У Арбітражным судзе Растоўскай вобласьці разглядаюць адразу тры пазовы ад беларускага прадпрыемства «Пеленг» да расейскага навукова-вытворчага комплексу «Бартавыя інтэлектуальныя сыстэмы». Усе пазовы падалі ў студзені сёлета, вынікае з даных расейскага сайту «Электроннае правасудзьдзе», заўважыла «Люстэрка».
Агулам беларускі завод спрабуе спагнаць суму, эквівалентную крыху больш за 3 млн рублёў (па курсе Нацбанку Беларусі на 21 красавіка). У двух выпадках — гэта запазычанасьць па дагаворах, падпісаных у студзені і жніўні 2022 году, і яшчэ ў адным — за 2019-ы.
Пакуль суд пасьпеў разгледзець толькі адну справу з трох, аднак рабілася гэта ў закрытым працэсе, таму рашэньне не апублікавалі.
Чым займаюцца прадпрыемствы
«Бартавыя інтэлектуальныя сыстэмы» вырабляе радыёэлектронную апаратуру, а таксама электронныя друкаваныя платы. Яна працуе з Узброенымі сіламі Расеі.
Гэтая кампанія таксама ўдзельнічала ў расейскім тэхналягічным конкурсе ў галіне стварэньня бесьпілётных транспартных сродкаў.
Беларускі «Пеленг» супрацоўнічае з расейскім вайскова-прамысловым комплексам. У прыватнасьці, ён адпраўляе ў Расею прыцэлы для танкаў, баявых машынаў, супрацьтанкавых комплексаў і сыстэмаў СПА, аўтаматаў, мінамётаў, гранатамётаў.
Прадпрыемства «Пеленг» на 48,9% належыць дзяржаве. З-за расейскай агрэсіі супраць Украіны «Пеленг» знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу, ЗША, Вялікай Брытаніі і Ўкраіны.
Форум