Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская чыгунка прапанавала Літве, Латвіі і Польшчы аднавіць пасажырскія зносіны, спыненыя 5 год таму


Цягнікі, якія раней хадзілі зь Менска ў Вільню. Архіўнае фота
Цягнікі, якія раней хадзілі зь Менска ў Вільню. Архіўнае фота

Дэлегацыя Беларускай чыгункі (БЧ) падчас XXXIX паседжаньня Канфэрэнцыі генэральных дырэктараў (адказных прадстаўнікоў) чыгунак Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак прапанавала калегам з Літвы, Латвіі і Польшчы аднавіць прамыя пасажырскія зносіны зь Беларусьсю.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Беларускай чыгункі.

«Падчас плянарнага паседжаньня Беларуская чыгунка зьвярнулася да чальцоў Канфэрэнцыі генэральных дырэктараў АСЧ ад Літоўскай Рэспублікі (завочна), Латвійскай Рэспублікі і Рэспублікі Польшча з прапановай аб аднаўленьні прамых пасажырскіх зносінаў Беларусь — Літва, Беларусь — Латвія, Беларусь — Польшча», — гаворыцца ў паведамленьні БЧ.

Беларускую дэлегацыю ўзначальваў першы намесьнік начальніка БЧ Аляксандар Харашэвіч. На канфэрэнцыі падвялі вынікі працы арганізацыі, абмеркавалі разьвіцьцё міжнародных грузавых і пасажырскіх перавозак на эўраазіяцкай прасторы, абазначылі задачы па паглыбленьні ўзаемадзеяньня ў сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў і разьвіцьця інфраструктуры, актуалізацыі і ўдасканаленьні нарматыўнай прававой базы.

У Арганізацыю супрацоўніцтва чыгунак уваходзяць Азэрбайджан, Афганістан, Беларусь, Баўгарыя, Вугоршчына, Віетнам, Грузія, Іран, Казахстан, Кітай, КНДР, Паўднёвая Карэя, Кіргізстан, Лаос, Латвія, Літва, Малдова, Манголія, Польшча, Расея, Румынія, Славакія, Таджыкістан, Туркмэністан, Узбэкістан, Украіна, Чэхія і Эстонія.

Суседзі Беларусі — Літва, Латвія, Польшча, Украіна — прыпынілі міжнародныя пасажырскія чыгуначныя зносіны зь Беларусьсю ў сакавіку 2020 году, з пачаткам пандэміі каранавірусу (COVID-19), але і па заканчэньні пандэміі перавозкі ня сталі аднаўляць. Так, напрыклад, польскі ўрад матываваў захаваньне абмежаваньняў магчымасьцю таго, што Беларусь будзе выкарыстоўваць чыгуначныя зносіны для міграцыйнага ціску на Польшчу.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG