Журналіст Аляксей Дзікавіцкі апублікаваў фота свайго апячатанага дому ў Пінску. На дзьвярах зьявілася налепка з паведамленьнем аб тым, што дом апячатаны, на яго накладзены арышт і ўваход забаронены, паведамленьне падпісанае супрацоўнікам КДБ Красоўскім.
«Хаты ў вёсцы, якую збудаваў мой дзед, у якой я гадаваўся да школы, ім мала. Даведаўся сёньня, што арыштавалі яшчэ і дом у Пінску, які перадаў мне ў спадчыну бацька. Так, той самы, на рагу вуліц Гогаля і Пралетарскай, у якім жыла ўся нашая вялікая сям’я, дзе мы зь сябрамі праяўлялі свае аматарскія фатаздымкі і слухалі мэтал, дзе ў 1990-м мама пашыла першы ў маім жыцьці бел-чырвона-белы сьцяг, адкуль я 35 гадоў таму паехаў у інстытут, а яшчэ праз восем пайшоў „выкупляць нявесту“ — будучую маю жонку. Той, у якім памерла мая бабуля.
У чым мяне абвінавачваюць, за што маюць намер пазбавіць тых старых, стогадовых дамоў, якія маюць вельмі нязначную матэрыяльную вартасьць, я дагэтуль ня ведаю»,— напісаў Дзікавіцкі.
Раней стала вядома, што Сьледчы камітэт арыштаваў драўляную хату, якую ў Пінскім раёне збудаваў сто гадоў таму дзед Аляксея Дзікавіцкага.
«Нават сталінскія ўлады не забралі дом, што збудаваў сто гадоў таму мой дзед — „вораг народу“, вязень ГУЛАГу. У лягер накіравалі, але дом пакінулі. Дом даўно быў перапісаны на мяне.
Я рос там да школы, адтуль вёз на могілкі дзядоў і бацькоў, гэта самае дарагое для мяне месца. Калісьці дзядуля з бабуляю дазволілі на шмат гадоў вучыцца там дзецям, пакуль у вёсцы будавалі школу», — расказваў раней кіраўнік Дзікавіцкі
Дакладна не вядома, у рамках якой крымінальнай справы на будынкі наклалі арышт. Раней Дзікавікі працаваў на тэлеканале «Белсат» і быў выканаўцам абавязкаў ягонага кіраўніка.