Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады паведамілі, колькі ў Беларусі беспрацоўных жанчын


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Жаночае беспрацоўе ў Беларусі з 2020 году скарацілася з 3,3% да 2,7%, расказала міністарка працы.

З 2020 году жаночае беспрацоўе ў Беларусі скарацілася з 3,3% да 2,7%, паведаміла міністарка працы і сацыяльнай абароны Натальля Паўлючэнка на прэс-канфэрэнцыі з нагоды Дня жанчын 8 Сакавіка.

Як відаць, лічбы ўзялі з дадзеных выбарачнага абсьледаваньня хатніх гаспадарак, якое рэгулярна праводзіць Белстат: узровень афіцыйнага беспрацоўя, калі ў разьлік прымаюцца толькі зарэгістраваныя на біржы працы, не перавышае 0,1%, піша «Позірк».

Як лічыць міністар, зьніжэньне беспрацоўя сьведчыць аб тым, што жанчыны ў краіне сфакусаваныя ня толькі на сямейных абавязках.

Паводле яе, сьпіс забароненых для жанчын работ у 2022 годзе быў скарочаны на 50%, да 88 пазыцый, разглядаецца пытаньне аб яго далейшым памяншэньні.

«Дзяржава сёньня прыкладае ўсе намаганьні для таго, каб жанчыны маглі рэалізаваць сябе максымальна эфэктыўна», — заявіла Паўлючэнка.

Яна згадала Індэкс гендэрнай няроўнасьці, які вылічвае Праграма разьвіцьця ААН:

«Наша краіна традыцыйна ўтрымлівае доўгія гады 29-е месца сярод 166 краін».

«Больш за палову студэнтаў — дзяўчаты. Сярод занятых у эканоміцы 40% жанчын маюць вышэйшую адукацыю, а 30% — сярэднюю спэцыяльную. Дзяржслужба — гэта жаночы твар, 70%. Больш за 60% занятых у эканоміцы жанчын ва ўзросьце да 49 гадоў маюць непаўналетніх дзяцей», — прывяла міністар прыклады, якія, на яе думку, сьведчаць аб адсутнасьці гендэрнай няроўнасьці ў краіне.

«У нас выбудавана дастаткова эфэктыўная сыстэма, якая дазваляе трымаць гарманічны балянс, у т. л. сям’я, праца, і рэалізоўвацца непасрэдна ва ўсіх ролях жанчыны. Таму што, калі мы кажам „рэалізацыя жанчыны“, мы павінны разумець, што жанчына — гэта ня толькі карʼера, адукацыя. Гэта і сямʼя, сямейны ачаг, дзеці», — заявіла яна.

Як сьцьвярджае Паўлючэнка, памер дапамог і выплат сьведчыць на карысьць таго, што «цяпер вельмі добры, залаты час для нараджэньня, выхаваньня дзяцей».

За 30 гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі толькі паводле афіцыйных зьвестак насельніцтва краіны скарацілася больш як на 1 млн чалавек.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG