Фэст беларускай песьні «Беларусь старажытная» прайшоў 8 лістапада ў Вільні з падтрыманьнем Дэпартамэнту нацыянальных меншасьцяў Літвы. Традыцыйна яго праводзяць у доме культуры віленскага прадмесьця Новай Вялейкі (Naujoji Vilnia).
Зладзіла імпрэзу Таварыства беларускай культуры ў Літве на чале з Аляксандрам Адамковічам. Адкрыў фэстываль намесьнік старшыні Рады БНР Мікалай Пачкаеў, зь вітальнымі словамі выступілі праваслаўны сьвятар Канстантынопальскага патрыярхату Віталіюс Моцкус і прадстаўнікі літоўскай улады.
Аляксандар Адамковіч у камэнтары «Радыё Рацыя» сказаў, што сёлета ў фэстывалі прынялі ўдзел каля 100 чалавек, але ня ўсе заяўкі ад гуртоў змаглі задаволіць празь фінансавыя абмежаваньні:
«Было больш калектываў, чым мы маглі рэальна сёньня прыняць на сцэне. Аддалі перавагу тым, якія вырашылі ў першы раз выступіць, і тым, якія здалёк прыяжджаюць. І ў мяне ўжо такая нараджаецца ідэя, што, магчыма, два альбо тры дні трэба рабіць, каб ужо ніхто ня крыўдзіўся».
Паводле аднаго з заснавальнікаў і суарганізатараў фэстывалю, кіраўніка гуртоў з Падляшша «Жэмэрва» і «Асочнікі» Дарафея Фіёніка, фэст за шэсьць гадоў ужо здабыў сталых прыхільнікаў:
«Хацелася б, каб заля была запоўненая і палова з тых месцаў менавіта была больш маладых людзей. Думаю, што трэба было б праводзіць таксама нейкую працу паміж фэстывалямі. У Вільні ёсьць асяродкі, якія займаюцца традыцыйным фальклёрам».
На фэстывалі «Беларусь старажытная» выступілі калектывы зь Беларусі, Літвы, Польшчы, Латвіі і Ўкраіны: «Беларускі Цуд», «Абра», «Лаўкіс», «Тургелянка», «Язьняле», «Ойра» ды іншыя. Беларускі нацыянальны гімн і сваю музычную праграму выканаў этнамузыкант і сьпявак Сяржук Доўгушаў.
Таксама прысутныя маглі патанцаваць беларускія танцы, купіць беларускія кнігі й вырабы беларускіх рамесьнікаў.
Форум