Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода працягвае судовы працэс наконт фінансаваньня, зацьверджанага Кангрэсам ЗША


Штаб-кватэра Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе
Штаб-кватэра Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе

Мэдыякарпарацыя Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (РСЭ/РС) працягвае судовы працэс супраць Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM), каб дамагчыся выдзяленьня фінансаваньня, выдзеленага Кангрэсам ЗША. Пра гэта гаворыцца ў сёньняшняй заяве кіраўніцтва мэдыякарпарацыі.

USAGM курыруе РСЭ/РС і іншыя мэдыякампаніі, якія фінансуюцца з бюджэту ЗША і вяшчаюць на замежныя аўдыторыі.

USAGM заявіла аб спыненьні гранта для РСЭ/РС 15 сакавіка, празь некалькі гадзін пасьля ўказу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Указ заклікаў да скарачэньня сямі фэдэральных агенцтваў — у тым ліку USAGM — да «максымальнай ступені, якая адпавядае дзейнаму заканадаўству».

26 сакавіка USAGM напісала Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, што адмяняе сваю заяву аб спыненьні гранта ад Кангрэса ад 15 сакавіка, але падкрэсьліла, што захоўвае за сабой права спыніць выдзяленьне гэтага гранту ў будучыні.

У судовай позве РСЭ/РС сьцьвярджаецца, што USAGM ня мае паўнамоцтваў спыніць грант, вылучаны актам Кангрэсу ЗША.

У заяве, апублікаванай РСЭ/РС 27 сакавіка, гаворыцца, што мэдыякарпарацыя «чакае афіцыйнага пацьверджаньня ад USAGM аб аднаўленьні грантавага фінансаваньня».

Новая заява ад 28 сакавіка дала зразумець, што гэтага яшчэ не адбылося.

«Мы з нецярпеньнем чакаем атрыманьня сродкаў, якія Кангрэс выдзеліў нам праз Агенцтва глябальных мэдыя ЗША. Да таго часу мы будзем выкарыстоўваць усе неабходныя сродкі прававой абароны, каб пераканацца, што намеры Кангрэса выконваюцца», — гаворыцца ў паведамленьні.

У заяве таксама гаворыцца, што «Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода адданае сваёй аўдыторыі і наша місія, прадугледжаная Кангрэсам, застаецца непахіснай».

25 сакавіка акруговы суд у Вашынгтоне задаволіў хадайніцтва Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода аб увядзеньні часовай забароны ў яе судовым пазове супраць Агенцтва глябальных мэдыя ЗША у сувязі з прыпыненьнем фінансаваньня, вылучанага Кангрэсам. Суд заявіў, што агенцтва, праўдападобна, дзейнічала «самавольна і неабгрунтавана» пры спыненьні гранту для РСЭ/РС і што гэта магло б нанесьці «непапраўную шкоду» трансьлятару, калі б рашэньне было рэалізавана.

Фэдэральны судзьдзя ЗША Ройс Ламбэрт у 10-старонкавым рашэньні адзначыў, што часовая забарона неабходная, каб спыніць закрыцьцё, бо РСЭ/РС прадэманстравала высокую імавернасьць перамогі ў судзе. Ён падкрэсьліў, што дазвол USAGM дзейнічаць у пытаньні фінансаваньня РСЭ/РС да судовага разгляду мог бы нанесьці «непапраўную шкоду» трансьлятару, а выдача забароны адпавядае інтарэсам грамадзкасьці.

«Кіраўніцтва USAGM ня можа адным радком без тлумачэньня прымусіць РСЭ/РС закрыцца — нават калі прэзыдэнт сказаў ім гэта зрабіць», — растлумачыў судзьдзя Ламбэрт.

Паведамленьне аб спыненьні фінансаваньня было выкладзена ў лісьце, падпісаным Кэры Лэйк, якая пазначыла свой тытул як «старшы дарадца выканаўчага дырэктара USAGM з паўнамоцтвамі, дэлегаванымі выканаўчым дырэктарам».

У лісьце сьцьвярджалася, што «грант больш не адпавядае прыярытэтам агенцтва».

Пасьля ліста на адрас RFE/RL 26 сакавіка Лэйк працягвала крытыкаваць мэдыя, якія падпарадкаваныя USAGM.

«Пытаньне да амэрыканскага народа: ці вы хочаце, каб вашы з цяжкасьцю заробленыя падатковыя даляры ішлі на гэты від прапаганды? Я змагаюся з гэтым наўпрост зараз у Агенцтве глябальных мэдыя ЗША і гэта будзе бітва», — сказала яна ў інтэрвію тэлеканалу Newsmax.

У інтэрвію One America News Лэйк сказала, што ў яе не было часу праглядзець кантэнт мэдыя, якія курыруе USAGM: «Я нават не пасьпела паглядзець зьмест».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG