Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Танкавы падразьдзел беларускага войска адправілі на навучаньне ў Расею


Перасоўваньне вайсковай тэхнікі ў рамках праверкі сілаў рэагаваньня ў траўні 2022 году. Ілюстрацыйнае фота
Перасоўваньне вайсковай тэхнікі ў рамках праверкі сілаў рэагаваньня ў траўні 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

Вучыць беларускіх танкістаў абяцаюць з улікам досьведу сучасных войнаў.

Вайскоўцы аднаго з танкавых падразьдзелаў Узброеных сілаў Беларусі пройдуць навучаньне на базе 333-га цэнтру баявой падрыхтоўкі ў Расеі.

Гэты цэнтар баявой падрыхтоўкі знаходзіцца ў Муліне Ніжагародзкай вобласьці, на Гарахавецкім артылерыйскім навукова-выпрабавальным дасьледчым палігоне.

«Праграма навучаньня распрацаваная з улікам досьведу сучасных узброеных канфліктаў», — паведамляе Міністэрства абароны Беларусі.

Начальнік галоўнага ўпраўленьня баявой падрыхтоўкі Ўзброеных сіл Беларусі Ўладзімер Белы заявіў, што гэта плянавае навучаньне.

«Гэта магчымасьць пераняць перадавы досьвед у баявой падрыхтоўцы. Аснова цэнтру — падразьдзел інструктараў, які ажыцьцяўляе рыхтаваньне падразьдзелаў у зоне спэцыяльнай ваеннай апэрацыі( так улады ў Расеі і Беларусі называюць вайну ва Ўкраіне. — РС). Яны актыўна дзеляцца досьведам з нашымі вайскоўцамі», — сказаў Уладзімер Белы.

Паводле яго словаў, навучаньне пачнецца з ацэнкі ўзроўню падрыхтаванасьці падразьдзелу, а потым пройдуць індывідуальныя заняткі і зладжваньне падразьдзелу.

«На завяршальным этапе зладжваньня мы ўжо маем скампанаваную баявую сыстэму, якая, паводле спэцыялістаў, здольная выконваць рэальныя баявыя задачы», — сказаў Уладзімер Белы.

У сьнежні 2024 году стала вядома, што Беларусь і Расея ствараюць тры навучальныя цэнтры для супольнага рыхтаваньня вайскоўцаў узброеных сілаў абедзьвюх краін. 333-і цэнтар баявой падрыхтоўкі знаходзіцца ў Муліне Ніжагародзкай вобласьці, на Гарахавецкім артылерыйскім навукова-выпрабавальным дасьледчым палігоне. Там адбываецца рыхтаваньне сухаземных, паветрана-дэсантных і берагавых войскаў ВМФ Заходняй вайсковай акругі Расеі. Гэты цэнтар вызначаны і для супольнага рыхтаваньня вайскоўцаў Беларусі і Расеі.

Сёлета ўвосень Беларусь і Расея плянуюць правесьці супольныя вучэньні «Захад-2025», якія назвалі галоўнай падзеяй у супольнай падрыхтоўцы органаў вайсковага кіраваньня і войскаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG