Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сустрэчы з журналістамі Лукашэнка спрачаўся пра палітвязьняў, пагражаў эмігрантам і ня змог сказаць, калі сыдзе з улады


Аляксандар Лукашэнка на ўчастку для галасаваньня ў Менску. 26 студзеня 2026
Аляксандар Лукашэнка на ўчастку для галасаваньня ў Менску. 26 студзеня 2026

26 студзеня Аляксандар Лукашэнка прагаласаваў на выбарчым участку, які разьмешчаны ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце фізычнай культуры, і адказаў на пытаньні журналістаў падчас прэс-канфэрэнцыі, якая доўжылася 4 з паловай гадзіны.

Аляксандар Лукашэнка прыйшоў на выбарчы ўчастак у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце фізычнай культуры разам з малодшым сынам Мікалаем і сабакам Умкам.

Як адзначаюць праваабаронцы, паводле закону аб адказным абыходжаньні з жывёламі, які набыў моц 1 студзеня, жывёлаў-кампаньёнаў, за выключэньнем сабак-павадыроў, забаронена праводзіць у крамы, арганізацыі аховы здароўя і адукацыі, аб’екты культуры і спорту.

Як паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА, Лукашэнка на выбарчым участку апярэдзіў пытаньне журналістаў, за каго аддаў свой голас, адказаўшы:

«Калі вы хочаце спытаць, за каго, павінен вам шчыра прызнацца — за ўсіх!».

Апазыцыя агітавала беларусаў галасаваць на гэтых выбарах супраць усіх.

Пасьля таго як Лукашэнка прагаласаваў, пачалася яго прэс-канфэрэнцыя для беларускіх праўладных і замежных журналістаў.

Пытаньне пра палітвязьняў

Журналіст брытанскай тэлерадыёкампаніі BBC Стыў Розэнбэрг пацікавіўся ў Лукашэнкі, як можна назваць выбары дэмакратычнымі, калі ягоныя самыя яркія супернікі знаходзяцца або ў турме, або ў выгнаньні, і чаму ён не адпусьціць з-за кратаў палітзьняволеных Марыю Калесьнікаву і Сяргея Ціханоўскага.

Аляксандар Лукашэнка адказаў: «Хто ў турме, хто ў выгнаньні, а ты вось тут. Гэта права выбару. Гэта дэмакратычна», — заявіў ён.

Паводле Лукашэнкі, «з краіны нікога не выганялі», а палітвязьням і ў турме нібыта «рот не закрываюць».

«Турма — гэта для тых, хто парушыў закон. Што, у Ангельшчыне ці ЗША няма турмаў? Хто парушыў закон, будзе сядзець, але нават там мы ім рот не закрываем. Марыя Калесьнікава і іншыя, пра каго ты гаворыш.

У Марыі Калесьнікавай усё нармальна са здароўем. Яе паказалі народу. Не перабірай, Стыў, у любой дзяржаве трэба несьці адказнасьць. Тыя, пра каго ты клапоцісься, па-мойму, ня вельмі хочуць на свабоду», — сказаў Лукашэнка, адказваючы на пытаньне журналіста.

Ён прызнаў, што Марыі Калесьнікавай дазволілі сустрэцца з бацькам па ягоным асабістым распараджэньні, і заявіў, што бацька Калесьнікавай «паводле закону ня меў права зь ёй сустракацца».

Лукашэнка пра рэакцыю на выбары на Захадзе

На прэс-канфэрэнцыі Лукашэнка заклікаў не зьвяртаць увагі на рэакцыю заходніх краін, якія не прызнаюць выбараў у Беларусі.

«Падабаецца гэта некаму ці не, што ў нас тут 5 кандыдатаў, што балятуецца прэзыдэнт, — народ выкажацца. Мы для народу праводзім. Трэба не зьвяртаць увагі. Мне фіялетава, прызнаеце вы нашыя выбары ці не», — заявіў ён.

Таксама падчас прэс-канфэрэнцыі Лукашэнка падкрэсьліў, што Беларусь гатовая весьці дыялёг з Эўразьвязам, «нават з тымі, хто праводзіў супраць нас агрэсіўную палітыку». На пытаньне некалькіх журналістаў пра адсутнасьць крытыкі з боку іншых кандыдатаў ён прапанаваў «прыняць такую сытуацыю».

Лукашэнка сказаў пра свой магчымы ўдзел у мірных перамовах па Ўкраіне

Падчас прэсавай канфэрэнцыі пасьля галасаваньня, адказваючы на пытаньні, Лукашэнка выказаўся наконт свайго магчымага ўдзелу ў перамовах наконт вайны ва Ўкраіне.

«Уладзімір Зяленскі пастаянна прапагандуе гарантыі і стабільнасьць у рэгіёне. Тады трэба ўлічваць інтарэс усіх бакоў, у тым ліку беларусаў. Латышы, эстонцы, палякі — усе туды рвуцца. А бяз нашага ўдзелу ня можа быць поўнай бясьпекі. Аднак каб я з глузду зьехаў, калі безь мяне будуць перамовы, — такога няма», — сказаў Лукашэнка.
Ён дадаў, што калі яго на перамовах ня будзе, то «Пуцін выкажа беларускую пазыцыю».

У Лукашэнкі спыталі пра дыялёг з апазыцыяй. Ён згадаў Канапацкую

Падчас прэс-канфэрэнцыі нямецкія журналісты запыталіся ў Лукашэнкі пра магчымы дыялёг з апазыцыяй. Ён сказаў, што гатовы гаварыць з апазыцыяй толькі ў Беларусі. І згадаў Ганну Канапацкую, якая таксама ўдзельнічае ў выбарах.

«Яе настойлівасьць падтрымліваецца некаторымі людзьмі ў нашым грамадзтве. Камуністы як бы мяне ні хвалілі, у іх ёсьць пытаньні асобныя да дзейнай улады. Зь імі я гатовы весьці дыялёг, бо ад іх нешта залежыць у краіне», — адказаў ён.

У Беларусі 26 студзеня — асноўны дзень галасаваньня. З 1994 году выбары ў Беларусі не прызнаюцца міжнароднай супольнасьцю.

Паводле міжнародных арганізацый, гэтыя выбары носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

Лукашэнка пра перадачу ўлады: Жанчына ня можа быць дыктатарам

Лукашэнка заявіў, што не хацеў ісьці на новы тэрмін. Аднак яго нібыта ўгаварыла атачэньне, у тым ліку Натальля Качанава, падчас паседжаньня Савету бясьпекі.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі пасьля галасаваньня журналіст Associated Press спытаў, каму з маладога пакаленьня Лукашэнка гатовы перадаць уладу і калі гэта адбудзецца. Перад выбарамі Лукашэнка сам пра гэта казаў.

«Маладое пакаленьне — гэта ня мой малодшы сын, і не старэйшы сын. Я казаў, што будучае пакаленьне — гэта пакаленьне маладых. Я не казаў пра пэрсаналіі, а вы адразу: „Хто гэта будзе?“. Напэўна будзе новы прэзыдэнт, але што будзе да 2030 году, я ня ведаю. Я катэгарычна супраць, каб загружаць жанчыну такой працай, жанчына ня можа быць дыктатарам», — сказаў Лукашэнка.

Калі і каму Лукашэнка гатовы перадаць уладу, ён так і не адказаў.

Лукашэнка пра ўдзел у наступных выбарах: Як скажа Качанава, так і будзе

«Я ўжо ў свой час нагаварыў, што апошнія. Я ж не магу сысьці з кляймом, што я некага спужаўся і сыйшоў. Гэта не ад мяне залежыць, калі ты сапраўдны прэзыдэнт і стаў гэтым прэзыдэнтам — забудзь пра ўсё», — сказаў ён. Лукашэнка намякнуў, што ягоны ўдзел у наступных выбарах, як і ў гэтых залежыць ад атачэньня. Некалькі разоў ён гаварыў, што пайшоў на гэтыя выбары праз тое, што на гэтым настаяла кіраўніца Савету Рэспублікі Натальля Качанава.

Таксама ён сказаў, што будзе арыентавацца на ейнае меркаваньне на наступных выбарах.

Лукашэнка пахваліўся, што іншыя кандыдаты на выбарах яго падтрымліваюць

Адказваючы на пытаньні прэсы наконт адсутнасьці на вуліцах рэклямы кандыдатаў падчас перадвыбарчай кампаніі, Лукашэнка пахваліўся іх падтрымкай. Ён сказаў, што яго падтрымліваюць Алег Гайдукевіч, Сяргей Сыранкоў. Альтэрнатыўнай кандыдаткай ён назваў толькі Ганну Канапацкую.

«Аднак Аня не ўцячэ за мяжу, яна крытыкуе ўсіх зьбеглых. Высунулі сваіх лідэраў, гэта натуральна. Мне патрэбна была іншая передвыбарная палітыка? Не. Так і атрымалася, што ў нас няма гэтага шоў і гэтых плякатаў», — заявіў Лукашэнка.

Ён назваў палітыкаў за мяжой «ворагамі» і дадаў, што «яны рыхтуюцца да 2030 году».

Пра памілаваньне палітвязьняў

Таксама Лукашэнка сказаў, што вызваліў частку палітзьняволеных не празь ціск.

«Што да палітзьняволеных, ня верце, што на мяне нехта націснуў. Мы адпусьцілі людзей, якія папрасілі пра гэта. Ёсьць хворыя, ёсьць старыя, якія яны рэвалюцыянэры? Мы ня хочам выкарыстоўваць гэты працэс, каб даць сыгнал Захаду. Пляваць я хацеў на гэты Захад», — сказаў Лукашэнка.

Ён дадаў, што будзе разглядаць і далей «просьбы аб вызваленьні». І яшчэ раз сказаў, што нібыта «палітзьняволеных у Беларусі няма», бо няма палітычных артыкулаў Крымінальнага кодэксу, і што 10 зьняволеным ён адмовіў у памілаваньні.

На гэты момант 1244 чалавек у Беларусі праваабаронцы прызналі палітзьняволенымі.

Лукашэнка паспрачаўся з журналістам аб колькасьці ўдзельнікаў пратэстных акцый у Беларусі і за мяжой

Французскі журналіст спытаў Лукашэнку, што рабіць беларусам, якія баяцца ягонай улады, але любяць Беларусь і хочуць вярнуцца дадому.

«У нас ёсьць камісія, якую ўзначальвае гэнпракурор. Няхай зьвяртаюцца да іх. Яны мне дакладуць і будзем прымаць па ім рашэньне», — сказаў ён.

Таксама Лукашэнка назваў «хлусьнёй», што ў Беларусі ў 2020 годзе пратэставалі сотні тысяч чалавек і назваў лічбу ў 47 тысяч «на піку».

Французскі журналіст абверг яго і спаслаўся на дадзеныя ААН. Агулам жа, за ўвесь час пратэстаў 2020-2021 гадоў у іх прынялі ўдзел, па падліках журналістаў, да мільёна чалавек.

Таксама Лукашэнка сказаў, што ў акцыі за мяжой у Варшаве прымае ўдзел «дзясяткі чалавек». Францускі журналіст таксама аверг ягоныя словы, спаслаўшыся на дадзеныя сваіх калег з месца падзей.

Таксама Лукашэнка пагражаў удзельнікам пратэстных акцый за мяжой, маўляў, у іх ёьць сваякі ў Беларусі.

Камісія па вяртаньні пад кіраўніцтвам гэнпракурора Андрэя Шведа была створаная ў 2023 годзе. За 2023 год у яе, па словах Шведа, зьвярнуліся 150 чалавек. У кастрычніку мінулага году Лукашэнка падпісаў ўказ аб тым, шт окамісія будзе працаваць на пастаяннай аснове. З Беларусі пасьля пратэстаў і рэпрэсій зьехалі па розных адзнаках ад некальких соцен тысяч да 600 тысяч чалавек.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG