Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі расказалі, калі адбудуцца супольныя з Расеяй вайсковыя вучэньні «Захад-2025»

абноўлена

Беларуска-расейскія вучэньні «Захад» у 2017 годзе. Ілюстрацыйнае фота
Беларуска-расейскія вучэньні «Захад» у 2017 годзе. Ілюстрацыйнае фота

У 2022 годзе Расея ажыцьцявіла ўварваньне ва Ўкраіну пасьля правядзеньня супольных зь Беларусьсю вучэньняў «Саюзная рашучасьць».  

У Міністэрстве абароны Беларусі ўпершыню назвалі тэрміны правядзеньня супольных з Расеяй вайсковых вучэньняў «Захад-2025».

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА з спасылкай на начальніка дэпартамэнту міжнароднай вайсковай супрацы – памочніка міністра абароны Беларусі Валера Равенкі, вучэньні адбудуцца ў сярэдзіне верасьня 2025 году.

«Вучэньні вялікія, вучэньні назіральныя — гэта больш за 13 тысяч чалавек. Мы на сёньня выпрацоўваем пазыцыю па запрашэньні дзяржаў – удзельніц АБСЭ на гэтыя вучэньні», — сказаў Валер Равенка.

У той жа час, паводле яго, запрашэньняў, пэўна, не атрымаюць дзяржавы, якія «нэгатыўна або своеасабліва» ставяцца да Венскага дакумэнту 2011 году. Сярод такіх краін ён назваў Польшчу, Эстонію, Латвію і «іншыя дзяржавы».

«Зноў жа, мы ня кажам „не“. Мы гаворым, што паглядзім на далейшыя крокі, якія будуць рабіць кіраўнікі гэтых дзяржаў і кіраўнікі абаронных ведамстваў», — падкрэсьліў Валер Равенка.

У гэтым кантэксьце прадстаўнік Мінабароны Беларусі заявіў аб гатоўнасьці аднавіць з краінамі-суседзямі ўзаемныя вайсковыя інспэкцыі, у тым ліку з Польшчай, на глыбіню 80 кілямэтраў.

«Гэта азначае, што мы гатовыя да працэсаў перамоў, да працэсаў наведваньня вайсковых частак — то бок інфармацыйны абмен — і да правядзеньня ўзаемных інспэкцый. Як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі Польшчы на глыбіню 80 кілямэтраў», — сказаў Валер Равенка.

14–16 студзеня ў Беларусі ў рамках падрыхтоўкі да вучэньняў «Захад-2025» правялі штабнае трэнаваньне Аб’яднанага камандаваньня рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) (РГВ). У часе вучэньняў адпрацоўвалі ўхваленьне рашэньня на выкарыстаньне РГВ для аховы ваеннай бясьпекі так званай саюзнай дзяржавы.

Ва Ўкраіне выказвалі думкі, што супольныя беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2025» могуць стаць пляцдармам для ваеннага ўварваньня Расеі ў краіны Балтыі.

На думку экспэртаў, Расея можа ўжо ў чэрвені 2025 году стварыць ударную групоўку на тэрыторыі Беларусі.

У 2022 годзе Расея ажыцьцявіла ўварваньне ва Ўкраіну пасьля правядзеньня супольных зь Беларусьсю вучэньняў «Саюзная рашучасьць».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG