Кітай увёў дадатковыя 10-15% мытныя тарыфы на амэрыканскія тавары. Акрамя таго, Пэкін аб’явіў аб пашырэньні сьпісу экспартнага кантролю, уключыўшы ў яго 15 амэрыканскіх кампаній. Яны, паводле зьвестак улад КНР, уяўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы і інтарэсам Кітая. Унясеньне ў сьпіс азначае, што ім забаронены экспарт тавараў падвойнага прызначэньня.
Канада абʼявіла аб увядзеньні люстраных 25% мытных тарыфаў і заклікала ЗША перагледзець свае тарыфы. Атава з прычыны дзеяньняў Вашынгтона таксама падала пазоў у СГА.
Прэзыдэнтка Мэксыкі Клаўдыя Шэйнбаўм заявіла, што ва ўрада ёсьць плян крокаў у адказ, але дэталі не раскрыла.
Па дадзеных Bloomberg, з прычыны новых амэрыканскіх пошлін ВУП Кітая можа зьнізіцца прыкладна на 0 5%, а экспарт — на 2,5%. У выйгрышы пры гэтым могуць аказацца краіны Паўднёва-Усходняй Азіі дзякуючы дывэрсыфікацыі ланцужкоў паставак. Напрыклад, Тайлянд пасьля прынятых Кітаем захадаў паабяцаў павялічыць імпарт сельгаспрадукцыі са ЗША.
Вашынгтон таксама мае намер увесьці пошліны і на тавары з Эўразьвязу. Як піша The Telegraph, размова ідзе аб 10-працэнтных зборах на ўсю прадукцыю. Па словах Трампа, дэфіцыт ЗША ў двухбаковым тавараабароце з ЭЗ перавышае 300 мільярдаў даляраў.
Форум