Судзьдзя Джэй Пол Эткен з Акруговага суду ЗША на Манхэтэне, які разглядае пазоў журналістаў Голасу Амэрыкі (Voice of America, VoA) і прафсаюзаў, прыпыніў на 21 дзень спробы адміністрацыі Дональда Трампа ліквідаваць рэдакцыю, піша The New York Times.
У пазове сьцьвярджалася, што Белы дом сваімі дзеяньнямі, у тым ліку адпраўкай працаўнікоў VoA у адміністрацыйны адпачынак, парушыў правы журналістаў, замацаваныя Першай папраўкай канстытуцыі ЗША.
На разглядзе ў судзе таксама знаходзіцца іншы пазоў супраць дзеяньняў адміністрацыі Трампа, пададзены дырэктарам Голасу Амэрыкі Майклам Абрамавіцам.
Раней фэдэральны акруговы суд у Вашынгтоне (акруга Калюмбія) задаволіў хадайніцтва мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (RFE/RL) аб часовым забесьпячальным захадзе, якое зьмяшчалася ў пазове, пададзеным RFE/RL да Агенцтва ЗША па глябальных мэдыя (USAGM). Суд пастанавіў, што да разгляду пазову па сутнасьці, які, як чакаецца, адбудзецца ў найбліжэйшыя тыдні, агенцтва павінна ўстрымацца ад захадаў, якія могуць быць накіраваныя на закрыцьцё RFE/RL. Да гэтых захадаў адносіцца і рашэньне, аб якім 15 сакавіка абвясьціла старэйшы дарадца кіраўніка USAGM Кэры Лэйк, аб спыненьні дзеяньня грантавага пагадненьня, паводле якога RFE/RL атрымлівае праз USAGM сродкі, выдзеленыя Кангрэсам на яго працу.
Судзьдзя Ройс Ламбэрт у сваім дзесяцістаронкавым рашэньні пастанавіў, што спыненьне выплаты грантавых сродкаў нанесла б RFE/RL «непапраўную шкоду».
«Кіраўніцтва USAGM ня можа пры дапамозе адной фразы практычна без абгрунтаваньня прымусіць RFE/RL спыніць працу, нават калі прэзыдэнт распарадзіўся гэта зрабіць», — указаў судзьдзя.
Наступным крокам павінен стаць разгляд хадайніцтва RFE/RL аб прадстаўленьні мэдыякарпарацыі каля 77 мільёнаў даляраў, выдзеленых раней Кангрэсам ЗША на яе працу ў бягучым фінансавым годзе, гэта значыць да канца верасьня 2025 году. Падпісанае Кэры Лэйк апавяшчэньне аб спыненьні фінансаваньня Радыё Свабода было накіраванае на тое, каб гэтыя сродкі не былі перададзеныя RFE/RL.
26 сакавіка USAGM у лісьце да Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода паведаміла, што адмяняе сваю заяву аб спыненьні гранта ад Кангрэса ад 15 сакавіка, але падкрэсьліла, што захоўвае за сабой права спыніць выдзяленьне гэтага гранту ў будучыні.
Але напярэдадні стала вядома, што мэдыякарпарацыя Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода працягвае судовы працэс супраць Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM), каб дамагчыся выдзяленьня фінансаваньня, выдзеленага Кангрэсам ЗША. Пра гэта гаворыцца ў сёньняшняй заяве кіраўніцтва мэдыякарпарацыі.
- USAGM — незалежнае ўрадавае агенцтва ЗША, якое курыруе трансьляцыю навін і інфармацыі амаль на 50 мовах для прыкладна 361 мільёна чалавек кожны тыдзень праз Радыё Свабода, Голас Амэрыкі і іншых вяшчальнікаў. Пры гэтым RFE/RL, у адрозьненьне ад Голасу Амэрыкі, зьяўляецца прыватнай некамэрцыйнай карпарацыяй, зарэгістраванай у амэрыканскім штаце Дэлавэр. Хоць праца RFE/RL фінансуецца Кангрэсам праз гранты, супрацоўнікі Радыё не зьяўляюцца службоўцамі фэдэральнага ўраду ЗША.
Форум