Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт і прэм’ер Літвы павіншавалі беларусаў з Днём Волі: «Літоўцы ведаюць цану свабодзе і дэмакратыі»


Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа

З нагоды Дня Волі прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэм’ер Гінтаўтас Палуцкас выказалі падтрымку беларускаму народу.

25 сакавіка адзначаецца Дзень Волі, гадавіна абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе.

Паводле словаў прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы, дзень 25 Сакавіка сымбалізуе ўпартасьць і рашучасьць беларускага народу змагацца за свабоду. Гэта таксама напамін міжнароднай супольнасьці аб тым, наколькі важна пасьлядоўна падтрымліваць тых, хто нястомна змагаецца за фундамэнтальныя правы чалавека і каштоўнасьці, піша delfi.lt.

«Літоўцы добра ведаюць цану свабодзе і дэмакратыі. Мы самыя прайшлі гэты шлях і лічым сваім абавязкам падтрымліваць народ Беларусі, які імкнецца стварыць свабоднае, дэмакратычнае, плюралістычнае грамадзтва. Літоўцаў і беларусаў зьвязвае векавая агульная гісторыя, а нашы народы абʼядноўвае шчырае сяброўства, праверанае часам».

«У гэты Дзень Волі Беларусі я цьвёрда веру, што перад сёньняшнімі беспрэцэдэнтнымі выклікамі воля і сіла вашага народу працягваць барацьбу за дэмакратыю застануцца моцнымі і непахіснымі, а дэмакратычная Беларусь знойдзе сваё заслужанае месца ў сямʼі эўрапейскіх краін», — сказаў прэзыдэнт Наўседа.

Кіраўнік ураду Літвы Гінтаўтас Палуцкас таксама павіншаваў беларусаў з Днём Волі:

«Мы ведаем, што свабода ня можа душыцца вечна — рана ці позна яна перамагае любыя рэпрэсіі. Сёньня мы чарговы раз заклікаем нелегітымнага лідэра Беларусі А. Лукашэнку вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зьняволеных — людзей, адзіным „злачынствам“ якіх ёсьць любоў да сваёй краіны і імкненьне да праўды».

Кіраўнік ураду Літвы Гінтаўтас Палуцкас
Кіраўнік ураду Літвы Гінтаўтас Палуцкас

«Дэмакратычная, свабодная і квітучая Беларусь — наша агульная мэта. Гэта важна не толькі для беларускага народу, але і для бясьпекі Літвы і стабільнасьці ўсяго рэгіёну, таму мы працягнем падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасьць і працаваць над тым, каб гэтае бачаньне стала рэальнасьцю», — заявіў кіраўнік ураду Літвы Гінтаўтас Палуцкас.

Ён дадаў, што Літва была і застанецца прыстанішчам для беларусаў, якія ўцяклі з краіны ад перасьледу з боку рэжыму.

«Тут яны знойдуць бясьпечную прастору для жыцьця, працы, вучобы і ўнясеньня свайго ўкладу ў стварэньне дэмакратычнай Беларусі», — сказаў на заканчэньне прэмʼер.

Эўразьвяз таксама працягне падтрымку ўсіх, хто імкнецца да дэмакратычнай будучыні Беларусі. Пра гэта заявілі ў Эўрапейскай службе вонкавых дзеяньняў з нагоды Дня Волі.

«У Дзень Волі Беларусі мы пацьвярджаем салідарнасьць ЭЗ з народам Беларусі. Мы поўныя рашучасьці працягваць падтрымліваць усіх тых, хто імкнецца да дэмакратычнай будучыні для годнай, незалежнай краіны Беларусі», — гаворыцца ў паведамленьні.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG