Спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Стывэн Ўіткаф прыбыў у Расею і, як чакаецца, сустрэнецца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным 11 красавіка, паведаміла выданьне Axios з спасылкай на крыніцу, якая ведае пра паездку, і зьвесткі сэрвісу FlightRadar.
Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў пацьвердзіў агенцтву ТАСС, што Ўіткаф прыляцеў у Расею. Ён дадаў, што Крэмль паведаміць, калі расейскі кіраўнік сустрэнецца з пасланьнікам Трампа.
Axios адзначае, што гэта будзе ўжо трэцяя сустрэча Ўіткафа і Пуціна пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выступіў з ініцыятывамі наконт спыненьня агню ва Ўкраіне. Падрабязнасьцяў аб магчымай сустрэчы Ўіткафа з Пуціным выданьне не прыводзіць.
3 красавіка спэцыяльны прадстаўнік Пуціна, кіраўнік Расейскага фонду простых інвэстыцыяў Кірыл Дзьмітрыеў сустрэўся ў Вашынгтоне з спэцыяльным пасланьнікам Дональда Трампа на Блізкім Усходзе Стывэнам Ўіткафам. Паездка Дзьмітрыева стала першым візытам высокапастаўленага прадстаўніка Расеі ў ЗША пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.
Візыт адбыўся ўсяго празь некалькі дзён пасьля таго, як Трамп у інтэрвію NBC выказаў думку, што можа ўвесьці дадатковыя санкцыі супраць Расеі, і заявіў, што «раззлаваўся на прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна за ягоную крытыку прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага». Axios адзначае, што Трамп апошнім часам выказваў усё большую незадаволенасьць нежаданьнем Расеі згаджацца на перамір’е ва Ўкраіне.
Апошнімі тыднямі адбыліся некалькі сустрэч і тэлефонных званкоў паміж Украінай і ЗША, а таксама паміж Расеяй і ЗША аб спыненьні агню ў вайне Расеі супраць Украіны. У прыватнасьці, 11 сакавіка прадстаўнікам ЗША ўдалося атрымаць ад Украіны згоду на 30-дзённае перамір’е. Пуцін гэтую ідэю не адпрэчыў, але выставіў свае ўмовы.
Папярэдняя сустрэча Пуціна і Ўіткафа прайшла 13 сакавіка.
Раней Ўіткаф уваходзіў у склад дэлегацыі ЗША, якая сустракалася ў лютым з прадстаўнікамі Расеі, а ў сакавіку — з дэлегацыяй Украіны. Шэраг яго выказваньняў у мэдыя, у прыватнасьці пра тое, што Ўкраіна магла б саступіць Расеі пэўныя тэрыторыі, выклікаў незадаволенасьць украінскага кіраўніцтва.
Расея чацьвёрты год вядзе поўнамаштабную вайну супраць Украіны, захапіла каля 20 працэнтаў яе тэрыторыі, у выніку баявых дзеяньняў загінулі тысячы людзей, зьнішчаныя многія гарады на Данбасе, мільёны ўкраінцаў пакінулі свае дамы.
Форум