Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па ўсёй Украіне адключэньні электрычнасьці пасьля расейскіх нападаў на цывільныя аб’екты


Наступствы расейскага нападу на энэргетычныя аб’екты ў Кіеве. 8 лістапада 2025 году
Наступствы расейскага нападу на энэргетычныя аб’екты ў Кіеве. 8 лістапада 2025 году

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікае ўзмацніць ціск Захаду на Крэмль, бо колькасьць ахвяраў апошніх расейскіх нападаў расьце, а ўлады з цяжкасьцю аднаўляюць дастаўку электраэнэргіі пасьля апошніх удараў па энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны.

Кіеў і многія ўкраінскія рэгіёны сутыкнуліся з масавымі адключэньнямі электраэнэргіі, брыгады электрыкаў спрабуюць аднавіць інфраструктуру, пашкоджаную расейскімі ўдарамі, перадае Ўкраінская служба Радыё Свабода.

9 лістапада ў большасьці рэгіёнаў адключалі электразабесьпячэньне на шэсьць-восем гадзін, паведаміў дзяржаўны пастаўнік энэргіі «Укренерго», дадаўшы, што абмежаваньні спажываньня заплянаваныя і на 10 лістапада.

«Прычынай уводу абмежаваньняў сталі наступствы масаваных расейскіх ракетных і бесьпілётных нападаў на энэргетычныя аб’екты», — заявілі ў кампаніі.

«Цяжка ўспомніць такую вялікую колькасьць беспасярэдніх удараў па энэргетычных абʼектах з пачатку ўварваньня», — сказала міністар энэргетыкі Ўкраіны Сьвятлана Грынчук.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў начным відэазвароце заявіў, што «рамонтныя брыгады працуюць амаль дзень і ноч у большасьці рэгіёнаў».

«Рамонтныя работы працягваюцца, і, хоць сытуацыя цяжкая, тысячы людзей удзельнічаюць у стабілізацыі сыстэмы і ліквідацыі шкоды», — дадаў ён.

Яшчэ да пачатку халадоў Расея ўзмацніла кампанію разбурэньня электрасетак Украіны, а таксама газавых абʼектаў і трубаправодаў, каб замарозіць і дэмаралізаваць украінцаў.

Russian Drone Strike Hits Dnipro Apartment Block
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:06 0:00

Міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга заявіў, што Расея нанесла ўдары па падстанцыях, якія забясьпечвалі энэргіяй два ядзерныя аб’екты.

«Гэта былі не выпадковыя, а добра сплянаваныя ўдары. Расея наўмысна ставіць пад пагрозу ядзерную бясьпеку Эўропы», — напісаў ён у паведамленьні ў сетцы X.

Сыбіга заклікаў да тэрміновага скліканьня сустрэчы Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ), органу назіраньня ААН за ядзернай энэргетыкай, каб адрэагаваць на «непрымальныя рызыкі».

Генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі папярэдзіў аб небясьпецы ваенных удараў па электрычных падстанцыях атамных станцыяў.

«Я надалей заклікаю да максымальнай ваеннай стрыманасьці, каб падтрымліваць ядзерную бясьпеку і ўнікнуць аварыі з сурʼёзнымі радыялягічнымі наступствамі», — сказаў ён у сваёй заяве.

Гросі таксама сказаў, што найбуйнейшы ядзерны абʼект Украіны — атамная станцыя ў Запарожжы — упершыню за шэсьць месяцаў аднавіў доступ да рэзэрвовага электразабесьпячэньня. На станцыі, якая цяпер пад кантролем Расеі, спынілі электразабесьпячэньне праз электрасетку. Яе некалькі дзён забясьпечвалі энэргіяй з рэзэрвовых дызэль-генэратараў, што паставіла пад пагрозу крытычна важную інфраструктуру станцыі, такую як помпы для ахаладжальнай вады.

Адключэньні электраэнэргіі былі таксама ў Палтаўскай вобласьці; паведамлялі пра поўнае адключэньне электраэнэргіі ў Краменчуку, горадзе з насельніцтвам 200 000 чалавек, дзе адкрылі часовыя грамадзкія цэнтраў, якія прапануюць цяпло, электрычнасьць, інтэрнэт, ваду і асноўную дапамогу.

У выніку расейскіх атак таксама адключалі электраэнэргію на станцыях мэтро ў другім па велічыні горадзе Ўкраіны Харкаве, паведаміў яго мэр Ігар Церахаў. Рух мэтро і трамваяў быў цалкам спынены, а падача вады таксама парушаная, напісаў ён у паведамленьні ў Telegram.

Украіна наносіць удар у адказ па аб’ектах у Расеі

З свайго боку, Украіна позна ўвечары абстраляла дронамі расейскія энэргетычныя абʼекты. У выніку істотна падарваная здольнасьць Расеі вырабляць паліва і іншыя нафтапрадукты. У памежных рэгіёнах Расеі, такіх як Белгарад і Курск, Украіна ўдарыла па энэргетычнай інфраструктуры, уключаючы цеплаэлектрацэнтралі. Больш як 20 000 чалавек у памежных рэгіёнах Расеі засталіся без электрычнасьці. Паводле непацьверджаных паведамленьняў, украінскія бесьпілётнікі ўдарылі па цеплаэлектрастанцыі ў Варонежы — прыкладна за 200 кілямэтраў на ўсход ад мяжы.

Ціск на Пакроўск узмацняецца

Пакуль Украіна змагалася з апошнімі атакамі на свой энэргетычны сэктар, яе войскі таксама змагаліся за ўтрыманьне стратэгічнага гораду Пакроўску ў Данецкай вобласьці.

Украінскія ўлады прызналі, што сытуацыя ў рэгіёне «складаная», але зьняпраўдзілі заявы Расеі аб тым, што Пакроўск аточаны. Горад стаў самым гарачым месцам фронту сёлета, змаганьне за яго — адна з самых крывавых і працяглых бітваў гэтай вайны.

Украінскі вайсковы экспэрт Аляксей Гетман заявіў Радыё Свабода, што, хоць сытуацыя ўскладняецца, украінскія войскі ўсё яшчэ ўтрымліваюць падрыхтаваныя апорныя пункты на захад ад гораду, што дазволіць ім адбіваць далейшыя расейскія напады.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG