Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета ўсе хрысьціяне сьвяткуюць Вялікдзень разам. Расказваем, што падрыхтавана для беларусаў замежжа


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сёлета асноўныя хрысьціянскія канфэсіі – каталікі, праваслаўныя, пратэстанты – будуць адзначаць Вялікдзень 20 красавіка. Шмат беларусаў апынуліся ў эміграцыі. Ня ўсюды, дзе яны жывуць, ёсьць храмы іхных канфэсіяў. Ці можна можна наведваць іншыя храмы? Запыталіся ў сьвятароў.

«Вернік павінен ісьці ў храм»

Настаяцель беларускага праваслаўнага прыходу Канстантынопальскага патрыярхату ў Вільні Георгі Рой кажа, што калі ў месцы, дзе апынуліся беларусы, ёсьць толькі адзін хрысьціянскі храм, то трэба без ваганьняў і сумневаў ісьці сьвяткаваць туды.

«Нават калі гэта храм не тваёй хрысьціянскай канфэсіі, вернік павінен ісьці туды: лепш сьвяткаваць, чым не сьвяткаваць.

Бывае, што людзі стаяць перад выбарам: у адной сям’і сужэнцы належаць да розных канфэсіяў. Супольнае адзначэньне хрысьціянскіх сьвятаў — падвойная радасьць. Калі, нягледзячы на канфэсійныя падзелы, мы разам славім Хрыста. Калі ў зьмешаных сем’ях узьнікае пытаньне, на каторае набажэнства ісьці, адкажу — трэба схадзіць на два.

У каталіцкай і пратэстанцкай традыцыі велікодныя службы ўвечары, а праваслаўнае велікоднае набажэнства — уначы. Таму, каб сям’я не дзялілася і каб выказаць роўную павагу абедзьвюм хрысціянскім традыцыям, лепш пабыць і там, і там. Велікоднай радасьці замнога не бывае! Хрыстос уваскрос!» — кажа настаяцель беларускага праваслаўнага прыходу ў Вільні Георгі Рой.

Георгі Рой
Георгі Рой

Усяго ў сталіцы Літвы чатыры беларускія хрысьціянскія грамады: рыма-каталіцкая — у касьцёле сьвятога Барталямэя; грэка-каталіцкая зьбіраецца на набажэнствы ў Траецкай царкве ў Базылянскіх мурах; пратэстанцкая грамада; праваслаўная грамада Канстантынопальскага патрыярхату

У праваслаўнай грамадзе Канстантынопальскага патрыярхату 19 красавіка, а 10-й раніцы адбудзецца літургія. З 11.30 да 21.00 — асьвячэньне велікодных страваў.

20 красавіка апоўначы пачнецца начная Велікодная літургія (адрас Vokiečių g. 20)

А 10-й гадзіне — ранішняя Велікодная літургія (адрас Bokšto g. 4).

У каталіцкім касьцёле сьвятога Барталямэя (адрас Užupio g. 17A) цягам дня 19 красавіка адбудзецца пасьвячэньне страваў на велікодны стол, а ў 23.00 — Велікодная вігілія.

20 красавіка, а 12.00 — Вялікая Сьвятая імша.

Асьвячэньне ежы на Вялікдзень у Менску, архіўнае фота
Асьвячэньне ежы на Вялікдзень у Менску, архіўнае фота

«Калі няма храма тваёй канфэсіі, то схадзі ў іншы»

Польшча — пераважна каталіцкая краіна, касьцёлы ёсьць ува ўсіх гарадах і мястэчках. У вялікіх гарадах ёсьць таксама праваслаўныя храмы. Некалькі ў Варшаве, прынамсі па два ва Ўроцлаве, Кракаве, Познані, Торуні ды іншых гарадах.

Але калі побач няма праваслаўнага храма, на вялікія сьвяты можна наведваць і каталіцкі, сьцьвярджае беларускі ксёндз, які падзяліўся думкамі з Свабодай на ўмовах ананімнасьці.

«Калі няма храма тваёй канфэсіі, то схадзі ў іншы хрысьціянскі храм у часе, калі маеш патрэбу паяднаньня з Госпадам. А калі вялікае сьвята, то ты маеш такую патрэбу. І няма ніякай праблемы, калі чалавек іншай канфэсіі пойдзе ў храм той канфэсіі, да якой ён не належыць. Самае галоўнае — каб ён маліўся Госпаду ў гэтым часе», — мяркуе ксёндз.

У Польшчы, акрамя Варшавы, дзе ў касьцёле сьвятога Аляксандра на пляцы Трох Крыжоў пастаянна праводзяцца службы па-беларуску, беларусы могуць пачуць набажэнствы на роднай мове ў Беластоку, Гданьску, Познані, Лодзі, Кракаве, Уроцлаве, Любліне. Уся інфармацыя зьмешчаная тут.

Вялікдзень у Менску, архіўнае фота
Вялікдзень у Менску, архіўнае фота

У Варшаве галоўная Велікодная служба адбудзецца на пляцы Трох Крыжоў у суботу, 19 красавіка, а 21-й вечара. У нядзелю служба адбудзецца аб 11.30 у самым касьцёле сьвятога Аляксандра.

«Яйкі і велікодныя стравы будуць асьвячаць у суботу, а 12-й у галоўным касьцёле на плошчы Трох крыжоў. Будзе па-беларуску малітва і асьвячэньне страваў Велікодных. Праваслаўным можна таксама прыйсьці і стравы асьвяціць. Пірагі і булкі мы пячом аднолькавыя, і яйкі падобна мы фарбуем. Так што прынамсі тут мы можам аб’яднацца, славячы Госпада і асьвячаючы стравы», — кажа ксёндз.

«На Вялікдзень, на вялікае сьвята нават зь вёскі можна зьезьдзіць у храм»

Пратэстанцкі сьвятар Тарас Цялькоўскі наагул ня бачыць праблемы ў тым, што пратэстанцкаму верніку, які апынуўся ў эміграцыі, часам цяжка знайсьці храм сваёй канфэсіі.

«Я з упэўненасьцю і ведамі скажу, што і ў Літве, і асабліва ў Польшчы ёсьць дастаткова пратэстанцкіх эвангельскіх цэркваў, куды людзі могуць пайсьці на літургію, на пакланеньні да Вялікадня. У адной Варшаве ёсьць два-тры дзясяткі расейскамоўных грамадаў, пратэстанцкіх цэркваў. Ну і ўва ўсіх вялікіх польскіх гарадах таксама.

Я ежджу служыць у розныя грамады і ведаю гэта. Так што для ўсякага чалавека знайсьці храм, грамаду ня будзе вялікай праблемай, калі толькі ён не жыве ў глыбінцы. Ну, а на Вялікдзень, на вялікае сьвята нават зь вёскі можна і зьезьдзіць у храм», — кажа пратэстанцкі сьвятар Тарас Цялькоўкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG