Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ангела Мэркель рабіла штосьці падобнае». Гісторыя посьпеху беларускага хіміка Дзьмітрыя Фірагі


Дзьмітрый Фірага
Дзьмітрый Фірага

Гісторыя посьпеху беларускага хіміка Дзьмітрыя Фірагі, які распрацоўвае ў Нямеччыне навуковы софт, што дапамагае ў вытворчасьці лекаў і чый артыкул апублікаваў прэстыжны часопіс Nature.

Беларус Дзьмітры Фірага стаў ляўрэатам першай незалежнай навуковай прэміі «Бізон Гіґс» у галіне дакладных і прыродазнаўчых навук сярод беларускіх навукоўцаў. Зараз ён працуе ў нямецкай кампаніі Avant-garde Materials Simulations.

Дзьмітры Фірага расказаў Свабодзе пра розьніцу паміж беларускай і нямецкай вышэйшай адукацыяй, пра сустрэчы з нобэлеўскімі ляўрэатамі, прызнаўся, чаму адмовіўся ад прэстыжнага навуковага гранту і чым займаецца зараз.

Зьмест:

  • Дзе ў Беларусі радзіма вялікіх хімікаў? Пра дзяцінства
  • Магістарская — на ўзроўні эўрапейскіх працаў. Пра вучобу на хімфаку
  • Для экспэрымэнтаў куплялі шпрыцы ў аптэках. Пра розьніцу паміж беларускай і нямецкай вышэйшай адукацыяй
  • Ізаляцыя ў нямецкай асьпірантуры. Пра адносіны зь іншымі асьпірантамі
  • Адмова ад прэстыжнай стыпэндыі Marie Skłodowska-Curie Actions
  • Публікацыя ў Nature — узровень, пра які мараць прафэсары сусьветных ВНУ
  • Сустрэчы з нобэлеўскімі ляўрэатамі
  • Распрацоўка новых лекаў з пэрспэктывай Нобэлеўкі
  • «Найважнейшае — стварыць радзіму вакол сябе». Пра жыцьцё ў Нямеччыне

«Ня ведаеце, дзе ў Беларусі радзіма вялікіх хімікаў? У Зембіне!»

Дзьмітры Фірага родам зь вёскі (колішняга мястэчка) Зембін Барысаўскага раёну. Да дзявятай клясы ён вучыўся па-беларуску. На пачатку 2000-х гадоў у краіне праводзілася чарговая адукацыйная рэформа, і ў Зембінскай школе ўтварылі профільныя плыні ў некаторых прадметах. На жаль, у беларускамоўнай клясе не было профіляў дакладных навук, таму яму давялося перайсьці ў расейскамоўную.

«У 2004–2005 гадах у нас было па 4-5 урокаў хіміі і па 6-7 матэматыкі на тыдзень. Гэта была залатая парá! У Зембінскай школе была цікавая камбінацыя: хімічны і матэматычны профілі.

Я спачатку зацікавіўся матэматыкай (яе выкладала Алена Рыгораўна Кухта), добра ведаў гэты прадмет, але ня быў падрыхтаваны да алімпіядаў — яны патрабавалі адмысловых навыкаў. Спрабаваў паглыблена займацца фізыкай, але настаўнікі фізыкі часта мяняліся, цяжка было дасягнуць выніку.

Настаўніца хіміі Тацяна Чаславаўна Казак зацікавіла мяне сваім прадметам. І аказалася, што з матэматычнай падрыхтоўкай вельмі лёгка разьвязваць хімічныя задачы», — апавядае Дзьмітры.

У 9 клясе на Барысаўскай раённай алімпіядзе ў хіміі Дзьмітры быў першым, на Менскай абласной заняў другое месца з канца (11 месца). Настаўніца хіміі тады яго падтрымала: «Дзіма, ты адзінаццаты ў вобласьці!» Налета ён стаў другім у вобласьці, сёмым у Беларусі. У 11-й клясе рыхтаваўся сур’ёзна і заняў трэцяе месца ў краіне.

«Потым былі дзьве міжнародныя алімпіяды і два срэбраныя мэдалі — у Ерэване і ў Паўднёвай Карэі. Гэта былі мае першыя ў жыцьці паездкі за мяжу!» — узгадвае Дзьмітры.

Дзьмітры Фірага
Дзьмітры Фірага

Яго маці працавала фэльчаркай у Зембінскай лякарні, бацька — на розных працах. Гаспадарка была вялікая: тры каровы, сьвіньні, куры. Летам усёй сям’ёй нарыхтоўвалі сена, палолі буракі, капалі бульбу, езьдзілі на рыбу, у грыбы-ягады. А Дзьмітры мусіў яшчэ і рыхтавацца да алімпіядаў.

«Бацькі навучылі мяне вельмі важным навыкам: каб чагосьці дамагчыся, трэба напружана працаваць кожны дзень», — зь цеплынёй узгадвае ён.

Пасьля мэдалёў на міжнародных алімпіядах у Армэніі і Паўднёвай Карэі ў юнака было «зялёнае сьвятло» трапіць без экзамэнаў ня толькі на хімфак БДУ, але і ў Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Праўда, тады бацькам давялося б дапамагаць сыну грашыма і ежай, а ў сям’і былі яшчэ двое дзяцей. Таму Дзьмітры вырашыў вучыцца ў БДУ.

Дарэчы, хімічную адукацыю атрымалі і ягоныя брат і сястра. Брат хімікам ня стаў — але ў яго пасьпяховы бізнэс. А сястра працуе хімікам у прыватнай кампаніі, якая займаецца вытворчасьцю лекаў.

«Ня ведаеце, дзе ў Беларусі радзіма вялікіх хімікаў? У Зембіне!» — жартуе Дзьмітры Фірага.

Магістарскую працу пісаў на тэму, падобную да тэмы Ангелы Мэркель

Матэматычны склад розуму, які Дзьмітры Фірага натрэнаваў у Зэмбінскай школе, вельмі дапамог яму пры вывучэньні хіміі, асабліва фізычнай і квантавай.

«Там вельмі шмат складанай матэматыкі. Так здарылася, што фізыкі распрацавалі квантавую тэорыю, а хімікі паглядзелі, што гэта можна выкарыстоўваць для апісаньня малекулярных сыстэмаў. Міждысцыплінарныя навукі вельмі цікавыя, бо мусіш ведаць і фізычныя працэсы, і малекулярнае ўладкаваньне, і квантавую хімію, і матэматыку — а гэта складана», — тлумачыць навуковец.

Калі Фірага вучыўся на хімфаку — а гэта 2006–2012 гады — там яшчэ была школа выкладчыкаў, якія пачыналі ў савецкі час. Адзін зь іх — тагачасны дацэнт Яўген Паўлечка. Зь ім Дзьмітры працаваў цягам усіх 5 курсаў і магістратуры.

«Ён чытаў лекцыі на эўрапейскім узроўні. На жаль, цяпер ужо прафэсар, доктар хімічных навук Паўлечка таксама пакінуў БДУ — працуе зараз у ЗША, — апавядае Дзьмітры. — Арганічную хімію, квантавую хімію выкладалі на вельмі прыстойным узроўні. На той момант, калі я вучыўся, былі выдатныя магчымасьці дасканала авалодаць гэтымі прадметамі — калі чалавек ня быў гультаём. Тэарэтычная база, якую я атрымаў на хімфаку, дастаткова добрая».

Дзьмітры Фірага
Дзьмітры Фірага

Навуковы кіраўнік запэўніваў, што магістарская праца Дзьмітрыя Фірагі была на ўзроўні эўрапейскіх працаў.

«Ангела Мэркель рабіла штосьці падобнае, але для вельмі простых сыстэмаў у газавай фазе. Я вывучаў кінэтыку рэакцыі фармаваньня іённых вадкасьцяў у розных распушчальніках экспэрымэнтальна і тэарэтычна», — тлумачыць навуковец.

(Былая канцлерка ФРГ Ангела Меркель з адукацыі фізыка-хімік, у 1978 годзе яна абараніла дыплёмную працу на тэму «Уплыў прасторавай карэляцыі на хуткасьць бімалекулярных элемэнтарных рэакцыяў у шчыльным асяродзьдзі», працавала ў Цэнтральным інстытуце фізычнай хіміі пры Акадэміі навук ГДР. — РС).

Для навуковых экспэрымэнтаў куплялі шпрыцы ў звычайных аптэках

Працаваць над дыплёмам і магістарскай у БДУ ў тыя часы было вельмі складана яшчэ і таму, што рэактывы і ўсё іншае трэба было знаходзіць самому. Але ў юнака былі матывацыя і добры навуковы кіраўнік.

«У 2011 годзе я быў на сваёй першай міжнароднай канфэрэнцыі ў нямецкім горадзе Эрлянгене. Для працы мне былі патрэбныя іголкі для шпрыцаў з мэталічнаю часткаю даўжынёй 14-16 см. Я трапіў у лябараторыю да калегі Славы Бернанта, і ён даў мне 5 ці 6 такіх наканечнікаў. Для навуковых экспэрымэнтаў куплялі шпрыцы ў звычайных аптэках. Бедната… Я чытаў на Свабодзе артыкул пра фізыка Юлю Сандамірскую: тое, што яна апісвала пра эканомію прабірак, — чыстая праўда!» — пацьвярджае Дзьмітры.

Паводле яго словаў, у Эўропе на матэрыялах не эканомяць.

«У Беларусі была жудасная праблема з рэактывамі: у 2000-я гады яны былі састарэлыя, яшчэ савецкай вытворчасьці. Калі я ўбачыў багацьце і разнастайнасьць іх у Эўропе, у мяне здарыўся проста разлад. Але мы прарваліся! Калі здолееш зрабіць працу ў складаных умовах, то і ў жыцьці зможаш дамагчыся шмат. Ну, а калі апынесься ў добрых умовах, то і горы зьвернеш!» — дзеліцца ўласным досьведам навуковец.

У чым розьніца паміж беларускай і нямецкай вышэйшай адукацыяй?

Па-першае, адказвае Дзьмітры, у эўрапейскіх унівэрсытэтах больш рэсурсаў — у параўнаньні зь Беларусьсю розьніца калясальная. «У заходніх унівэрсытэтах усё ёсьць — грэх скардзіцца на рэсурсы, абсталяваньне».

У Нямеччыне з матэматыкай у хімікаў — „абняць і плакаць“, усё вельмі дрэнна

Далей — у Нямеччыне дастаткова моцная практычная школа, усіх вучаць на прыкладах. У Беларусі на хімфаку БДУ быў вельмі добры фундамэнтальны ўзровень, адзначае Дзьмітры Фірага.

«Былі прадметы, якія, здавалася б, не патрэбныя хіміку — тая ж філязофія, якую мы вывучалі цягам чатырох сэмэстраў, калі лічыць магістратуру. Такія курсы студэнты-хімікі ў эўрапейскіх унівэрсытэтах не бяруць. Пры гэтым у БДУ была вельмі добрая матэматычная школа — нават на хімфаку высокі ўзровень. А ў Нямеччыне з матэматыкай у хімікаў — „абняць і плакаць“, усё вельмі дрэнна. Матэматыка на 1-м курсе хімічнага факультэту Бонскага ўнівэрсытэту была на ўзроўні маёй 11-й клясы», — параўноўвае навуковец.

Магістратуру Фірага скончыў у Беларусі, у асьпірантуру вырашыў паступаць у Нямеччыне.

«Я пачынаў вучыцца ў асьпірантуры ў Ляйпцыгу, там знайшоў прафэсарку ў сваёй тэме. Але неўзабаве мая куратарка пераехала ў Бон, і я сьледам за ёй. У Бонскім унівэрсытэце мне сказалі: „Вашых шасьці гадоў вучобы ў Беларусі замала, вы павінны ўзяць яшчэ 2-3 курсы і здаць два экзамэны“», — узгадвае Дзьмітры.

Пасьля хімфаку БДУ, дзе Фірага здаў больш за 40 экзамэнаў на выдатна, два іспыты — ня такая ўжо вялікая праблема. Дзьмітры узяў курсы квантавай хіміі і статыстычнай тэрмадынамікі для магістрантаў, якія ў Нямеччыне выкладалі інакш.

«Гэта быў культурны шок: у Нямеччыне экзамэн, залік здадзеныя, калі ты набраў больш за 50%. У Беларусі з такім вынікам ты атрымліваеш крыху больш за мінімальную адзнаку. Другі шок — на вусным экзамэне цябе „ганяюць“ па ўсім курсе. Ты сам-насам размаўляеш з прафэсарам, ён задае пытаньні, і хтосьці побач піша пратакол экзамэну. А ў Беларусі ты цягнеш білет, там 3 пытаньні з аднаго курсу — пашанцуе, не пашанцуе», — зноў параўноўвае навуковец.

Але, акрамя двух дадатковых курсаў, Дзьмітры мусіў напісаць дысэртацыю. Можна было зрабіць кумуляцыйную працу — шэсьць артыкулаў, агульныя ўводзіны і выснова. «Так я і абараніўся», — апавядае пра вучобу ў Ляйпцыгу і Боне Фірага.

«У нямецкай асьпірантуры была жорсткая ізаляцыя і нават зайздрасьць»

У асьпірантуры ў Ляйпцыгу беларус адчуў моцную дыскрымінацыю — ён быў там першым іншаземцам. Дзьмітры кажа, што немцам было цяжка ўсьведамляць, як новы асьпірант, маладзейшы за іх, больш пасьпяховы і ў ведах перасягае іх. Калі Фірага пераехаў у Бон усьлед за сваёй кіраўніцай, там таксама было вельмі цяжка.

«У нямецкай асьпірантуры была жорсткая ізаляцыя і нават зайздрасьць. Я напісаў адзін добры артыкул, потым другі, выканаў пасьпяховы асьпіранцкі праект», — тлумачыць навуковец прычыну такога стаўленьня.

Адзін з тых артыкулаў быў тэарэтычным, але трапіў у эўрапейскі часопіс прыкладной хіміі і быў адзначаны рэдактарамі як «hot paper» (артыкул, які шмат цытуюць неўзабаве пасьля публікацыі ў параўнаньні зь іншымі тэкстамі той жа галіны ў той жа пэрыяд. — РС).

«Так што цяжка было. Але ўсё, што нас не забівае, робіць нас мацнейшымі», — перакананы навуковец.

Адмовіўся ад прэстыжнага гранту Marie Skłodowska-Curie Actions

Пасьля асьпірантуры Дзьмітры хацеў паехаць у ЗША або ў Вялікую Брытанію — рабіць так званы postdoc (дасьледаваньні пасьля заканчэньня дактарантуры, часта з рыхтаваньнем на пасаду выкладчыка).

«Калі заканчваеш асьпірантуру, цябе як кваліфікаванага супрацоўніка прафэсар можа наняць для выкананьня сур’ёзнага праекту. Але мне не ўдалося паехаць ні ў Брытанію, ні ў ЗША зь сямейных прычынаў», — апавядае Дзьмітры.

Стала зразумела: іншаземцу стаць прафэсарам у нямецкай акадэміі амаль немагчыма

Ён застаўся ў Нямеччыне: паўтара гады працаваў у Ахэнскім інстытуце пэрспэктыўных дасьледаваньняў у галіне вылічальнай тэхнікі. «Займаўся матэматыкай замест хіміі», — прызнаецца навуковец. Ён пачаў разглядаць магчымасьці па-за акадэміяй.

«Стала зразумела: іншаземцу стаць прафэсарам у нямецкай акадэміі, асабліва калі ты мужчынскага полу, амаль немагчыма: ёсьць абавязковы працэнт для жанчын і яшчэ шмат абмежаваньняў. Самім немцам не ўдавалася заняць прафэсарскую пасаду, хоць яны былі вельмі матываваныя і адукаваныя. Ня кажучы ўжо пра тых, хто прыехаў з-за мяжы», — кажа навуковец.

Дзьмітры падаў заяўку на грант Marie Skłodowska-Curie Actions (MSCA — гэта набор вялікіх дасьледніцкіх стыпэндыяў, заснаваных Эўразьвязам і Эўракамісіяй для падтрыманьня навукоўцаў). Стыпэндыя MSCA лічыцца адной з самых прэстыжных у Эўропе для дасьледнікаў у розных навуковых дысцыплінах.

«Гэта была мая ідэя — мы падаліся разам з кампаніяй з Амстэрдаму, і я атрымаў гэты грант. Але я знайшоў працу на поўдні Нямеччыны, у Фрайбургу — у кампаніі Avant-garde Materials Simulatio, дзе дагэтуль працую.

То бок я падпісаў кантракт крыху раней, чым атрымаў самую прэстыжную ў сьвеце стыпэндыю. Я ня бачыў сэнсу скасоўваць кантракт і пераяжджаць у іншую краіну. Давялося адмовіцца ад самага прэстыжнага гранту (сьмяецца). Магчыма, я ня быў першым беларусам, хто яго атрымаў, але, імаверна, быў першым беларусам, які адмовіўся ад гэтага гранту», — з усьмешкай канстатуе навукоўца.

Nature — узровень, пра які мараць прафэсары Стэнфарду, Кембрыджу, Оксфарду

Пра адмову ад прэстыжнага гранту Дзьмітры ні разу не пашкадаваў. Ён перакананы, што знайшоў правільнае месца працы, і працаваць яму цікава. У 2023 годзе беларус Дзьмітры Фірага апублікаваў артыкул у адным з самых уплывовых навуковых часопісаў у сьвеце — Nature.

«Nature — гэта той узровень, пра які мараць прафэсары Стэнфарду, Кембрыджу, Оксфарду, MIT (Масачусэцкі тэхналягічны інстытут). Гэта вяршыня акадэмічнай кар’еры. Пакінуўшы акадэмію, я здолеў гэта зрабіць у прыватнай кампаніі. Гэта вельмі крута!» — адзначае навуковец.

Мне пашанцавала: кампэтэнцыі, якія я разьвіваў увесь час, супалі

І дадае, што гэта, аднак, вельмі цяжкая і карпатлівая праца.

«Мне пашанцавала: кампэтэнцыі, якія я разьвіваў увесь час, супалі: фізычная, квантавая, прыкладная квантавая хімія, разьліковая хімія. Спатрэбіліся і кампэтэнцыі, разьвітыя ў кампаніі — крышталяграфія, прадказаньні крышталічнай структуры і г д. Так атрымалася, што мае кампэтэнцыі апынуліся ў патрэбны час у патрэбным месцы», — Дзьмітры Фірага.

Сустрэчы з нобэлеўскімі ляўрэатамі

У 2015 годзе беларускаму навукоўцу пашчасьціла трапіць на сустрэчу з нобэлеўскімі ляўрэатамі. Такія імпрэзы — Lindau Nobel Laureate Meetings — праводзяць штогод у розных навуках: хіміі, фізыцы, матэматыцы, міждысцыплінарных навуках.

Ад 300 да 500 навукоўцаў адбіраюць для сустрэчы з 50-60 нобэлеўскімі ляўрэатамі. Звычайна гэта адбываецца на беразе Бодэнскага возера, што на поўдні Нямеччыны, каля гораду Ліндаў.

«Я кантактаваў зь японскім хімікам, ляўрэатам Нобэля за 2001 год Рёдзі Ноёры (Ryōji Noyori), які вывучаў рэакцыю асымэтрычнага каталізу.

Дзьмітры Фірага з нобэлеўскім ляўрэатам 2001 году па хіміі Р’ёдзі Ноёры
Дзьмітры Фірага з нобэлеўскім ляўрэатам 2001 году па хіміі Р’ёдзі Ноёры

Беларус сустракаўся таксама з амэрыканскім фізыкам, ляўрэатам прэміі 1978 году Робэртам Ўілсанам (Robert Woodrow Wilson), які атрымаў прэмію за адкрыцьцё мікрахвалевага рэліктавага выпраменьваньня.

Дзьмітры Фірага з нобэлеўскім ляўрэатам 1978 году ў фізыцы Робэртам Ўілсанам
Дзьмітры Фірага з нобэлеўскім ляўрэатам 1978 году ў фізыцы Робэртам Ўілсанам

«Мы чыталі раней ці то байку, ці то жарт, што яны ачышчалі антэну ад галубінага памёту, запыталіся, ці праўда гэта. Ён засьмяяўся і адказаў, што так і было, ачышчалі. У мяне ёсьць фота з гэтымі выбітнымі навукоўцамі», — ганарыцца Дзьмітры.

Распрацоўка новых лекаў зь пэрспэктывай Нобэлеўкі

Зараз Дзьмітры Фірага працуе ў Фрайбургу ў кампаніі Avant-garde Materials Simulations на пасадзе Scientific Software Developer.

«Я пачынаў як хімік з спэцыялізацыяй у фізычнай хіміі, потым займаўся тэарэтычнай хіміяй, што бліжэй да фізыкі, працаваў у інстытуце інжынэрам, дзе была і фізыка, і хімія, і матэматыка, а апошнія 7 гадоў наагул працую праграмістам, хоць прафэсійна праграмаваньня не вывучаў», — канстатуе Фірага.

Беларускі навукоўца займаецца распрацоўваньнем лекаў, а дакладней — разам з калегамі распрацоўвае навуковы софт GRACE, які дазваляе шляхам разьлікаў на вялізным кампутарным клястэры прадказваць структуру малекулярных крышталяў і іх энэргіі зь вялікай дакладнасьцю.

«Наша кампанія займаецца, так бы мовіць, прадказаньнем: мы вызначаем, ці магчымае існаваньне больш стабільнай формы для лекавых малекул. У крышталях яны могуць упакоўвацца ў розных канфігурацыях, і якая зь іх будзе больш стабільнай, лепш ведаць да таго, як прэпарат выйдзе на рынак».

Дзьмітры Фірага
Дзьмітры Фірага

«Я займаюся распрацоўкай софту, які робіць гэта ў аўтаматычным рэжыме. То бок даеш малекулу — і ён прадказвае ўсе магчымая ўпакоўкі гэтай малекулы, якія рэлевантныя і стабільныя. А потым нашы кліенты правяраюць, ці форма, якую яны распрацоўваюць, самая стабільная паводле нашага прадказаньня», — тлумачыць Дзьмітры.

Складанасьць задачы можна параўнаць з складанасьцю прадказаньня траціннай структуры бялку, адзначае навуковец. А за гэта якраз была прысуджаная апошняя Нобэлеўская прэмія ў галіне хіміі.

«Найважнейшае — стварыць радзіму вакол сябе»

Нямецкая зямля Бадэн-Вюртэмбэрг, дзе цяпер працуе Дзьмітры, яму вельмі нагадвае Беларусь. Тут процьма грыбоў, якія бабуля яго навучыла зьбіраць на радзіме, летась было шмат баравікоў. Ёсьць возера з рыбай.

«Пераяжджаць у чужую краіну вельмі цяжка псыхалягічна. Гэта адна з прычын, чаму людзі кажуць, што за мяжой дрэнна. Таму найважнейшае — стварыць радзіму вакол сябе, атачыць сябе тым, што нагадвае пра радзіму», — прызнаецца навуковец Дзьмітры Фірага.

Грыбы, назьбіраныя Дзьмітрыем
Грыбы, назьбіраныя Дзьмітрыем

«Нам з жонкай удалося гэта зрабіць у Нямеччыне. Я люблю хадзіць на рыбу, у грыбы — а побач Шварцвальд (Schwarzwald), нацыянальны парк „Чорны лес“. Адчуваем сябе ўтульна і камфортна — дзякуючы тым чыннасьцям, якімі мы займаліся і ад якіх атрымлівалі асалоду ў Беларусі».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG