У Міністэрстве ўнутраных спраў Грузіі пацьвердзілі затрыманьне 31 удзельніка акцыі пратэсту, якая адбылася ў Тбілісі 2 лютага.
Як паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа», усіх затрымалі ў адміністрацыйным парадку, хоць 31 студзеня ўлады дадалі да крымінальных злачынстваў блякаваньне дарог міжнароднага і ўнутранага значэньня. Улады папярэдзілі, што ў такім выпадку прадугледжана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін да 2 гадоў, а ў выпадку паўторнага або ў складзе групы — да 4 гадоў пазбаўленьня волі.
Затрыманьні пачаліся на ўскраіне Тбілісі, каля гандлёвага цэнтру Tbilisi Mall, дзе паліцыя не дазволілі пратэстоўцам спыніць аўтамабільны рух, і працягвалася на правай набярэжнай, куды ўдзельнікі акцыі перамясьціліся ў часе шэсьця. Адтуль яны накіроўваліся на праспэкт Руставелі.
Перад гэтым МУС Грузіі папярэдзіла пратэстоўцаў аб крымінальным перасьледзе ў выпадку захопу або блякаваньня ўстаноў тэлерадыёвяшчаньня, сувязі або стратэгічных аб’ектаў (артыкул 222 Крымінальнага кодэксу Грузіі). Аднак, паводле МУС Грузіі, нікому з затрыманых пакуль ня выставілі абвінавачаньняў паводле крымінальнага артыкулу.
У ноч на панядзелак стала вядома аб вызваленьні лідэра апазыцыі Ніка Мэлія, які ўсё яшчэ мае дэпутацкую недатыкальнасьць, нягледзячы на тое, што ягоная партыя «Кааліцыя за перамены» не прызнае легітымнасьць парлямэнту і адмаўляецца ў ім працаваць.
У СМІ трапілі кадры біцьця пры затрыманьнях 2 лютага. Пяцёх пацярпелых шпіталізавалі. Сілавікі, у тым ліку асабіста кіраўнік дэпартамэнту асаблівых даручэньняў, які знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі, Зьвіяд Харазішвілі, абражалі і білі пратэстоўцаў.
Заходнія палітыкі выступілі з заявамі, у якіх асудзілі затрыманьне ўдзельнікаў мірных акцый.
«Жорсткае прыдушэньне мірных пратэстоўцаў, журналістаў і палітыкаў сёньня ўвечары (2 лютага. — РС) у Тбілісі непрымальнае. Грузія не апраўдвае ніякіх чаканьняў ад краіны-кандыдаткі. ЭЗ падтрымлівае народ Грузіі ў яго барацьбе за свабоду і дэмакратыю», — напісала кіраўніца дыпляматыі Эўразьвязу Кая Калас на старонцы плятформе Х.
Гэтым допісам падзяліўся міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс. «Асуджаем жорсткія рэпрэсіі супраць мірных пратэстоўцаў. [...] Літва падтрымлівае народ Грузіі ў яго барацьбе за дэмакратыю і эўрапейскую будучыню», — дадаў ён.
Кангрэсмэн-рэспубліканец, старшыня Хэльсынскай камісіі Джо Уілсан таксама выказаў грузінскаму народу сваю падтрымку.
«Я працягваю натхняцца адважнымі людзьмі Грузіі, якія ў гэтую хвіліну выйшлі на вуліцы на 67-ы дзень масавых пратэстаў супраць незаконнага рэжыму Іванішвілі. Гэты жорсткі рэжым сфальсыфікаваў выбары, а цяпер нападае на іх, затрымлівае іх і зьдзяйсьняе набегі на іх дамы», — напісаў ён.
- У кастрычніку 2024 году кіроўная прарасейская партыя «Грузінская мара» абвясьціла пра перамогу на парлямэнцкіх выбарах у Грузіі. Грузінская апазыцыя не прызнае вынікаў гэтых выбараў і заяўляе пра фальсыфікацыі.
- У лістападзе 2024 году заява грузінскага ўраду аб прыпыненьні да 2028 году перамоваў аб уступленьні Грузіі ў ЭЗ выклікала масавыя пратэсты, на якія ўлады адказалі рэпрэсіямі.
Форум