Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў 3 сакавіка, што мыты 25% на тавары з Мэксыкі і Канады набудуць моц 4 сакавіка, што ўзмацніла асьцярогі з нагоды магчымай рэгіянальнай «гандлёвай вайны» ў Паўночнай Амэрыцы і выклікала рэзкае падзеньне ключавых паказчыкаў фінансавых рынкаў, паведамляе Reuters.
Акрамя зьніжэньня амэрыканскіх фондавых індэксаў, таксама ўпалі ў цане мэксыканскі пэса і канадзкі даляр.
«Ім давядзецца плаціць мыта. Таму ім давядзецца будаваць свае аўтамабільныя заводы, шчыра кажучы, і іншыя прадпрыемствы ў ЗША, у такім выпадку мытаў ня будзе», — заявіў Трамп, выступаючы з прамовай у Белым доме.
Трамп таксама пацьвердзіў, што ён павялічыць тарыфы на ўвесь кітайскі імпарт з 10% да 20%, каб «пакараць» Пэкін за няздольнасьць спыніць пастаўкі фэнтанілу (наркатычны опіоідны анальгетык) у ЗША. Прэзыдэнт ЗША заявіў ва ўказе, што Кітай «не распачаў дастатковых крокаў для зьмякчэньня крызісу, зьвязанага зь нелегальнымі наркотыкамі».
Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША пацьвердзіла, што мыты набудуць моц у аўторак 4 сакавіка у 12:01 паводле паўночнаамэрыканскага ўсходняга часу. Імпарт з Канады і Мэксыкі будзе абкладацца 25-працэнтнымі мытамі, а для канадзкага энэргетычнага сэктару стаўка складзе 10%.
Прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо ўвечары 3 сакавіка заявіў, што Канада адкажа 25% мытамі на амэрыканскія тавары коштам 155 млрд канадзкіх даляраў (107 млрд даляраў ЗША), калі тарыфы Трампа набудуць сілу, і заклікаў Белы дом перагледзець сваё рашэньне.
Прэзыдэнтка Мэксыкі Кляўдыя Шэйнбаўм заявіла 3 сакавіка, да выступу Трампа, што ў выпадку ўвядзеньня мытаў Мэксыка таксама прыме меры ў адказ.
Форум