У Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) заявілі аб новых пагрозах бясьпекі рэгіёну ў выпадку ўвядзеньня міратворчых сіл краін Эўропы ва Ўкраіну.
«У выпадку ўвядзеньня вайсковых кантынгентаў эўрапейскіх краін ва Ўкраіну ў рэгіёне непазьбежна ўзьнікнуць новыя рызыкі бясьпекі. Гэта ня можа не турбаваць асобныя дзяржавы – удзельніцы арганізацыі і саму арганізацыю таксама», — сказала прэсавая сакратарка АДКБ Натальля Харытонава.
Паводле яе, у такім выпадку АДКБ прапануе «розныя варыянты дапамогі той краіне, якая па такую дапамогу зьвернецца».
«Толькі ў поўнай адпаведнасьці з статутнымі дакумэнтамі АДКБ і адпаведна рашэньням Савету калектыўнай бясьпекі АДКБ», — падкрэсьліла яна.
У Эўропе пачалі абмяркоўваць магчымасьць увядзеньня міратворчых сіл у выпадку дасягненьня паміж Расеяй і Ўкраінай мірных дамоўленасьцяў.
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон першым з эўрапейскіх лідэраў заявіў аб магчымасьці адправіць ва Ўкраіну францускіх вайскоўцаў. Брытанскі прэм’ер Кір Стармэр адзначыў, што Вялікая Брытанія таксама гатовая накіраваць войскі ва Ўкраіну, калі разьмяшчэньне там міратворчых сілаў стане часткай магчымых мірных дамоўленасьцяў з Расеяй.
Прадстаўнік Міністэрства абароны Нямеччыны таксама ня выключыў удзелу вайскоўцаў краіны ў міратворчай місіі, аднак затым канцлер Оляф Шольц заявіў, што Бэрлін разгледзіць такую магчымасьць толькі ў тым выпадку, калі ўдзел у місіі прымуць ЗША.
Прэм’ер-міністар Швэцыі Ульф Крыстэрсан ня выключыў удзелу швэдзкіх вайскоўцаў у місіі.
Брытанія і Францыя таксама абмяркоўваюць разьмяшчэньне эўрапейскіх сіл ва Ўкраіне пасля дасягненьня мірнага пагадненьня, каб стрымаць Расею ад будучых нападаў.
- АДКБ — вайскова-палітычны блёк, мэтамі якога заяўленыя «ўмацаваньне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі і стабільнасьці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту дзяржаў-сяброў». У яго ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.
- З 2024 году Армэнія замарозіла свой удзел у палітычных і вайсковых мерапрыемствах арганізацыі.
Форум