У сямі кілямэтрах ад Жодзіны каля вёскі Востраў улады пачалі будаўніцтва адмысловага стаўка для назапашаньня адкідаў зь Менску.
Ролік пра будаўніцтва зьявіўся ў TikTok, заўважыла выданьне ex-press.live. Людзі патрабуюць спыніць работы і правесьці грамадзкія абмеркаваньні, баючыся за чысьціню вады, паветра і здароўе.
Ставок мае нумар 19. Штодзённа на гэты аб’ект, як піша выданьне, зьбіраюцца вазіць адкіды з каналізацыі Менску. Абмеркаваньняў і дыскусіяў вакол аб’екту не было, работы пачаліся адразу, і толькі потым пра іх дазналіся людзі.
Да бліжэйшага пункту — мікрараёну Кавальскі ў Жодзіне — 5,4 км. Да лякарні (12-ы мікрараён) — 6 км. Да водазабору «Паўночны», адкуль жодзінцы атрымліваюць пітную ваду, — каля 5 км. Да сьвідравінаў, ад якіх залежыць раён, — 4 км. Побач, у 500 мэтрах, рэчка Бродня — яна ўпадае ў Бярэзіну.
Мясцовыя жыхары лічаць, што аб’ект патэнцыйна пагражае экалягічнай бясьпецы рэгіёну.
Раней ставок N19 плянавалі разьмясьціць у Пухавіцкім, а затым у Маладэчанскім раёне. Але там мясцовыя жыхары былі загадзя праінфармаваныя, змаглі сабраць подпісы і дамагліся скасаваньня праекту. Цяпер будоўлю перанесьлі бліжэй да Барысава і Жодзіны — без публічных апавяшчэньняў.
Паводле папярэдніх зьвестак, на аб’ект штодзень будзе прыяжджаць да 50 машынаў з адкідамі. Увесьці ў эксплюатацыю яго плянуюць ужо ў 2025 годзе.
У Жодзіне і многіх бліжэйшых вёсках ужо зьбіраюць подпісы супраць будаўніцтва. Паралельна ідзе збор подпісаў за прадастаўленьне поўнай інфармацыі аб праекце і за правядзеньне грамадзкіх абмеркаваньняў, прадугледжаных экалягічным заканадаўствам.
Жыхары стварылі адмысловы тэлеграм-канал і прапануюць далучацца да збору подпісаў, каб дапамагчы абараніць чыстую ваду і паветра Жодзіны і навакольных вёсак.
Форум