Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 10 тысяч пэнсіянэраў зноў працаўладкаваліся пасьля адмены зьніжаных пэнсій


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Каля 10 тысяч пэнсіянэраў «вярнуліся на рынак працы» пасьля адмены зьніжаных выплат у выпадку працы, паведаміла журналістам начальніца галоўнага ўпраўленьня пэнсійнага забесьпячэньня Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Гомарава на прэс-канфэрэнцыі 4 сакавіка.

Паводле яе, такую лічбу раней прагназавала міністэрства.

«На рынак працы ў студзені, як паказаў аналіз, дадаткова выйшла 2,6 тыс. пэнсіянэраў з індывідуальным каэфіцыентам, які склаўся пры разьліку пэнсіі, звыш 1,3», – сказала прадстаўніца ведамства.

З 1 студзеня для іх зьнятыя абмежаваньні, і пэнсія ім выплачваецца ў поўным аб’ёме (раней яны мелі паніжаную пэнсію).

«Ахоп [зьмен у цэлым] — 110 тыс. пэнсіянэраў, якім пэнсіі пералічылі з 1 студзеня 2025 году. Памер дабаўкі ў кожнага свой, у залежнасьці ад працягласьці стажу і заработнай платы. Максымальная дабаўка — 500 рублёў», — удакладніла Гомарава.

Апісаныя новаўвядзеньні для пэнсіянэраў, якія працуюць, уведзеныя ўказам ад 29 кастрычніка 2024 году № 402 «Аб сацыяльнай падтрымцы».

Усяго ў Беларусі каля 460 тыс. пэнсіянэраў, якія працуюць, адзначыла начальніца ўпраўленьня.

Працоўную пэнсію атрымлівае каля 26% насельніцтва, ці больш за 2,4 млн чалавек, сказала яна.

Сярэдні памер пэнсіі па ўзросьце — 932 рублі, удакладніла сьпікер.

Апошняе павышэньне пэнсій адбылося з 1 лютага, папярэдняе — 1 кастрычніка 2024 году.

З 1 жніўня мінулага году павялічыўся памер даплат пэнсіянэрам ва ўзросьце 75–79 гадоў — 81,19 рубля, ва ўзросьце 80 гадоў і старэйшых (з улікам надбаўкі на догляд) — 162,38, пры наяўнасьці інваліднасьці I групы — 216,50.

У лютым 2024 году пэнсіі падвышаліся на 10%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG