Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Грузіі ўхваліў новы законапраект аб «замежных агентах»


Пратэсты ў Грузіі. Архіўнае фота.
Пратэсты ў Грузіі. Архіўнае фота.

Парлямэнт Грузіі ў аўторак, 4 сакавіка, прыняў у першым чытаньні новы законапраект аб «замежных агентах», які, паводле слоў яго аўтара, дэпутата ад «Грузінскай мары» Арчыла Гардуладзэ, стаў перакладам амэрыканскага Foreign Agents Registration Act.

У адрозьненьне ад амэрыканскага закону, грузінскі варыянт будзе распаўсюджвацца толькі на юрыдычныя асобы.

У тлумачальнай запісцы да ініцыятывы ўказана, што дзейны з 2024 году закон аб замежным уплыве аказаўся недастаткова эфэктыўны — многія некамэрцыйныя арганізацыі, якія атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы, пазьбягаюць рэгістрацыі і аддаюць перавагу таму, каб несьці адказнасьць за парушэньне патрабаваньняў.

Раней парлямэнт ужо разглядаў такі законапраект, але адклікаў яго пасьля масавых пратэстаў. Аднак вясной 2024 году дакумэнт быў прыняты, нягледзячы на вэта прэзыдэнта Саламэ Зурабішвілі, якая назвала яго «па сутнасьці і духу расейскім». Закон абавязвае некамэрцыйныя арганізацыі, якія фінансуюцца з-за мяжы больш як на 20%, рэгістравацца ў спэцыяльным рэестры.

З 1 жніўня 2024 году аналягічны расейскаму закон «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву» набыў моц. Згодна з дакумэнтам, уключаныя ў яго арганізацыі павінны штогод падаваць у Міністэрства юстыцыі дэклярацыі аб даходах і расходах. За парушэньне патрабаваньняў прадугледжаны штраф у 25 тысяч лары (каля 8,5 тысячы эўра).

Прыняцьце закону суправаджалася масавымі пратэстамі, распачатымі ў красавіку мінулага году. Грузінскія ўлады заяўлялі, што закон накіраваны на ўмацаваньне дзяржаўнага сувэрэнітэту і зьніжэньне палітычнай палярызацыі. Пасьля пераадоленьня прэзыдэнцкага вэта большасьцю «Грузінскай мары» ў парлямэнце Зурабішвілі падала пазоў супраць закону ў Канстытуцыйны суд Грузіі.

Прыняты закон выклікаў нэгатыўную рэакцыю ЭЗ і ЗША. Брусэль прыпыніў працэс уступленьня Грузіі ў ЭЗ і замарозіў 30 мільёнаў эўра, прызначаных для падтрымкі абароннага сэктара краіны.

Вашынгтон таксама ўвёў візавыя абмежаваньні ў адносінах да шэрагу грузінскіх палітыкаў і супрацоўнікаў сілавых структур, а таксама перагледзеў супрацоўніцтва з Тбілісі. ЗША прыпынілі выдзяленьне 95 мільёнаў даляраў дапамогі і адклалі сумесныя вайсковыя вучэньні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG