкевіч вызначыў верагодныя крытэрыі, якімі кіраваліся ўлады, каб у пантэон ня трапілі непажаданыя гістарычныя дзеячы. Паводле яго, гэта асобы, «якія былі зьвязаныя з Польшчай і ўвогуле з Захадам, не ваявалі і ўвогуле не надта выступалі супраць Расіі, не змагаліся за незалежную Беларусь на небальшавіцкай аснове, не былі фізычна зьнішчаныя падчас сталінскіх рэпрэсій і не былі яўнымі антысаветчыкамі». Сапраўды гэтыя крытэрыі строга вытрыманыя.
У цэлым асноўныя постаці беларускай гісторыі ўзгаданыя на барэльефе, хоць, зразумела, шмат пра што можна дыскутаваць. Сярод, скажам мякка, відавочна спрэчных фігур можна назваць хіба што Іосіфа Сямашку, які зацята змагаўся з уніяцтвам.
Няма сумневу, што зь цягам часу, пры ўмове зьмены ўлады, склад гістарычных фігур на барэльефе будзе мяняцца. І зьявіцца сапраўды Пантэон як сымбаль беларускай дзяржаўнасьці. Бо наяўнасьць нацыянальнай гісторыі і нацыянальных герояў — адна з прыкмет існаваньня незалежнай краіны.
Форум