Супрацоўнікам «Белмытсэрвісу», у якіх ёсьць сваякі за мяжой, кіраўніцтва дае падпісваць дакумэнт аб «патэнцыйнай зацікаўленасьці» імі замежных спэцслужбаў, паведаміла «Люстэрку» крыніца, знаёмая з сытуацыяй.
Паводле крыніцы выданьня, першапачаткова супрацоўнікам «Белмытсэрвісу» раздалі ўзоры заявы, у якой трэба падрабязна расказаць, хто з родных і сваякоў жыве за мяжой (лічацца нават сваякі мужа ці жонкі). Апроч імёнаў просяць указаць краіну і горад іх пражываньня, месца працы і кантактныя зьвесткі.
Пасьля гэтага, сьцьвярджае крыніца, кіраўніцтва «Белмытсэрвісу» нібыта прынесла другі дакумэнт, які работнікі мусілі падпісаць. У ім гаварылася, што большасьць краінаў, якія ўваходзяць у NATO, «нарошчваюць недружалюбныя адносіны ў адрас беларускай дзяржавы і яе грамадзян», а таксама зазначалася, што праваахоўнікі і спэцслужбы гэтых краін нібыта «на сталай аснове» зьбіраюць інфармацыю, якая «можа быць выкарыстаная для прычыненьня шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».
«З улікам наяўнасьці ў мяне сваяцкіх сувязяў з тымі, хто ўвесь час пражывае за мяжой, я і мае блізкія могуць зьяўляцца патэнцыйнымі аб’ектамі зацікаўленасьці праваахоўных органаў і спэцыяльных службаў», — сказана ў дакумэнце.
Далей прыводзіцца інструкцыя, як павінен паводзіць сябе супрацоўнік «Белмытсэрвісу» ў мэтах «выключэньня рознага кшталту правакацыяў». Па-першае, «праяўляць пільнасьць», і, калі раптам узьнікне «нестандартная сытуацыя ці «вышэйзгаданыя рызыкі і пагрозы», супрацоўнік абавязваецца «неадкладна інфармаваць» кіраўніцтва «Белмытсэрвісу» і ўпраўленьне бясьпекі прадпрыемства. Па-другое, гаворыцца ў дакумэнце, калі чалавек паедзе за мяжу, ён абавязаны «не ўступаць у кантакты зь незнаёмымі людзьмі, якія прапануюць свае паслугі, калі такія паслугі не абумоўленыя абʼектыўнай побытавай або службовай неабходнасьцю», расказала крыніца выданьня.
Што сказалі на самім прадпрыемстве
Пад выглядам жонкі аднаго з работнікаў прадпрыемства журналістка «Люстэрка» патэлефанавала ў менскую філію «Белмытсэрвісу». Па кантактным нумары адказала супрацоўніца аддзелу лягістыкі.
«Нам таксама далі такі блянк, — расказала яна. — У каго ёсьць, той запаўняе, у каго няма, не запаўняе. Да чаго гэта прывядзе, мы ня ў курсе. Калі ёсьць, то трэба проста апісаць, якія там сувязі маеце. Напрыклад, «ня маем зносінаў, але ведаем, што пражывае».
На пытаньне журналісткі, ці можна далей езьдзіць у госьці да родных за мяжу, зь якімі чалавек мае зносіны, супрацоўніца аддзелу лягістыкі «Белмытсэрвісу» адказала, што «вядома, гэта ж не забарона на выезд» і «ніхто вам не забароніць мець зносіны».
На пытаньне, ці бясьпечна ехаць за мяжу, калі ў інструкцыі напісана пра замежныя спэцслужбы, «якія ледзь не завэрбаваць могуць», супрацоўніца адказала:
«Ня ведаю, быццам бы ў нас такога не датычылася. Проста трэба апавясьціць нашу арганізацыю, ці ёсьць за мяжой родныя, зь якімі мы маем зносіны. Напрыклад, едзем адпачываць і не гатэль здымаем, а ў іх пражываем», — патлумачыла яна.
Форум