Такія сілы мяркуецца разьмясьціць ва Ўкраіне ў выпадку, калі будзе падпісаны мір ва Ўкраіне. Пра гэта піша The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы.
Выданьне піша аб плянах адпраўкі ва Ўкраіну да 30 тысяч міратворцаў з эўрапейскіх краін. У ЗША, якія ня маюць намеру адпраўляць туды свае войскі, папросяць прадаставіць вайсковыя рэсурсы, якіх бракуе Эўропе, каб абараніць міратворчыя сілы ў выпадку небясьпекі і перадухіліць парушэньне Расеяй рэжыму спыненьня агню.
Мяркуецца, напрыклад, што ЗША могуць задзейнічаць сыстэмы СПА ў суседніх краінах, якія будуць закрываць частку тэрыторыі Ўкраіны, а амэрыканская авіяцыя, якая базуецца ў Эўропе, магла б быць у стане гатоўнасьці на выпадак, калі эўрапейскія міратворцы апынуцца ў небясьпецы.
Таксама WSJ прыводзіць думку брытанскіх чыноўнікаў аб тым, што амэрыканская падтрымка міратворчай місіі будзе крытычна важнай для перадухіленьня расейскіх атак і падштурхне іншыя эўрапейскія краіны да адпраўкі міратворцаў ва Ўкраіну.
Хто ўжо падтрымаў міратворчыя сілы
Эманюэль Макрон першым з эўрапейскіх лідэраў заявіў аб магчымасьці адправіць ва Ўкраіну францускіх вайскоўцаў. Кір Стармэр зазначыў, што Вялікая Брытанія таксама гатовая накіраваць войскі ва Ўкраіну, калі разьмяшчэньне там міратворчых сілаў стане часткай магчымых мірных дамоўленасьцяў з Расеяй.
Прадстаўнік Міністэрства абароны Нямеччыны таксама ня выключыў удзелу вайскоўцаў краіны ў міратворчай місіі, аднак затым канцлер Оляф Шольц заявіў, што Бэрлін разгледзіць такую магчымасьць толькі ў тым выпадку, калі ўдзел у місіі прымуць ЗША.
Прэм’ер-міністар Швэцыі Ульф Крыстэрсан ня выключыў удзелу швэдзкіх вайскоўцаў у місіі.
Брытанія і Францыя таксама абмяркоўваюць разьмяшчэньне эўрапейскіх сіл ва Ўкраіне пасля дасягненьня мірнага пагадненьня, каб стрымаць Расею ад будучых нападаў.
«Ідэя заключаецца ў тым, каб разьмясьціць салдатаў на другой лініі, а не на лініі фронту. Гэта можа спалучацца з шматнацыянальнай апэрацыяй з удзелам неэўрапейскіх кантынгентаў», — сказала француская крыніца, блізкая да дыскусій.
Місія Макрона і Стармэра ў Вашынгтоне
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон сустрэнецца са сваім амэрыканскім калегам Дональдам Трампам у панядзелак у Вашынгтоне, заявіўшы, што прадставіць «прапановы адносна дзеяньняў» для супрацьстаяньня «расейскай пагрозе» ў Эўропе і забесьпячэньня міру ва Ўкраіне, піша AFP.
Макрон спадзяецца пераканаць Трампа падчас сустрэчы двух лідэраў у трэцюю гадавіну вайны ва Ўкраіне ўключыць эўрапейскіх лідэраў у перамовы паміж Расеяй і ЗША.
Макрон паспрабаваў скаардынаваць эўрапейскі адказ на раптоўны зрух у палітыцы Вашынгтона, правёўшы дзьве сустрэчы з ключавымі лідэрамі на мінулым тыдні. Расея нясе «экзыстэнцыйную пагрозу для эўрапейцаў», сказаў ён тады.
«У вас ёсьць улада, якая празьмерна ўзброілася... і працягвае ўзбройвацца», — сказаў Макрон перад ад’ездам у Вашынгтон.
«Мы ня ведаем, дзе гэта спыніцца сёння. Такім чынам, мы ўсе павінны дзейнічаць, каб стрымаць яго».
Макрон будзе прадстаўляць Эўропу ў цэлым падчас свайго візыту пасьля сустрэч зь лідэрамі ўсяго кантынэнта, сказаў AFP дарадца прэзыдэнта.
«Ён едзе ў Вашынгтон з прапановамі аб дзеяньнях, якія адлюстроўваюць збліжэньні, якія выявіліся» ў выніку перамоваў, сказаў дарадца.
Макрон імкнецца пераканаць Трампа працягваць падтрымку Ўкраіны з боку ЗША, паважаючы яе сувэрэнітэт і гарантуючы, што эўрапейскія інтарэсы цалкам улічваюцца, адзначыў дарадца.
Ён таксама імкнецца пераканаць Трампа ў тым, што Расея нясе «экзыстэнцыйную пагрозу» для Эўропы і што Пуцін «ня будзе паважаць» спыненьне агню, дадаў ён.
Макрон і прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр, які павінен наведаць Белы дом у чацьвер, каардынавалі абмен паведамленьнямі перад адʼездам прэзыдэнта Францыі ў ЗША ў гэтыя выхадныя.
Чакаецца, што Макрон і Стармэр папросяць Трампа даць «цьвёрдыя гарантыі бясьпекі» для разгорнутых сіл.
Нягледзячы на тое, што адміністрацыя Трампа выключыла магчымасьць удзелу ў ваенных дзеяньнях амэрыканскіх салдатаў, Эўропа спадзяецца, што яна можа аказаць іншую падтрымку, напрыклад матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэнне або выведніцкія дадзеныя.
Форум