Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся суд над былым прэзыдэнтам Паўднёвай Карэі за арганізацыю мяцяжу


Былы прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль
Былы прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль

Былы прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль 14 красавіка паўстаў перад судом у справе аб увядзеньні ваеннага становішча.

У судзе Юн Сок Ёль адмаўляў, што меў намер учыніць мяцеж, піша AFP.

Раней Юн быў афіцыйна пазбаўлены пасады пасьля таго, як заканадаўцы аб’явілі яму імпічмэнт за ягоную спробу 3 сьнежня «падарваць цывільнае кіраваньне, у выніку чаго да парлямэнту былі накіраваныя ўзброеныя салдаты».

Юн Сок Ёль стаў першым дзейным кіраўніком Паўднёвай Карэі, арыштаваным у сувязі з крымінальнай справай супраць яго, хоць пазьней яго вызвалілі з працэсуальных прычынаў. Юн Сок Ёля абвінавачваюць у спробе мяцяжу празь няўдалае абвяшчэньне ваеннага становішча, але каманда ягоных адвакатаў адпрэчыла абвінавачаньні, а былы прэзыдэнт выступіў, каб абараніць сябе.

«Трактаваньне падзеі, якая доўжылася ўсяго некалькі гадзін, была негвалтоўнай, а погляд Нацыянальнага сходу на патрабаваньне аб яго роспуску як на мяцеж адразу ж быў прызнаны... уражвае мяне юрыдычнай беспадстаўнасьцю», — сказаў Юн у судзе.

Юн, які сам калісьці быў пракурорам, папрасіў паказаць прэзэнтацыю абвінавачаньня на маніторы ў зале суду і зьняпраўдзіў уступную абвінаваўчую заяву пункт за пунктам.

Пракуратура сьцьвярджае, што Юн Сок Ёль «плянаваў падбухторваць да мяцяжу з мэтай падарваць канстытуцыйны парадак». Пракуроры падалі доказы таго, што Юн Сок Ёль загадзя плянаваў ваеннае становішча і накіраваў вайскоўцаў у парлямэнт з загадам разьбіць вокны і адключыць электрычнасьць.

Экспэрты кажуць, што судовы працэс будзе працяглым. «Першы вэрдыкт, хутчэй за ўсё, вынесуць у жніўні, але справа ўключае каля 70 000 старонак доказаў і паказаньняў шматлікіх сьведак. Такім чынам, калі суд палічыць гэта неабходным, судовы разгляд можа быць падоўжаны», — сказаў AFP адвакат Юн Сок Ёля.


  • Юн Сок Ёль стаў першым дзейным прэзыдэнтам сучаснай Паўднёвай Карэі, адпраўленым пад арышт. Трэцяга студзеня сьледчыя не змаглі выканаць ордэр на арышт, бо ім супрацьстаяла служба бясьпекі адхіленага ад улады прэзыдэнта. 15 студзеня сьледчыя дзяржаўнага антыкарупцыйнага агенцтва Паўднёвай Карэі з другой спробы арыштавалі Юн Сок Ёля з абвінавачаньнем ў мяцяжы і павезьлі на допыт. 18 студзеня суд пастанавіў узяць яго пад варту.
  • У лютым палітык падаў апэляцыю ў Цэнтральны акруговы суд Сэулу. Суд стаў на ягоны бок і вызваліў з-пад варты ў пачатку сакавіка, аднак разгляд справы аб мяцяжы працягваецца. Тэарэтычна Юн Сок Ёлю за мяцеж на дзяржаўнай пасадзе можа пагражаць нават сьмяротнае пакараньне, але ў Паўднёвай Карэі нікога не караюць сьмерцю ўжо 30 гадоў.
  • Трэцяга сьнежня 2024 году на той момант прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль абʼявіў пра ўвядзеньне ваеннага становішча ў краіне «дзеля барацьбы з унутранымі прыхільнікамі КНДР». Указ забараняў працу палітычных партыяў, пратэсты, страйкі, уводзіў цэнзуру і ваенна-палявыя трыбуналы з правам выносіць сьмяротныя прысуды. Указ дзейнічаў шэсьць гадзін і выклікаў маштабныя пратэсты як на вуліцах Сэулу, так і ў парлямэнце. Дэпутаты падчас штурму парлямэнту вайскоўцамі прагаласавалі за скасаваньне рашэньня прэзыдэнта. Пасьля гэтага ён паводле закону быў вымушаны скасаваць указ.
  • 14 сьнежня 2024 году парлямэнт Паўднёвай Карэі прагаласаваў за імпічмэнт Юн Сок Ёля.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG