Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ад удару расейскага дрона загінуў францускі фотажурналіст


 Антоні Лалікан
Антоні Лалікан

Францускі фотажурналіст Антоні Лалікан загінуў раніцай 3 кастрычніка на Данбасе ў выніку ўдару дрона, а ўкраінскі журналіст Георгій Іванчанка пацярпеў, паведамілі Міжнародная і Эўрапейская фэдэрацыі журналістаў.

Абодва журналісты былі ў камізэльках з надпісам «Press».

Фэдэрацыі заявілі, што асуджаюць гэтае ваеннае злачынства і заклікаюць улады выявіць вінаватых.

Украінскія вайскоўцы паведамілі, што Лалікан загінуў ад прыцэльнага ўдару расейскага FPV-дрона. Гэта адбылося ў раёне горада Дружкаўка Данецкай вобласьці, ад якога каля 20 км да лініі фронту.

38-гадовы Лалікан працаваў працаваў у зоне вайны ва Ўкраіне на фотаагенцтва Hans Lucas з 2022 года. Фатаграфіі журналіста публікаваліся ў вядучых сусьветных мэдыя. У 2024 годзе ён быў адзначаны прэміяй Віктара Гюго на фэстывалі фатаграфіі ў Безансоне за фотарэпартаж «Раптам неба пацямнела».

Спачуваньні сям'і, блізкім і калегам Лалікана выказаў у сацыяльнай сетцы Х прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон.

Усяго ва Ўкраіне з 2024 года загінула больш за 30 журналістаў і супрацоўнікаў мэдыя, якія асьвятлялі вайну. Дзесяткі былі параненыя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG