Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дубінай і пернікам. Як улады змагаюцца з кадравым дэфіцытам і ці дае гэта плён


Цэнтар занятасьці ў Менску, архіўнае фота
Цэнтар занятасьці ў Менску, архіўнае фота

У Беларусі застаецца праблема кадравага дэфіцыту, працоўных месцаў становіцца болей з кожным месяцам. Каб вырашыць праблему, улады завабліваюць мігрантаў, падымаюць заробкі і ціснуць на беспрацоўных. Што гэта дае і ў чым корань праблемы.

На сёньня ў Беларусі — 195 059 свабодных працоўных месцаў. Гэта вынікае з дадзеных агульнарэспубліканскага банку вакансіяў. З пачатку сакавіка прапановаў працы стала на 6,2 тысячы больш. Не хапае:

  • Кіроўцаў — 13825 вакансіяў
  • Сьлесараў — 12432 вакансіяў
  • Інжынэраў — 8120 вакансіяў
  • Лекараў — 5479 вакансіяў
  • Прадаўцоў — 5126 вакансіяў

Напрыклад, кіроўцу грузавіка ў Горадні на поўную стаўку прапануюць да 3000 рублёў. Інжынэру-электрыку ў Кобрыні гатовыя плаціцьда 1200. Лекару ў Лоеве прапануюць 1450 рублёў на стаўку, гэтага спэцыяліста шукаюць зь лістапада мінулага году.

Дзяржава спрабуе змагацца з дэфіцытам кадраў. У лютым Белстат абвясьціў, што занятых у эканоміцы стала больш у параўнаньні са студзенем на 9400 чалавек. Цяпер афіцыйна працуюць 4,1 мільёна беларусаў. Такая тэндэнцыя назіраецца ўжо некалькі месяцаў. Каб завабіць людзей на працу, улады карыстаюць спосабы як заахвочваньня, так і застрашэньня.

Чарга з гомельскі Цэнтар занятасьці, архіўнае фота
Чарга з гомельскі Цэнтар занятасьці, архіўнае фота

Дадатковыя выплаты і стыпэндыі

Грашовая матывацыя — адзін з варыянтаў завабіць на працу, яго выкарыстоўваюць як асобныя дзяржаўныя кампаніі, так і дзяржава агулам, цэнтралізавана. Напрыклад, для будучых кіроўцаў, якія вучацца на курсах пры аўтобусных парках, існуюць стыпэндыі падчас навучаньня. 4-ы транспартны парк «Менсктрансу» гатовы плаціць стыпэндыю 1000 рублёў, заробак пасьля — 4000.

З 1 траўня ўлады павялічылі надбаўку для настаўнікаў-дэфэктолягаў з 15% да 35%. Таксама вырасла надбаўка настаўнікам, якія працуюць у групах падоўжанага дня і спэцшколах. З 1 студзеня вырасьлі надбаўкі настаўнікам на 39%, выхавальнікам у дашкольных установах на 20%, выкладчыкам ВНУ ад 15 да 55% у залежнасьці ад катэгорыі.

Яшчэ раней, з 2023 году, некаторыя беларускія заводы пачалі ўводзіць грашовыя бонусы для новых супрацоўнікаў, а таксама для дзейных, калі яны прывядуць новых. Напрыклад, МТЗ плаціўза новага рабочага 500 рублёў. А МАЗ абяцаў аднаразовае грашовае ўзнагароджаньне 5 000 рублёў, калі супрацоўнік прыйдзе да іх адразу пасьля войска.

Прахадная МАЗа, архіўнае фота
Прахадная МАЗа, архіўнае фота

Працоўныя мігранты і пэнсіянэры

Летась у Беларусь прыехалі 33,8 тысячы працоўных мігрантаў. Такую статыстыку агучвалі ў Дэпартамэнце грамадзянства і міграцыі МУС. У асноўным гэта былі грамадзяне Туркмэністану, Расеі, Кітаю, Узбэкістану і Ўкраіны. Іх за год пабольшалаў 2,5 раза.

Умовы для легалізацыі гастарбайтэраў улады Беларусі спрашчаюць з 2023 году, сьпіс прафэсіяў іншаземцаў, якія дазваляюць наймаць іх паводле спрошчанай схемы, увесь час пашыраецца. Калі раней у ім было 10 прафэсіяў, то цяпер 53.

Дадаткова спрасьцілі таксама ўмовы для выхадцаў з краін ЭАЭС, ім ня трэба мець спэцыяльнага дазволу на працу, таксама яны могуць атрымаць дазвол на жыхарства на тэрмін, большы за год.

З пачатку гэтага году для пэнсіянэраў, якія працуюць, пэнсіі выплачваюць у поўным аб’ёме. Раней значная частка пэнсіянэраў траціла ў пэнсіях пры найме на працу. Страты маглі даходзіць да 500 рублёў.

Сёлета сілавікі сталі праводзіць рэйды па адрасах тых людзей, каго ўлады лічаць «незанятымі ў эканоміцы», так званымі «дармаедамі». У першую чаргу гэта тычыцца людзей, якія ці то выйшлі зь месцаў пазбаўленьня волі, ці то траплялі раней у поле зроку сілавікоў. Яны лічаць, што такім чынам «спрыяюць працаўладкаваньню».

Кіраўнік МУС Кубракоў у пачатку сакавіка заявіў,што пасьля такіх рэйдаў у камітэтах працы і сацыяльнай абароны «пачалі выстройвацца чэргі зь беспрацоўных».

Міністар унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў на пасяджэньні СНД у Туркестане, архіўнае фота
Міністар унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў на пасяджэньні СНД у Туркестане, архіўнае фота

«Неспрыяльныя дэмаграфічныя трэнды»

Захадаў, якія дзяржава робіць для преаадоленьня кадравага голаду, недастаткова, бо яны не вырашаюць галоўных праблемаў. Такую думку ў размове з Свабодай выказаў экспэрт дасьледчага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык.

«У нас ёсьць прапанова працы і попыт на працу. У Беларусі праблема з абодвума кампанэнтамі. Меры, якія прымаюць улады, не касуюць глыбінных прычынаў. А гэта неспрыяльныя дэмаграфічныя трэнды. Шляхам прымусу працаваць, ці пагрозамі, ці дадатковымі падаткамі праблему ня вырашыць. Тых жа працоўных мігрантаў стала больш. Аднак у межах эканомікі гэта мізэрны адсотак, праблему гэта не вырашае. Колькасьць занятых у эканоміцы перастала зьніжацца, але праблема дэфіцыту кадраў засталася», — мяркуе Анатоль Харытончык.

Рост колькасьці вакансіяў захоўваецца і надалей, працягвае экспэрт. На спэцыялістаў высокі попыт, бо захоўваецца попыт на тавары і паслугі.

«Праблема дэфіцыту супрацоўнікаў застаецца істотнай. Для вырашэньня гэтай праблемы трэба паляпшаць дэмаграфію, што зойме дзесяцігодзьдзі. Калі эканоміка пачне запавольвацца, можа пачаць зьніжацца попыт на працу. Калі будзе выхад зь перагрэву эканомікі, попыт на супрацоўнікаў таксама можа пачаць слабець», — заўважае эканаміст.

Пасьля 2020 году праз рэпрэсіі і перасьлед з Беларусі выехалі 500-600 тысяч чалавек — такія лічбы прыводзяць дасьледнікі з Цэнтру новых ідэй.

Гэта 6-7% насельніцтва Беларусі. Нават паводле афіцыйнай статыстыкі Белстату, якая можа ня ўлічваць палітычную эміграцыю, за мінулы год жыхароў у Беларусі стала менш на 47 тысяч чалавек.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG