Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін беларус, які ваяваў на баку Расеі. Яго сем разоў судзілі за крадзяжы


Расейскія вайскоўцы. Ілюстрацыйнае фота
Расейскія вайскоўцы. Ілюстрацыйнае фота

Ва ўкраінскім палоне цяпер знаходзяцца прынамі пяць грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі.

Украінскія вайскоўцы захапілі грамдзяніна Беларусі Сяргея Шустава ў палон пад Тарэцкам у Данецкай вобласьці.

«Расейскае камандаваньне ня ставіла падразьдзелу беларуса канкрэтных задачаў, патрабуючы ад штурмавікоў толькі руху наперад», — паведаміў украінскі вайсковы журналіст Андрэй Цапліенка.

Журналіст апублікаваў невялікі відэазапіс, у якім Сяргей Шустаў расказаў, што сем разоў быў асуджаны за крадзяжы. У палон ён трапіў празь сем дзён пасьля таго, як пачаў ваяваць.

Сяргей Шустаў паведаміў, што ён грамадзянін Беларусі, нарадзіўся 12 студзеня 1981 году. Як вынікае зь ягонага аповеду, апошні раз ён сядзеў у Расеі. «З калёніі мяне забралі і прывезьлі сюды. Спачатку ў Варонеж, потым у Растоў-на-Доне», — сказаў ён.

Паводле яго, з Расеі яго перакінулі ў Данецкую вобласьць — у Горлаўку, а адтуль пад Тарэцк. Сяргей Шустаў ваяваў у 103-м палку, які дысьлякуецца ў Растове і ўваходзіць у 150-ю мотастралковую дывізію Сухапутных войскаў Расеі.

Сяргей Шустаў паведаміў, што ён ня меў права на адступленьне. «Назад дарогі не было ў сувязі з тым, што ззаду нашы ж нас і застрэляць», — дадаў ён.

Сяргей Шустаў стаў пятым беларусам, які ваяваў на баку Расеі і трапіў ва ўкраінскі палон. Раней украінскі бок паведамляў, што ў іх у палоне чатыры беларусы — Андрэй Лапатнёў (служыў у 123-й мотастралковай брыгадзе, напісаў заяву на расейскае грамадзянства, меў праблемы з законам праз наркотыкі), Яўген Камянькоў (падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Расеі ў канцы красавіка 2024 году, знаходзячыся ў расейскім «спэцпрыёмніку», трапіў ва ўкраінскі палон вясной 2024-га), Артур Яфрэмаў (паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці, трапіў ва ўкраінскі палон у сьнежні 2024 году) і Дзьмітры Ананчык (падпісаў кантракт з расейскай арміяй у сьнежні 2024-га і амаль адразу пасьля гэтага трапіў ва ўкраінскі палон).

Сваякі яшчэ трох грамадзян Беларусі, якія пайшлі ваяваць на баку Расеі, заявілі аб іхным зьнікненьні бязь вестак. Гэта Яўген Ільін, Міхаіл Шалгун і Андрэй Кулага. Яшчэ адзін беларус — Ігар Хасанаў, якога шукалі сваякі, пазьней знайшоўся з раненьнем у адным з шпіталяў у акупаванай частцы Луганскай вобласьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG