Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніколі ня думала, што гэта важна». Чаму ў Беларусі моцна зьнізілася колькасьць шлюбаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларусы расказалі Свабодзе, чаму яны ня жэняцца або не афармляюць афіцыйна сваіх стасункаў з партнэрам. Псыхоляг таксама пералічыла магчымыя прычыны.

У Беларусі за апошнія дзесяць гадоў істотна скарацілася колькасьць шлюбаў. Калі ў 2015 згулялі 82 тысячы вясельляў, дык у 2020 — ужо 50 тысяч. У 2021 пажанілася троху менш за 60 тысяч параў, а ў 2022 — амаль 58 тысяч. Ёсьць і яшчэ адна перамена. Беларусы сталі ствараць сем’і ў больш сталым узросьце, як вынікае са зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

«Так і не адказалі сабе, навошта нам»

Зоя* (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля іхнай бясьпекі. — РС) расказала Свабодзе, што жыве з мужам больш за 20 гадоў. Пазнаёміліся на працы.

«Я ўвогуле не глядзела ў яго бок. Аднойчы напісаў смс, сустрэліся пагуляць. Літаральна празь некалькі дзён прапанаваў пераехаць да яго жыць. Я папрасіла яго пазнаёміцца з маімі бацькамі. І пераехала. Як у халодную раку нырнула. Такога каханьня, каб ажно дыхаць не магла, не было. Былі павага і пяшчота зь ягонага боку і давер з майго», — расказвае Зоя.

У пары нарадзіліся некалькі дзяцей. Але афіцыйна Зоя з мужам так і не расьпісалася, ня гралі вясельле.

«Усім кажам, што не было часу. А так і ёсьць. Вельмі цікава жылі: дзяцей гадавалі, кватэру будавалі, шмат падарожнічалі. І зьвязваць сябе клопатам — рабіць вясельле, запаўняць нейкія дакумэнты — такіх думак нават не было. Ніколі ня думала, што шлюб — гэта вельмі важна, што гэта сапраўды штосьці вырашае», — дзеліцца суразмоўца.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пры гэтым Зоя ня ставіцца да шлюбу адмоўна. Адзначае, што калі ў пары іхных знаёмых дзяўчына хацела замуж, а хлопец не сьпяшаўся рабіць прапанову, яна параіла: варта ажаніцца, калі аднаму з бакоў гэта важна.

«За нашае сумеснае жыцьцё хвалі ўдзячнасьці, павагі, даверу накрывалі мяне так моцна і столькі разоў, што зараз кахаю вельмі моцна. І так — і зараз не дайшлі. Час ад часу ён прапануе расьпісацца: ці мо хочаш, ці мо надумала. Але так і не адказалі сабе, навошта нам. У нас проста не было такой патрэбы. Я не хацела ніякай белай сукенкі і дадатковых клопатаў, з гэтым зьвязаных. У жыцьці ніхто ў мяне не патрабаваў доказаў, што я ў шлюбе», — тлумачыць суразмоўца.

Зоя ўспамінае, што калі выйшла з дэкрэтнага адпачынку, дырэктар на працы зрабіў ёй заўвагу, што яна атрымлівала дадатковыя грошы як самотная маці. А яна нават не зьвярнула на гэта ўвагу. Кажа, што пісала паўсюль імя бацькі дзяцей і не хавала, што выхоўвае дзяцей разам зь ім. Дадае: іхныя дзеці ведаюць, што бацькі не расьпісаныя, што ў маці іншае прозьвішча.

«Дзеці ведаюць, што мама і тата разам, бо яны так вырашылі, і працуюць над сваім шчасьлівым сумесным жыцьцём кожны дзень усе 20 зь нечым гадоў», — падсумоўвае Зоя.

Прыгожая карцінка

Сяргею каля сарака, ён жыве адзін і пакуль не зьбіраецца жаніцца. Мяркуе, што інстытут шлюбу, як цывільнага, так і царкоўнага, адмірае «ў такім хуткаплынным, зманлівым, хлусьлівым сьвеце».

«Людзі вянчаюцца і расьпісваюцца для прыгожай карцінкі, а потым праз год разводзяцца», — разважае ён.

Сам ён даўно займаецца грамадзкай дзейнасьцю. Кажа, што ў гэтым адна з прычын, чаму ён не стварае сям’ю. Успамінае, як адна з чыноўніц, зь якой ён пэрыядычна перасякаўся, ня раз раіла яму ажаніцца, каб «усё гэтае глупства з галавы выйшла». Пад глупствам яна мела на ўвазе незалежнае назіраньне за выбарамі або іншыя спосабы змагацца за справядлівасьць.

«У вас бы ўся гэтая лухта з галавы выйшла, вы б займаліся дзецьмі, вам бы галава балела не за нейкую справядлівасьць грамадзкую, за дарогі, тратуары, асьвятленьне, выкананьне грамадзкіх правоў і свабодаў, а за тое, каб пракарміць сям’ю, купіць дзецям падгузкі і каб жонка пры гэтым цябе не „пілавала“, што ты аддаеш шмат часу і сілаў на грамадзкую дзейнасьць, на Беларусь», — пераказвае ён яе і падобных суразмоўцаў.

Сяргей мяркуе, што мэта такіх чыноўнікаў — узалежніць актыўных людзей ад сям'і, дзяцей, каб гэта было стрымальным фактарам, «каб такія, як я, менш ім псавалі жыцьцё». На ягоную думку, калі яны самі парушаюць закон, прыкладам, фальсыфікуюць вынікі выбараў, то прыкрываюцца дабром сваіх сем’яў і сваіх дзяцей.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Суразмоўца дапускае, што калі б ён ажаніўся, то ягоная жонка магла б не прыняць ягоную грамадзкую пазыцыю, дзейнасьць, таму выбірае — не жаніцца зусім. Сярод іншых ягоных аргумэнтаў супраць сям’і — «стрэс, нэрвы, час, фінансы», якіх, на ягоную думку, вымагаюць зарэгістраваныя стасункі. Кажа, часам ягоныя жанатыя сябры скардзяцца яму на сваё сямейнае жыцьцё і раяць не жаніцца, а жыць для сябе.

«Можа, іншыя пра мяне думаюць, што нейкі афэлак, які ня хоча жаніцца, ня ўсё ў парадку ў галаве», — разважае ён.

Сяргей адзначае, што некалі думае ўсё ж стварыць сям’ю, завесьці дзяцей. Але пакуль гэтая справа «стаіць на паўзе».

«Складанасьці з тым, каб плянаваць жыцьцё»

Псыхоляг Натальля Скібская пералічыла некалькі прычынаў, чаму беларусы могуць радзей ісьці да шлюбу.

Па-першае, кажа яна, у грамадзтве стала больш прымальна жыць разам з партнэрам бяз шлюбу. Па-другое, разьвіцьцё грамадзтва і культуры, а таксама кантрацэпцыя прывялі да таго, што людзі могуць займацца сэксам без наступстваў, бяз выніку ў выглядзе дзяцей.

«Раней усё было складаней. Каб рэгулярна займацца сэксам, трэба было быць у шлюбе», — кажа яна.

Трэцяя прычына, якая можа ўплываць на памяншэньне колькасьці афіцыйна створаных сем’яў, на думку псыхоляга, — у нестабільнасьці сытуацыі ў Беларусі і сьвеце.

«У людзей складанасьці з тым, каб плянаваць жыцьцё, будучыню. Я памятаю, як яшчэ як у 2020 годзе маладзёны казалі, што страшна нараджаць дзяцей у такую краіну. А зараз ужо ня толькі краіна, ужо сьвет з глузду зьехаў», — тлумачыць экспэртка.

Натальля Скібская
Натальля Скібская

Чацьвёртая прычына, якую называе Натальля Скібская, — беларускае грамадзтва ў большай ступені перайшло ад калектывізму да індывідуалізму.

«Маладзёны, гэтае новае пакаленьне ўвогуле па-іншаму ставяцца да адносін. Там сэкс не такі важны, там больш увагі сваім пачуцьцям, эмацыйным стасункам… Ёсьць людзі, якія здымаюць напружаньне праз сэкс, але часьцей у чалавека проста гэта зьніжаецца і яму становіцца не да сэксу, калі яму дрэнна», — тлумачыць Натальля Скібская.

Яшчэ адна прычына, паводле псыхоляга, — у крызісе інстытуту шлюбу, калі людзі больш у яго ня вераць.

«У жанчын зьявіліся грошы. У іх ужо няма неабходнасьці ў шлюбе, яны могуць самі за сябе плаціць. Мы ўжо на такі этапе эвалюцыі, што мы больш разумеем, бачым. У людзей проста няма добрых прыкладаў сямейных адносінаў ні ва ўласнай сям'і, ні вакол, таму людзі выбіраюць адзіноту», — дадае яна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG