25 сакавіка 1918 году была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. У цырымоніі адзначэньня гадавіны падзеі ўзялі ўдзел каля 100 чалавек, у тым ліку Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, літоўскія дэпутаты, у тым ліку першы віцэ-сьпікер Сейму Юозас Олекас, замежныя дыпляматы, прадстаўнікі беларускай дыяспары.
Прагучаў беларускі гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», хвілінай маўчаньня прысутныя ўшанавалі памяць тых, хто загінуў за незалежнасьць Беларусі, перадае карэспандэнт Свабоды зь месца падзеі.
Сьвятлана Ціханоўская на мітынгу сказала, што вельмі ганарыцца бел-чырвона-белым сьцягам, які стаў сымбалем незалежнасьці і няскоранасьці беларусаў, яна згадала, як 107 гадоў таму была абвешчаная незалежнасьць Беларусі ў Менску і тады ж афіцыйна зьявіўся яе сьцяг, зь якім доўга змагаліся «сталіністы і іншыя ворагі беларушчыны».
«Але беларусы яго зноў і зноў выносілі на вуліцы. Я з гонарам гляджу на гэты сьцяг. І веру, што пакуль лунае гэты сьцяг, пакуль ёсьць беларуская мова, пакуль ёсьць нашыя саюзьнікі, такія як Літва і іншыя краіны Эўропы, ня зьнікне вера, што Беларусь як незалежная краіна адновіцца. Мы пройдзем увесь шлях да свабоды, адродзім нашую прыналежнасьць да Эўропы, да якой гістарычна належым».
Жыгімантас Павілёніс, намесьнік кіраўніка парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», у выступе на мітынгу таксама заявіў аб прыналежнасьці Беларусі да Эўропы, вітаў беларусаў як эўрапейскі народ і заклікаў іх разам з эўрапейскімі краінамі змагацца за сваю незалежнасьць.
Пасьля мітынгу ўдзельнікі акцыі на Алеі славы, дзе пасаджаныя дрэвы ў гонар беларусаў, якія загінулі за незалежнасьць, ушанавалі іх памяць.
Ціханоўская выступіла з трыбуны Сейму Літвы
Выступаючы з трыбуны Сейму Літвы, Сьвятлана Ціханоўская нагадала, што Літва адной зь першых прызнала незалежнасьць БНР у 1918-м, пазьней прыняла першы ўрад у выгнаньні, а ў студзені 1991-га ўжо беларусы разам зь літоўцамі баранілі свабоду каля парлямэнту і тэлевежы ў Вільні.
«Беларусы і літоўцы разам удзельнічалі ў вызвольных паўстаньнях супраць расейскай імпэрыі, разам праходзілі прыгнёт савецкай акупацыі. Нашае сяброўства будуецца ня толькі на геаграфіі, але на агульных ідэалах і каштоўнасьцях. І сёньня, сярод іншага, мы ўшаноўваем гісторыю нашага супольнага змаганьня за свабоду».
Нашая мэта — вырвацца з-пад расейскай акупацыі, з-пад тыраніі Лукашэнкі і вярнуць Беларусь ў эўрапейскую сям’ю народаў, сказала Ціханоўская.
«Мы разумеем, што вызваленьне Беларусі — гэта наша задача і наш абавязак. Але мы ня зможам гэтага зрабіць без саюзьнікаў».
Да такіх саюзьнікаў яна аднесла Літву, і падзякавала ўсім дзеячам, якія падтрымлівалі Беларусь.
«Дзякуй кожнаму літоўцу, хто выходзіў на акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю. Хто станавіўся ў жывы ланцуг падчас „Шляху Свабоды“ ў 2020-м. Вывешваў бел-чырвона-белыя сьцягі ў сваіх вокнах. Хто прымаў беларускіх уцекачоў, дапамагаў ім асвоіць літоўскую мову. Дасылаў словы падтрымкі ці падпісваў паштоўкі палітвязьням.
Дзякуй літоўскім журналістам і праваабаронцам, якія пішуць пра Беларусь і дапамагаюць рэпрэсаваным».
«Дзякуючы вам, мы стварылі альтэрнатыўныя інстытуты ўлады у выгнаньні і падтрымліваем рух супраціву ўнутры краіны. І хоць ужо прайшло амаль пяць гадоў, а Лукашэнка сябе паводзіць так, нібыта людзі дагэтуль пратэстуюць пад яго палацам. Ён баіцца беларусаў. І ён помсьціць вам за вашую салідарнасьць. Але гэта значыць толькі адно: вы робіце ўсё правільна».
Ціханоўская згадала гістарычныя дыскусіі й так званы «літвінізм»:
«Дазвольце мне зноў сказаць ясна і адназначна: беларусы шануюць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Літвы. І мы асуджаем усякія спробы выкарыстоўваць гісторыю як зброю.
Давайце разьдзяляць гістарычны рэвізіянізм і супольную гісторыю. Наша мінулае не павінна падзяляць нас — наадварот, аб’ядноўваць і ўзмацняць. Гэтая спадчына збліжае беларусаў з Эўропай і дазваляе нам супрацьстаяць «рускаму міру».
Ціханоўская заклікала Літву працягваць падтрымліваць Украіну.
Форум