Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго ЗША насамрэч чакаюць ад кантактаў з Лукашэнкам? Аналіз Юрыя Дракахруста


Кіт Келаг, Аляксандар Лукашэнка і Джон Коўл, Менск, 21 чэрвеня 2025
Кіт Келаг, Аляксандар Лукашэнка і Джон Коўл, Менск, 21 чэрвеня 2025

Сьцісла

  • Спэцпрадстаўнік заявіў, што прыярытэтам палітыкі ЗША адносна Беларусі ёсьць выкарыстаньне Лукашэнкі для дыялёгу наконт міру ўва Ўкраіне.
  • Адміністрацыя ЗША ня хоча, каб яе высілкі адносна Беларусі выглядалі як спроба фактычнай зьмены рэжыму.
  • Досьвед папярэдніх нармалізацыяў адносінаў Беларусі з Захадам паказвае, што паляпшэньне сытуацыі было вынікам нефармальнага паразуменьня з Лукашэнкам.
  • У Эўропе ўзмацняюцца галасы за перагляд палітыкі ў дачыненьні да Беларусі.

Якія мэты перасьледуе адміністрацыя Дональда Трампа праз аднаўленьне кантактаў з аўтарытарным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі і пры чым тут вызваленьне палітвязьняў? Піша палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.

Лукашэнка як «паштовы голуб» Трампа

Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта Дональда Трампа для Ўкраіны Кіт Келаг заявіў, што галоўная мэта перамоваў ЗША з Лукашэнкам — усталяваньне дадатковага каналу камунікацыі з Крамлём, а не вызваленьне палітвязьняў.

Пра гэта генэрал Келаг паведаміў на Варшаўскім форуме ў пытаньнях бясьпекі.

«Гэта было патрэбна, каб усе нашыя пасланьні даходзілі да прэзыдэнта Пуціна. Першапачаткова мы ехалі туды не для таго, каб вызваляць палітзьняволеных. Галоўная мэта — знайсьці найлепшае магчымае вырашэньне вайны паміж Украінай і Расеяй... Мы разумеем, што Лукашэнка вызваліць аднаго, а потым, імаверна, схопіць яшчэ дваіх», — сказаў ён.

Насамрэч тое, што прыярытэты менавіта такія, было зразумела даўно. Сэнсацыйнае тэлефанаваньне Трампа Лукашэнку напярэдадні сустрэчы з Уладзімірам Пуціным, цёплыя словы прэзыдэнта ЗША на адрас Лукашэнкі — усяго гэтага не было б адно за вызваленьне некалькіх ці нават усіх беларускіх палітвязьняў.

Але гэта было. І значыць Лукашэнка аказаўся карысным для Трампа ў дасягненьні стратэгічнай мэты амэрыканскага прэзыдэнта — міру ва Ўкраіне. Пацьверджаньнем гэтага зьяўляецца і рэпліка Лукашэнкі падчас яго апошняга візыту ў Маскву да Пуціна — «Я вам вестку прывёз ад амэрыканцаў».

Канал сувязі, перадачы пасланьняў менавіта праз Лукашэнку працуе і цяпер, калі пэрспэктывы міру выглядаюць больш туманнымі, чым да сустрэчы Трампа і Пуціна.

Каму патрэбная сустрэча Лукашэнкі з Зяленскім?

У сьвятле гэтага і заява Лукашэнкі пра пажаданасьць яго сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім выглядае не адно праявай яго жаданьня быць пасярэднікам ва ўсіх магчымых мірных перамовах у сьвеце.

Жаданьне такое ў яго было і ёсьць заўсёды. Але ў дадзеным выпадку ідэя перамоваў Лукашэнкі з Зяленскім магла сыходзіць і ад амэрыканцаў. Калі пакуль не атрымліваецца сустрэча прэзыдэнтаў Украіны і Расеі, можа штуршком, крокам да яе маглі б стаць наўпроставыя перамовы кіраўнікоў Украіны і Беларусі.

Лукашэнка «абгарнуў» сваю прапанову аб сустрэчы з Зяленскім у прыемную для Крамля рыторыку, у парады Кіеву прыняць расейскую формулу міру. І варта заўважыць, што прэзыдэнт Украіны саркастычна адрэагаваў менавіта на гэтую рыторыку. Аднак ён не сказаў проста, што яму няма пра што размаўляць з Лукашэнкам. Можа і ёсьць пра што, асабліва калі гэта — частка амэрыканскіх намаганьняў дасягнуць міру.

«Лукашэнка вызваліць аднаго, а потым, імаверна, схопіць яшчэ дваіх»

Новае ў заявах генэрала Келага, якія прагучалі ў Варшаве — хіба вузкая трактоўка трэку перамоваў, які тычыцца палітвязьняў.

У беларускіх палітычных колах дыскусіі наконт жорсткага і мяккага падыходу да рэжыму Лукашэнкі ідуць даўно. І адзін з самых важкіх аргумэнтаў прыхільнікаў жорсткага падыходу — што адно вызваленьне палітвязьняў ня зьменіць прыроды рэжыму, ня зьменшыць ступень яго рэпрэсіўнасьці, і нават не прывядзе да зьмяншэньня колькасьці палітвязьняў, бо Лукашэнка набярэ новых.

І Келаг нібыта паўдзельнічаў у гэтай спрэчцы, заняўшы самую радыкальную пазыцыю прыхільнікаў мяккага падыходу: «Вызваленьне нават аднаго палітвязьня — ужо дасягненьне».

Але парадаксальным чынам матывацыі амэрыканскай адміністрацыі і адэптаў такога падыходу ў беларускіх дэмакратычных сілах — хіба не супрацьлеглыя. У беларусаў, якія гэтак глядзяць на сытуацыю, матывацыя найперш гуманітарная — хай выйдуць на волю тыя, хто за кратамі, чаго б гэта ні каштавала і да якіх бы наступстваў не прывяло.

А цяперашняя адміністрацыя ЗША кіруецца палітычнымі матывамі, яна ня хоча, каб яе высілкі адносна Беларусі выглядалі як спроба фактычнай зьмены рэжыму дыпляматычным шляхам. У рэспубліканскага выбаршчыка, на якога пераважна арыентуецца Трамп, моцнае непрыняцьце падобных спробаў дзе б то ні было, асабліва ў далёкіх ад Амэрыкі і ня вельмі вядомых і значных для амэрыканцаў краінах. Мэта вызваленьня палітвязьняў — другасная, таму няма намеру яе неяк ускладняць і абцяжарваць дадатковымі ўмовамі.

Адны беларусы кажуць, што трэба дамагацца, каб вызваленых палітвязьняў не высылалі з краіны. Іншыя даводзяць, што амэрыканцы робяць тое, што могуць, што і як атрымліваецца.

З тлумачэньняў генэрала Келага прынамсі не вынікае, што ў Вашынгтоне зьбіраюцца прыкладаць звышвысілкі для таго, каб атрымаць хаця б больш спрыяльныя ўмовы вызваленьня беларускіх палітвязьняў. Іх вызваленьне — усяго толькі пабочны станоўчы эфэкт ад спробаў дасягненьня галоўнай мэты — міру ва Ўкраіне.

Досьвед ранейшых нармалізацыяў адносінаў

Аднак зьнешняя абыякавасьць Келага да таго, што вызваленьне палітвязьняў не прыводзіць да зьмяншэньня рэпрэсіяў, можа мець і іншае, прынамсі дадатковае, тлумачэньне.

Зразумела, што ў прынцыпе ЗША зацікаўленыя ў спыненьні ці зьмяншэньні рэпрэсіяў і далейшай лібэралізацыі ў Беларусі. Але досьвед папярэдніх раўндаў паляпшэньня адносінаў Беларусі з Захадам (2008-2010 і 2015-2020) сьведчыць аб тым, што зьмена грамадзкай сытуацыі, у тым ліку і спыненьне і неаднаўленьне жорсткіх рэпрэсіяў, не былі тады вынікам фармальнай, пісьмовай дамовы паміж краінамі Захаду і афіцыйным Менскам.

Гэта было нефармальнае паразуменьне, паляпшэньне атмасфэры адносінаў Беларусі з Захадам спараджала больш «вэгетарыянскую» унутраную палітыку рэжыму Лукашэнкі, які пры гэтым заставаўся аўтарытарным.

Ня выключана, што і зараз амэрыканскі бок насамрэч разьлічвае на дзеяньне гэтага палітыка-псыхалягічнага мэханізму. То бок атмасфэра новых, больш добразычлівых адносінаў з ЗША, узаемных крокаў насустрач адзін аднаму прывядзе да таго, што ў беларускага ўладара зьнікне ці зьменшыцца патрэба саджаць дваіх за аднаго вызваленага.

Можна спрачацца наконт таго, наколькі абгрунтаваныя спадзевы Белага дому на карысьць ад Лукашэнкі ў мірных перамовах, як і на самастрымліваньне беларускага рэжыму ў выніку пацяпленьня адносінаў. Але, гледзячы па ўсім, амэрыканская адміністрацыя ўпэўненая ў рацыі сваіх падыходаў. І не зьбіраецца мяняць іх ані пад уплывам крытыкі часткі беларускіх дэмакратычных сілаў, ані нават пад уплывам крытыкі эўрапейскіх саюзьнікаў.

Што выбірае Эўропа?

Напрыклад, міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс 11 верасьня назваў перамовы Вашынгтону і Менску «вельмі рызыкоўным шляхам».

«Ён прывядзе да сытуацыі, калі Лукашэнка будзе зноў і зноў браць новых закладнікаў і выкарыстоўваць іх у якасьці разьменнай манэты. Патрабаваньне мусіць быць поўным: вызваленьне абсалютна ўсіх палітычных зьняволеных, нават тых, хто пакуль не прызнаны афіцыйна», — сказаў літоўскі міністар.

Аднак, гледзячы па варшаўскіх заявах Кіта Келага, у Вашынгтоне кіруюцца ўласнымі ўяўленьнямі пра тое, якімі мусяць быць патрабаваньні.

Сьвежая публікацыя ў брытанскай The Guardian паказвае на тое, што і ў Эўразьвязе, магчыма, гатовыя браць пад увагу амэрыканскія ўяўленьні пра тое, як весьці справу з афіцыйным Менскам.

«Эўрапейскія дыпляматычныя крыніцы паведамілі, што ў Бруселі вядуцца папярэднія дыскусіі аб тым, ці застаецца эфэктыўнай палітыка ЭЗ па ізаляцыі Беларусі, і ці варта разгледзець магчымасьць прапанаваць Лукашэнку выхад з ценю Масквы», — піша выданьне.

Газэта спасылаецца на думку неназванага эўрапейскага чыноўніка: «Існуе ўстойлівы міт, што Лукашэнка рады быць васалам Масквы. Насамрэч, яго прастора для манэўру з гадамі значна зьменшылася, але ён ніколі не пераставаў шукаць спосабы пашырыць свае магчымасьці».

Яшчэ адзін суразмоўца The Guardian — дыплямат ЭЗ — сказаў: «Максымальны ціск не спрацаваў. Пасьля пяці гадоў ізаляцыі мы не дасягнулі заяўленых мэтаў. Беларусь стала бліжэй да Расеі, а рэпрэсіі не спыняюцца».

Відавочна, што пазыцыя цытаванага кіраўніка МУС Літвы кардынальна адрозная ад поглядаў ананімных суразмоўцаў The Guardian. Аднак газэта канстатуе, што ранейшага кансэнсусу што да палітыкі адносна Беларусі ў Эўропе ўжо няма, што гучаць галасы за перагляд ранейшай палітыкі, за тое, каб і Эўропа далучылася да падыходаў, якімі цяпер кіруюцца Злучаныя Штаты.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG